Вы тут

Больш мадэляў, добрых і розных. Топ-8 варыянтаў вясенне-летняга абутку


Вясна і ўжо блізкае лета — добрая нагода абнавіць гардэроб. Расказваем, якія мадэлі абутку будуць актуальныя ў гэтым сезоне.


Сандалі

Мода «дзясятых» вырашыла нагадаць пра сябе, бо ў новым сезоне да нас вяртаюцца сандалі з перамычкай паміж пальцамі. Фаварыты мінулых гадоў, сёння яны будуць дарэчы глядзецца з джынсамі, шортамі, спадніцамі і сарафанамі.

Платформа

Папулярнасць абутку на платформе не праходзіць ужо некалькі сезонаў. І ў гэтым няма нічога дзіўнага: рост павялічваецца на некалькі сантыметраў, цела здаецца зграбнейшым, а рух прыносіць адно задавальненне — усё дзякуючы тоўстай плоскай падэшве. У новым сезоне яна стала большай і цяпер выдатна дапаўняе красоўкі і сабо.

З саціну

Свой крэатыў дызайнеры паказалі з дапамогай нетыповага для абутку матэрыялу — саціну. Элегантны абутак з саціну цяжка назваць практычным. Але пры добрым надвор’і пара такіх туфляў ці батфортаў прынясе сваёй уладальніцы вялікую колькасць кампліментаў і дапаможа апынуцца ў цэнтры ўвагі. Добра спалучаюцца з такім абуткам не толькі лёгкія сукенкі, але і шорты.

Адкрыты мыс

Натхнёныя рэтра, дызайнеры вырашылі вярнуць у моду і абутак з адкрытым мысам. Калі раней гэтая дэталь лічылася паказчыкам дрэннага густу, то цяпер можна смела набываць упадабаную мадэль. Мюлі з квадратным мысам, басаножкі з авангардным абцасам, саба з незвычайнай платформай — стваральнікі далі нам магчымасць разгледзець розныя варыянты новага вяснова-летняга трэнду.

Востры нос

Не засталіся без увагі і вастраносыя туфлі. У гэтым сезоне нос абутку стаў больш акуратным і элегантным — яго добра дапоўніць як невысокі абцас, так і вытанчаная шпілька. Усе папулярныя мадэлі абутку набылі цікавы нос, дзякуючы чаму ён паўстаў перад намі ў новым абліччы.

Шнуроўка

У вяснова-летнім сезоне дызайнеры вырашылі па-новаму паказаць звыклы ўсім элемент гардэроба — шнуркі. На першы погляд прымітыўны і пасрэдны, гэты аксэсуар прыцягваў да сябе ўвагу на апошніх модных паказах. Магчымасці шнуроўкі выходзяць на новы ўзровень: цяпер яна можа быць не толькі функцыянальнай, але і выступаць як элемент дэкору, абвіваць нагу зверху.

Папружкі

Чарговы трэнд гэтага сезона — абутак з папружкамі. Такая дэталь дапаможа звярнуць увагу на шчыкалатку і надасць упэўненасці сваёй уладальніцы. Колькасць і памер папружак не маюць значэння. Любая мадэль туфляў з імі зайграе новымі фарбамі.

Спартыўны стыль

Красоўкі сталі неад’емнай часткай любога гардэроба. Іх спалучаюць са свабоднай сукенкай або спадніцай, якая аблягае сцёгны. У чарадзе модных паказаў ніводны дызайнер не прайшоў міма спартыўнай эстэтыкі. Адны зрабілі акцэнт на спалучэнні кантрасных колераў, іншыя — на адкрытай пятцы і шнурках.

Лізавета МАЛЬЧУК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.