Вы тут

Што рабіць з няякасным абуткам?


Напэўна, не адной мне падаецца, што чым болей абутку на рынку, тым складаней натрапіць на якасныя рэчы. Як быццам з нарошчваннем аб'ёмаў вытворчасці ўсё менш увагі надаецца якасці. Апошнім часам назіраецца такая тэндэнцыя, калі многія вытворцы, каб выпусціць на рынак абутак па больш прывабным кошце, закупляюць таннейшыя матэрыялы. Гэта тычыцца скуранога тавару, каркасных дэталяў. Канешне, абутак з такіх «камплектуючых» можа падвесці. Так, танныя заднікі могуць асядаць, падноскі — ламацца. Але бяда яшчэ ў тым, што звычайны пакупнік не зможа такія праблемы прадбачыць, часам гэта і спецыялісту не ўдаецца, калі такія дэталі схаваны ад вачэй, знаходзяцца ўнутры. Нават калі праблемны абутак трапляе на экспертызу, не заўсёды можна дабрацца да «ўтоеных» вытворчых дэфектаў. Усё таму, што арганалептычны метад даследавання не дазваляе псаваць тавар. У якім стане абутак трапляе на экспертызу, у такім ён і павінен застацца. Іншая справа, калі абутак амаль разваліўся...


Хто вінаваты?

Апошнія тры гады праблемы з абуткам сына пастаянна: рэдкая пара красовак у яго «выжывае» больш за месяц, ды і з чаравікамі бяда — адклейваецца падэшва. «Ат, хлопчык», — думалі мы і ніколі не спрабавалі разабрацца,чаму яго абутак рассыпаецца амаль на вачах. А між іншым, мая сустрэча з экспертам Мінскага таварыства спажыўцоў Дзмітрыем Воранавым прымусіла задумацца, а ці дзіця ў тым вінаватае.

Сапраўды, спажывец можа пашкодзіць падэшву, напрыклад недзе зачапіцца і надарваць. Але часам эксперты заўважаюць, што такія хібы — не заўсёды механічныя пашкоджанні.

«Адклейка падэшвы, расслаенне яе элементаў (падобныя праблемы бываюць з танкеткамі, платформамі, могуць адставаць краі падэшвы) — гэта ўсё вытворчыя хібы», — заўважае Дзмітрый Воранаў і паказвае мне новенькі абутак з хібамі падобнага характару, які ў таварыства прынеслі на экспертызу.

— Трэба індывідуальна разглядаць кожную сітуацыю. У большасці выпадкаў бачна, што абутак развальваецца не па віне спажыўца. Калі з падэшвамі ўзнікаюць праблемы, гэта можа сведчыць пра тое, што недзе былі парушаны тэхналагічныя аперацыі, не былі вытрыманы часовыя параметры. Магчыма, тут «схалтурылі» з клеем. Бывае, што клеевай плёнкі наогул няма. І калі клей на матэрыяле падэшвы адсутнічае, адпаведна, ён не пранік у матэрыял, —
гэта недахоп вытворчага характару.

Дарэчы, адрыў, разлом ці расслаенне падэшвы — адна з найбольш частых прэтэнзій, з якой людзі звяртаюцца ў Мінскае таварыства спажыўцоў.

Сярод самых распаўсюджаных праблем з абуткам такія:

  • разрывы, трэшчыны, адслаенне скуры;
  • адклейванне і адрыў абцасаў;
  • крывыя швы, празмернае сціранне і разрыў падкладкі;
  • праблемы з афарбоўкай абутку.

Усё гэта лічыцца вытворчым бракам, і такі тавар падлягае замене.

Калі выяўлены дэфект, вам не пазней чым за 7 дзён павінны вярнуць грошы за такі абутак. Калі не ідуць насустрач, можна пісаць прэтэнзію ў кнігу скаргаў, што тавар неналежнай якасці.

