Вы тут

Самыя цікавыя матэрыялы «Звязды» за тыдзень


Н. Зігуля. «Горад на скрыжаванні дарог і эпох»

(«Звязда» ад 26 лістапада)

— Вельмі добра, што газета адсочвае выкананне дзяржпраграмы ў райцэнтрах вобласці. А ўлічваючы, што такі агляд робіцца пры дапамозе Магілёўскага аблвыканкама, хочацца параіць, каб выканкамы іншых абласцей бралі такі вопыт на ўзбраенне. Бо часта атрымліваецца, што закон існуе, а на справе нічога не робіцца. Тут бачна, што работа, можа, і не такімі вялікімі тэмпамі, але ж вядзецца. Вельмі карысным для мяне стала і знаёмства з нейкімі адметнымі асаблівасцямі гарадоў раённага падпарадкавання. Па невялічкіх замалёўках можна ў цэлым уявіць жыццё канкрэтнага населенага пункта. Лічу праект газеты вельмі пазнавальным, і не толькі для інвестараў. Так трымаць! А яшчэ абавязкова з'езджу ў Крычаў на Пацёмкінскія забавы. Цікава паглядзець на тое месца, дзе гуляла сама імператрыца.

Іван Закаблукаў, Віцебская вобласць.


С. Барысенка. «Што адбірае ў нашых мужчын 10 гадоў жыцця?»

(«Звязда» ад 30 лістапада)

— Знаёмы ўрач-уролаг расказаў неяк пра аднаго пацыента... Было таму глыбока за семдзесят пяць. Прыйшоў на прыём ды моліць: «дайце што-небудзь... можа, сэрца і не вытрымае, але ж хачу яшчэ хоць раз у раі з жанчынай пабываць, пакуль не памёр...» А тут высвятляецца, што ў нас ужо ў пяцьдзясят палова мужчын для гэтага не зусім прыдатныя. І ні ўролаг, ні віягра ім не патрэбныя. Можна было б іх пашкадаваць, але ж з якога перапалоху? Самі сябе даводзяць, штодня робяць усё магчымае, каб не затрымацца на гэтым свеце. Ды і наогул! Азірніцеся навокал: колькі недагледжаных, непрыбраных, пацёртых, безгустоўных... Мужчыны сучасныя нават ад карыесу сябе абараніць не могуць, што ўжо казаць пра іншыя выпрабаванні... Што ж рабіць нам, жанчынам, якія жадаюць жыць доўга ды... якасна? Мы ж у пяцьдзясят яшчэ... ого-го! Цукерачкі! А тут...

Святлана, г. Мінск.


С. ЯСКЕВІЧ. «У сабакі вочы пазычыўшы»

(«Звязда» ад 1 снежня)

— Прачытала і горка пасмяялася: гэта ж трэба, якія ў людзей праблемы бываюць — сабаку ўкралі за дзве тысячы долараў. Тут думаеш, як да зарплаты дацягнуць, а потым, атрымаўшы яе, заплаціць за камунальныя паслугі, аддаць частку дзецям-студэнтам і сядзець далей, нават не дазваляючы сабе марыць пра новае паліто ці боты.

А калі сур'ёзна, я на месцы супрацоўнікаў міліцыі прапажу не шукала б. Калі ў грамадзянкі ёсць грошы на такія жывыя цацкі, то няхай бы яна наймала прыватнага дэтэктыва шукаць тое, што згубіла па дурноце. А міліцэйскія сілы лепш бы задзейнічаць на іншае. Ну, напрыклад, з наступленнем зімы горш становіцца нашым адзінокім старым у вёсках. Дзеці радзей прыязджаюць, а злыдні, гатовыя пажывіцца дармовым, не дрэмлюць. Ды і ў горадзе хапае такіх людзей, якім патрэбная абарона ад злых сваякоў, ад прайдзісветаў, што выдаюць сябе за сацыяльных і медыцынскіх работнікаў. І калі яны ўбачаць, што тут часта бываюць людзі ў форме, то лішні раз падумаюць, ці варта рызыкаваць.

Марыя С, г. Кобрын.


Н. НІКАЛАЕВА. «Пакаленне «гугл»

(«Звязда» ад 27 лістапада)

— Вы пішаце: «Сучасная адукацыя будуецца не вакол фігуры настаyніка, а вакол фігуры вучня. Педагог перастаў быць адзінай крыніцай інфармацыі ў класе, а вучні больш не з'яўляюцца пасіўнымі слухачамі. У гэтай сітуацыі патрабуецца ўменне не толькі яе здабыць, але і асэнсаваць, і крытычна ацаніць. Атрымліваючы новую порцыю інфармацыі, вучні павінны навучыцца разглядаць яе з розных пазіцый, рабіць высновы адносна яе дакладнасці і каштоўнасці».

Я не магу пагадзіцца з гэтым сюжэтам. Пачнем з канца. Справа ў тым, што вучань здольны яе (інфармацыю) не толькі здабыць, але і асэнсаваць, і крытычна ацаніць , калі валодае крытэрыямі адпаведнай ацэнкі. А гэтыя крытэрыі ён можа набыць толькі ў працэсе засваення пэўных тэарэтычных ведаў. Але наша Міністэрства адукацыі ўзяло курс на вымыванне тэорыі з навучальнага працэсу, гэта па-першае. Па-другое, нельга бачыць у педагогу толькі сродак прадстаўлення і перадачы інфармацыі. Яго роля — у пераўтварэнні інфармацыі ў веды вучняў (у зразумелую ім інфармацыю), бо самастойна вучням справіцца з гэтай задачай вой як цяжка! Па-трэцяе, інфармацыю трэба разглядаць не з «розных пазіцый», а ў святле засведчаных (як гэта робіцца ў добрых падручніках), праўдзівых пазіцый. А ўвогуле, я з задавальненнем чытаю вашы матэрыялы. Але асцярожней на паваротах!

Прафесар Уладзімір Бяркоў, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.