Вы тут

Топ-5 кніг ад Выдавецкага дома «Звязда» для маленькіх чытачоў


Топ-5 кніг ад Выдавецкага дома “Звязда”, якія абавязкова прыйдуцца даспадобы маленькім чытачам.

Кажуць, што ёсць падарункі добрыя, ёсць дрэнныя, а ёсць кнігі. Мы не згодныя! Цікавая кніга – заўсёды жаданы падарунак (а навошта дарыць кепскую?). Асабліва калі выбіраеш, чым парадаваць сваіх дзяцей ці дзяцей знаёмых падчас Новага года і Калядаў. Каб дапамагчы вам не памыліцца з выбарам, мы зрабілі падборку кніг Выдавецкага дома “Звязда”, якія абавязкова прыйдуцца даспадобы маленькім чытачам. Гэтыя выданні толькі нядаўна “выйшлі” з друкарняў у вялікі свет і з вялікім задавальненнем паселяцца на вашай кніжнай паліцы!


“Бася і Піглас”. Надзя Бука

Аднойчы да дзяўчынкі Басі завітаў незвычайны госць – Піглас. Ён размаўляе бурбалкамі і харчуецца драўлянымі прышчэпкамі! Але гэта не самае дзіўнае. Акрамя Басі, Пігласа ніхто не бачыць...

Гэта казка пра добрыя ўчынкі і сямейныя каштоўнасці, пра натхненне і бязмежныя дзіцячыя фантазіі. Цуд існуе, і ён побач з намі. Да кожнага хлопчыка і дзяўчынкі можа калісьці прыляцець свой Піглас, для гэтага трэба толькі ў яго паверыць і… пакінуць на некалькі драўляных прышчэпак.


“Адна сям’я”. Роберт Мінулін

Гэта выданне – пераклад на беларускую мову вершаў знакамітага пісьменніка Татарстана Роберта Мінуліна, зроблены маладой паэтэсай Янай Явіч. Творы, змешчаныя ў кнізе, лёгкія і паветраныя, пра рэальныя рэчы паэт гаворыць з гумарам і вясёлым настроем, падказваючы нам, што лепшы сродак у барацьбе са штодзённымі “сур’ёзнасцямі”  – гэта іронія. Героі яго вершаў ведаюць прыказку пра тых, “хто рана устае”, таму прачынаюцца на золку, сустракаюць сонейка – ды... зноўку кладуцца спаць. Яны шкадуюць, што снег не ідзе летам, бо можна было б і на лыжах пакатацца, і пазагараць, і паліто зімняе не даставаць з шафы… А яшчэ яны дакладна ведаюць, хто вінаваты, калі бацькі чакаюць ад сваіх сыноў і дачок поспехаў у авалоданні музычнымі інструментамі, а ў тых атрымліваецца толькі “страшэнны віскат і мяўканне”. Ва ўсім вінваваты… мядзведзь! Бо не трэба наступаць дзецям на вушы!


“Чытанка для ласуноў”.  Укладальнік Ірына Буторына

Хто з хлопчыкаў і дзяўчынак не лічыць сябе ласуном? Хто адварочваецца ад цукерак? Каго зусім не цягнуць да стала пірагі і варэнне? Хто ніколі не аблізваецца, калі чуе пра торт ці шакаладнае марожанае? Ды хіба ж такія ёсць?! Гэта кніга для самых заўзятых ласуноў. Верш пра босыя цукеркі, скорагаворка пра эскімо і эскімосаў, апавяданне пра дзіркі ад абаранкаў, казка пра шакаладнага бегемоціка і шмат іншых прысмакаў…  Частуйцеся, калі ласка!


“Я учусь мастерить”, “Рукодельница”. Іван Сундукоў

Увесь час у руху. Увесь час з кіпучай энергіяй. Увесь час з пытаннямі. Што? Як? Чаму? Навошта? Для чаго? Калі ў вас ёсць дзеці, вы дакладна ведаеце, што гэтыя словы – пра іх. Мама шые або вяжа, і дзяўчынцы, гледзячы на яе, вельмі хочацца паспрабаваць самой. Тата рамантуе хатнюю тэхніку, і сын таксама стараецца нешта рабіць: круціць, разбірае, стукае... Юным дапытлівым чамучкам і прызначаюцца гэтыя кнігі. “Рукодельница” пазнаёміць дзяўчынак з некаторымі прыёмамі працы з іголкай, спіцамі для вязання, нажніцамі і іншымі інструментамі. У кнізе “Я учусь мастерить” можна прачытаць, што такое малаток, сякера, нажоўка, стамеска, дрыль, даведацца пра нескладаныя метады працы з імі. Праз добрыя і вясёлыя вершы дзеці змогуць у лёгкай, гульнявой форме атрымаць навыкі, якія спатрэбяцца ім у будучыні.


“Кошкин хвост”. Арнольд Дыбча

Адкуль з'явілася Баба Яга? Што не прадаецца за грошы? З-за чаго сварацца зязюлі? Ці можна пагаварыць з Месяцам? Што такое праўда і няпраўда? Ці бываюць “музычныя” мышкі (не завадныя механічныя цацкі, а сапраўдныя жывыя звяркі, якія любяць слухаць музыку)? Як стануць развівацца падзеі ў казцы, калі ў цара будзе не тры, а адразу дванаццаць сыноў? Адказы на гэтыя пытанні шукайце ў кнізе Арнольда Дыбчы!


Алена Карпенка


Загаловак у газеце: Жаданыя падарункі да Новага Года і Калядаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.