І памятайце, калі раптам вам адмаўляюць у замене няякаснага тавару, то хутчэй за ўсё спадзяюцца на тое, што чалавек далей са сваімі прэтэнзіямі нікуды не пойдзе. Але калі абутак сапраўды з бракам, магазіну куды прасцей адразу вырашыць праблему. Пры неабходнасці экспертызы на яе даецца 14 дзён. У гарантыйны тэрмін прадавец абавязаны самастойна правесці экспертызу, а па яго заканчэнні цяжар клопатаў кладзецца на спажыўца. Дарэчы, часам кошт экспертызы перавышае кошт абутку. Але калі вы выйграеце спрэчку, вам кампенсуюць такія страты. Больш за тое, закон дазволіў уключаць усе выдаткі, звязаныя з вядзеннем гэтай справы: камісіі банкаў, кошт праезду ці грошы, што пайшлі на паліва.

— Гарантыйны час выйшаў, а спажывец раптам заўважыў, што яго яшчэ не ношаны абутак няякасны. Ён можа такі тавар вярнуць у магазін?

— Так, і гэта тычыцца не толькі «некранутага» абутку. У адпаведнасці з законам спажывец мае права прад'яўляць прэтэнзіі прадаўцу, вытворцу на працягу двух гадоў з моманту продажу тавару. Калі будзе даказана, што абутак меў вытворчыя дэфекты, прадавец абавязаны кампенсаваць яго кошт.

Увага: дзеці

Магчыма, нам, бацькам, не даводзілася б так часта бегаць па майстэрнях, калі б мы не закупляліся на рынках? Іншая справа, што ў крамах падабраць на вучня сярэдняй школы абутак 40-42 памеру часам праблематычна, не заўсёды нават у дарослым аддзеле можна знайсці такія чаравікі, якія падыдуць 11-гадоваму хлопчыку. А можа проста не трэба спакушацца на абутак па «дэмакратычнай» цане? Каб зрабіць тавар больш танным, вытворцы ўсё часцей выкарыстоўваюць сінтэтычныя і штучныя матэрыялы альбо камбінуюць іх з натуральнымі. Часам па знешнім выглядзе і не адрозніш, дзе натуральная скура.

Як заўважае эксперт, нават дарагі абутак можа быць няякасным, «аднаразовым».

Алё ён цвёрда ўпэўнены: калі справа тычыцца пакупак для дзіцячых ножак, тут у першую чаргу бацькі павінны прытрымлівацца асобых правілаў.

— Абавязкова наяўнасць цвёрдага задніка, асабліва ў абутку для самых маленькіх, калі ступня фарміруецца. Невядома, чым кіруюцца бацькі, якія набываюць малым абутак наогул без задніка, сінтэтычны. Лічу, тут ёсць і віна вытворцы, ён не павінен выпускаць такую прадукцыю для дзяцей, — заўважае Дзмітрый. — Наогул, да дзіцячага абутку процьма патрабаванняў. Я яшчэ дапускаю, што верх можа быць штучным, але склад і колер падкладкі — толькі натуральнымі. Нельга фарбаваць падкладачную скуру ў дзіцячым абутку.

А калі ў дзіцяці ёсць пэўныя праблемы, неабходна прытрымлівацца рэкамендацыяй доктара. У сапраўдным артапедычным абутку вусцілка цвёрдая. Не шукайце абутак з мяккімі камфортнымі сіліконавымі вусцілкамі.
І наогул, пры выбары абутку не давярайце рэкламе: абяцаныя «хай-тэк»-тэхналогіі могуць аказацца тэхналогіямі «хай так».

Чаравікі Папялушкі

Не трэба набываць абутак, які вам падаецца нязручным. Часам прадаўцы кажуць, што ён пацягнецца. Але наўрад ці гэтая пара стане камфортнай, бо ў абутку ёсць прамежкавыя дэталі, такія як падносак, цвёрды заднік, міжпадкладачныя палотны, якія перашкаджаюць таму, каб абутак дэфармаваўся. Так, скура — гэта той натуральны матэрыял, які можа пацягнуцца, але прымусовым шляхам вы проста яе папсуяце.

Асноўнае правіла: абутак неабходна падбіраць у адпаведнасці з асаблівасцямі сваёй ступні. Але калі вы не змаглі, як у той казцы пра Папялушку, увапхнуць нагу ў чаравік, меншы за ваш памер, яго не трэба купляць. Бывае, хадзіць нязручна таму, што абутак касы, крывы. Як тлумачыць эксперт, такое здараецца, калі загатоўка была перацягнута, пакошана ў вытворчасці. Верхні кант можа ўваходзіць унутр, чаго вы не маглі заўважыць на момант пакупкі.

