Вы тут

Ці дапамагаюць артапедычныя вусцілкі ўмацаваць здароўе?


Навошта патрэбны артапедычныя вусцілкі? Дзе іх купіць і як насіць? Ці ўсім паказаны такія вусцілкі і пры якіх дыягназах яны прызначаюцца часцей за ўсё?


Плюсы і мінусы аптэчных вусцілак

Разнастайнасць відаў уставак у абутак, якія мы ва ўжытку завём артапедычнымі вусцілкамі, вялікая. І пра кожны тып у інструкцыях для карыстальніка гаворыцца, што яны ідэальна падыходзяць «для падтрымкі ступні, палягчэння дыскамфорту, зніжэння ціску, болі, дысбалансу і іншых сімптомаў, выкліканых дэфармацыямі ступні і галёнкаступнёвага сустава». Але калі так, то як іх выбіраць? Па цане? Вытворцы? Наяўнай паталогіі?

Па-першае, вылучым дзве галоўныя катэгорыі: вусцілкі, якія можна набыць у аптэцы, без рэцэпта ўрача, і вусцілкі (ці, як іх называюць па-навуковаму, артэзы ступні), прызначаныя і падабраныя доктарам і вырабленыя па індывідуальнай замове. Плюсы гатовых вусцілак відавочныя. Яны адносна танныя, і купіць іх лёгка. Але ёсць і мінусы — такія вырабы ліквідуюць толькі невялікі дыскамфорт, аказваюць мінімальны эфект разгрузкі ступні. Індывідуальныя ж артапедычныя вусцілкі прызначаюцца доктарам пасля агляду і дыягностыкі, фарміруюцца з улікам структуры і функцый ступні пэўнага пацыента.

Мяккія, цвёрдыя, поўнаразмерныя

Гатовыя артапедычныя вусцілкі адрозніваюцца па канструкцыі: каркасныя і бескаркасныя. Мабыць, раней адрозненні былі больш заўважныя. Каркасныя мадэлі мелі цвёрдую аснову (пластык, карбон, смала, сталь і інш.). Задачай такіх вусцілак была структуральная падтрымка зводу, асабліва пры рэабілітацыі пасля траўмаў і хірургічнага ўмяшання. Але ступня — не статычная структура, і такая «падпорка» зводу парушае яе натуральныя рухі пры апоры, перакаце і адштурхванні, што пагаршае наяўныя функцыянальныя паталогіі. І таму ў сучасных каркасных вусцілках выкарыстоўваюцца больш эластычныя матэрыялы.

Бескаркасныя вусцілкі робяць з мяккага матэрыялу. У сваёй канструкцыі яны маюць рэбры жорсткасці, што дазваляе ім трымаць форму, валодаюць нядрэннымі амартызацыйнымі ўласцівасцямі і могуць прызначацца пацыентам з захворваннямі і дэфармацыямі ступняў, а таксама людзям з павышанай фізічнай актыўнасцю (напрыклад, спартсменам) або празмернай нагрузкай на ступні. Такія вусцілкі робяць хаду камфортнай, прымяняюцца пры плоскаступнёвасці, пры болях у нагах, дэфармацыі пальцаў, захворваннях суставаў і пазваночніка, пры артрытах, артрозах, цукровым дыябеце, варыкозе, а таксама рэкамендуюцца пры цяжарнасці.

Падабраць пару

Пры выбары вусцілак урач будзе абапірацца на вынікі дыягностыкі і антрапаметрычныя даныя пацыента: рост, вага, узровень і асаблівасці паўсядзённай фізічнай актыўнасці. Да ўвагі бярэцца не толькі памер нагі, але і тып упадабанага абутку: ёсць мадэлі, разлічаныя толькі на спартыўны абутак (напрыклад, аб’ёмныя двухслаёвыя або з шырокім пярэднім аддзелам), а ёсць і тыя, што выдатна падыдуць для мадэльнага абутку. Самае галоўнае — перад тым, як купіць гатовыя вусцілкі, раім звярнуцца па кансультацыю да спецыяліста: шматлікім пацыентам падыходзяць серыйныя мадэлі, калі мэта — зняць празмерную нагрузку, але пры наяўнасці дэфармацый ступні для аптымальнага тэрапеўтычнага эфекту часта патрэбныя менавіта індывідуальныя артэзы ступні, вырабленыя з улікам анатамічных асаблівасцяў канкрэтнага чалавека.

Індпашыў

Пры выяўленых дэфармацыях ступні і пашкоджанні суставаў урач прызначыць індывідуальныя артэзы ступні — вусцілкі, вырабленыя па індывідуальнай замове. Зрэшты, такія канструкцыі будуць выдатнай прафілактыкай хвароб ступняў для кожнага чалавека: яны максімальна карысныя пры любых дэфармацыях ступняў, нармалізуюць рухальныя функцыі і работу мышц усяго цела, дазваляючы хадзіць без болю і стомленасці.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.