Прапануем вашай увазе кнігі, што зусім нядаўна пабачылі свет у Выдавецкім доме "Звязда". Выбірайце!
Героі дзіцячай кнігі вершаў Ірыны Карнавухавай – няўрымслівыя і дапытлівыя, "прасунутыя" і "прагрэсіўныя" фантазёры і непаседы (напэўна, як і большасць іх равеснікаў). Яны перажываюць, што бабулі і дзядулі нічога не ведаюць пра смартфоны, пікселі і гігабайты; тлумачаць малодшым братам і сёстрам, што "гаджэты" і "гадасці" – гэта зусім не адно і тое ж; вучацца ў школе "выдатнапаводзінам и сяброўствапамнажэнню", але лянуюцца пісаць сачыненні (гэта катаванне трэба пакінуць Пушкіну і Гогалю!); здзіўляюцца, як нашы продкі раней жылі без камп'ютараў, але сумуюць без тых гульняў, якімі бавілі час іх бацькі – штандара, выбівалаў, "сакрэцікаў" з кветак… Дзяўчаткі ўяўляюць сябе прынцэсамі, якіх вызваліць з палону мілы сусед па парце, а хлопчыкі раяцца, які метад больш эфектыўны для прыцягнення ўвагі ўпадабанай знаёмай: жартам штурхнуць ці шчыра прызнацца ў сваёй сімпатыі… Адным словам (а дакладней двума) – звычайныя дзеці.
Гэтае выданне – шостая кніга з арыгінальнага па сюжэце і бліскуча выкананага ў літаратурных адносінах рамана-фэнтэзі, у якім у аўтара атрымалася злучыць у адзінае цэлае дасціпную казку з глыбокім сэнсам і дакладна выпісаны з псіхалагічнага пункту гледжання любоўны раман. Галоўныя героі – дзяўчына-сірата Залацінка, якую ў маленстве вынесла на бераг у куфары пасля караблекрушэння, і славанскі наследны прынц Юлій, асуджаны на адзіноту з-за падкопаў мачахі, – прызначаныя адно аднаму з першых старонак аповеду. Гісторыя гэтага ўзаемнага пачуцця будзе доўгай і пакутлівай, поўнай роспачы і расчараванняў, надзей і набыткаў. На кожным кроку паміж галоўным героем і гераіняй вырастае мноства разнастайных перашкод. Але... Але нездарма раман завяршаецца кнігай, што мае ў назве слова "каханне".
Этнаграфічная і гістарычная эрудыцыя аўтара дазваляюць стварыць у рамане незвычайна выпуклы, пераканаўчы свет. Ёсць тут цмок (змей) – мільгае на першых старонках першай кнігі, каб з'явіцца потым у пятай і скласці стомленыя крылы ў шостай, ёсць розныя іншыя пачвары, ёсць як быццам усё, што павінна быць па канонах жанру, і ўсё ж такі аўтар настойвае, што ў першую чаргу гэта не фэнтэзі, а казачны раман, раман характараў, гісторыя пра пастаўленага ў надзвычайныя абставіны чалавека.
Аматары Толкіна і Льюіса, знаўцы гістарычных рэканструкцый, прыхільнікі славянскага фэнтэзі, гэта кніга – для вас!
Глуха ў пушчы,
Снежна ў пушчы –
Сцюжа адгуляла…
А вавёрачцы-дачушцы
Мама вымаўляла.
Дакарала, ды з усмешкай,
Крыўдзіць не хацела:
-- На зіму было арэшкаў,
Ты ж за дзень іх з’ела.
Як вясну сустрэнем, свята?
Глянь, адны шкарлупкі…
-- Мама, я не вінавата,
Вінаваты… зубкі.
Багатыя на фантазію і выдумку, сагрэтыя цёплым гумарам кароценькія творы, што чакаюць чытачоў на старонках новай кнігі Міколы Чарняўскага, захапляюць сваёй лёгкасцю. Пісьменнік добра адчувае і разумее дзяцей. Варта толькі ўбачыць назвы кніг аўтара – "Хто сябруе з добрым днём", "Каго баіцца зубр?", "На каго сварыўся гром", "Хто пакрыўдзіў кракадзіла?", "Як зрабіць вясёлым дзень" – каб зразумець, што ён шукае (і знаходзіць!) адказы на пытанні, якія дарослым і ў галаву не прыходзяць.