Нават аднолькавы тавар у адной партыі можа па-рознаму паказаць сябе на вашай назе.

Так, пэўныя чаравікі 38 памеру могуць аказацца больш камфортнымі, чым такія ж у суседняй каробцы. Натуральныя матэрыялы капрызлівыя, фізіка-механічныя ўласцівасці лістоў скуранога тавару могуць адрознівацца. І машына можа па-рознаму зацягнуць скуру нават на адной і той жа калодцы.

Сумняваецеся ў сваёй пакупцы? Пахадзіце дома па дыване, лінолеуме і г.д. (галоўнае: не на абразіўнай паверхні). У адпаведнасці з законам аб абароне правоў спажыўцоў, у вас ёсць 14-дзённы тэрмін для таго, каб вярнуць абутак без тлумачэння прычын, але толькі без слядоў нашэння, з усімі этыкеткамі, налепкамі і інш. Калі чалавек пройдзецца па асфальце, і на абутку будуць сляды эксплуатацыі, вярнуць яго ў гэты тэрмін не ўяўляецца магчымым. Але... Адна справа, калі вы прыйдзеце ў магазін з прэтэнзіямі накшталт таго, што абутак нязручны, і іншая, калі вы дакажаце, што гэта тавар неналежнай якасці і мае вытворчыя хібы.

Пафарбаваныя ногі?

Уявіце, што вы патрапілі пад дождж і сталі такіх жа колераў, як ваша амуніцыя. Добра, што такога не бывае з вопраткай, а вось чаравікі, якія фарбуюць ногі, сустракаюцца даволі часта. У памятках, што знаходзяцца ў каробках з новым абуткам, часам можна прачытаць, што гэта хібай не з'яўляецца. Але ці сапраўды так?

— А як жа санітарныя нормы? Усё ж у склад фарбавальніка ўваходзяць хімічныя рэчывы, якія могуць выклікаць раздражненні, алергічную рэакцыю. Калі абутак фарбуе — гэта вытворчы дэфект, не выраблены да канца скураны тавар. Нават ёсць ДАСТ, які тычыцца няўстойлівага пакрыцця скур. Такі абутак можна вярнуць, — заўважае Дзмітрый. — Праблемы могуць узнікнуць з ношаным таварам, але новы абутак ні ў якім разе не павінен фарбаваць. Усе фарбы павінны быць устойлівымі. Сёння многа праблем з каляровымі скурамі, але калі фарбуе чорны абутак — гэта ўжо «фініш», такога нельга дапускаць. Вытворцы абавязаны рабіць абутак устойлівым нават да дажджу, усё ж такі гэты тавар прызначаны ў першую чаргу для абароны ступні ад знешніх уздзеянняў.

— Ці ёсць сэнс «пакачаць правы», калі новы абутак у час эксплуатацыі хутка страчвае прывабны знешні выгляд?

— Пры вытворчасці такога абутку маглі быць парушаны тэхналогіі. На прадпрыемствах часам абыходзяць вільгаце-цеплавыя апрацоўкі пасля зацяжна-абцяжных аперацый, бо на іх патрабуецца шмат часу. Калі скура нацягнута, з яе трэба зняць напружанне, каб яна магла прыняць той знешні выгляд, у якім застанецца. І калі вытворцы гэтага не робяць, іх прадукцыя хутка губляе якасць. Але даказаць такі дэфект немагчыма, бо ён нідзе не прапісаны.

Між іншым, каб ваш абутак даўжэй заставаўся прывабным і больш служыў, трэба не забываць і самім пра яго клапаціцца. Стары дзедаўскі прыёмчык, каб прасушыць мокрыя чаравікі альбо пакласці іх на захоўванне — набіванне газетай, — паранейшаму застаецца адным з самых дзейсных. І ні ў якім разе абутак нельга сушыць на батарэях — пры высокіх тэмпературах актывізуецца клей, дэталі адклейваюцца, дэфармуюцца. Да таго ж у абутку павінен заставацца пэўны працэнт вільгаці, інакш тавар становіцца крохкім, скура страчвае эластычнасць, растрэскваецца...

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

dziadziula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Тэхналогіі «хай так»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.