Серыя "раманаў прыгодніцкіх і фантасмагарычных" вядомай беларускай пісьменніцы Людмілы Рублеўскай знаёміць чытачоў з захапляльнымі прыгодамі шляхціца Пранціша Вырвіча і яго вернага спадарожніка доктара Баўтрамея Лёдніка. Падзеі ў творах адбываюцца ў XVIII стагоддзі – у эпоху авантурыстаў і алхімікаў, рыцараў і чароўных дам, палацавых інтрыг і крывавых войнаў.
У першых трох частках галоўным героям давялося пабываць у сутарэннях Слуцка, Менска і Полацка, паездзіць у жалезнай чарапасе, вынайдзенай Леанарда да Вінчы, ажывіць ляльку-аўтамат па імені Пандора, забіць сапраўднага цмока, зарабіць грошы ў лонданскім байцоўскім клубе, разблытаць магнацкія інтрыгі вакол трона Рэчы Паспалітай, адправіцца ў падарожжа разам з чорным магам...
У чацвёртай кнізе цыкла Пранціш Вырвіч і Баўтрамей Лёднік трапляюць у Францыю, дзе Лёднік працуе разам з вядомым навукоўцам Жанам Жыліберам. Доктара ўцягваюць у таемнае таварыства, што займаецца злачыннымі аперацыямі на людзях. Пранцішу Вырвічу давядзецца рызыкнуць жыццём, каб вызваліць старэйшага сябра. А па вяртанні на радзіму – новыя прыгоды. Тут адбываецца магнацкае паўстанне супраць караля Станіслава Панятоўскага, і героі апынаюцца нібы паміж жорнамі, іх перакідвае то на адзін бок палітычных сіл, то на другі. Іх чакае сустрэча з егіпецкай прынцэсай, вандроўка ў вадзяным змеі ў падземных азёрах пад Туравам, спроба разгадаць таямніцу шлема арабскага лекара Альбукасіса… Жывая мова, непаўторная атмасфера эпохі "плашча і кінжала", неймаверныя павароты сюжэта – вы і самі не заўважыце, як станеце падарожнічаць разам са шляхціцам і доктарам.
Кніга легенд і паданняў вядомага паэта Міколы Мятліцкага расказвае пра падзеі, якія адбываліся на нашай зямлі шмат вякоў таму. А можа, некаторыя з іх і не адбываліся ніколі – хто ведае... Вось ён, Міндоўг, – замест кароны з каштоўнымі каменнямі, якую скралі разбойнікі па загаддзе польскага караля, карануецца медным абадком, выплаўленым з цяжкага падсвечніка... А вось слынны жрэц Ліздэйка тлумачыць прарочы сон князя Гедыміна як прадвесце заснавання новай сталіцы – Вільні. А князь Мсціслаўскі апантана імкнецца выкупіць бацькавы грахі (той загадаў засыпаць цудатворную крынічку), каб пазбавіцца ад Божай кары і вярнуць сабе страчаны зрок. Але большасць аповедаў у кнізе прысвечана гісторыям кахання – часцей за ўсё, на жаль, нешчаслівым. Не суджана кветцы-ружы Рагнедзе, дачцэ Рагвалода, стаць жонкай любага жаніха – бо "напіша лёс іначай, з лютай жорсткасцю крывою, быль суровую гарачай роду знатнага крывёю". Не захоча ганарлівая нявольніца Данута мяняць свабоду на скарбы і нябачаныя дары "драпежніка-пачвары" Мацейкі – і ўпадзе мёртваю ад смяротнага щдара яго нажа. Не пажадаюць чэрствыя Радзівілы даваць згоду на шлюб прыгоннай танцоўшчыцы Ганусі і прыдворнага мастака Язэпа – толькі ў абліччы дрэў, што прытуляюцца адно да аднаго, знойдуць маладыя спакой і збавенне. Не змірыцца Злая Сіла з каханнем красуні Віліяны і ўмелага краўца – і ляжа зачараваны хлопец халодным валуном "у цяжэрным супакоі", а слёз дзявочых ручаіна пабяжыць рэчкай Віліяй, з асцярогай абмінаючы стрэчныя камяні. У кожным паданні, кожнай легендзе ажывае гісторыя людзей, якія хочуць быць шчаслівымі, хочуць зберагчы сваю чалавечую годнасць, адстойваюць права кахаць і быць каханымі. А кожная містычная ілюстрацыя мастака Ігара Гардзіёнка хавае ў сабе таямнічы подых мінулых часоў.
Алена КАРПЕНКА
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.