Вы тут

У Паднябеснай добра ведаюць якасць беларускай сельгастэхнікі


Гомсельмаш сёння актыўна супрацоўнічае з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Доля сельскагаспадарчай тэхнікі прадпрыемства дасягае амаль 70% ад усяго экспарту тавараў Гомельскай вобласці ў гэтую краіну. Пра гэта расказалі ў прэс-службе Гомельскага аблвыканкама. Прадпрыемства падпісала некалькі дамоў з рознымі кітайскімі карпарацыямі аб інвеставанні грашовых сродкаў, развіцці існуючых праектаў і іншых варыянтаў супрацоўніцтва.


І на кітайскіх палетках беларускія трактары працуюць эфектыўна.

Амаль шэсць гадоў, як у Харбіне працуе сумеснае прадпрыемства Гомсельмаша і карпарацыі «DongjіnGroup». За гэты час было выраблена звыш дзвюх тысяч камбайнаў. Два гады таму ў Пекіне пачаў работу дылерскі цэнтр Гомсельмаша на базе Пекінскай кампаніі дзяржаўных саўгасаў па імпарце-экспарце. У маі мінулага года падчас афіцыйнага візіту ўрадавай дэлегацыі КНР у Беларусь на чале са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам была падпісана дамова пра стварэнне сумеснага прадпрыемства Гомсельмаша і прамысловай карпарацыі «Цзуншэнь» з адкрыццём дзвюх зборачных пляцовак у правінцыях Хэбэй і Ганьсу.

У верасні мінулага года зарэгістравана сумеснае прадпрыемства сельгасмашынабудавання і адбылося ўрачыстае адкрыццё першай зборачнай пляцоўкі ў правінцыі Хэбэй. Цяпер тут вядзецца падрыхтоўка вытворчасці і закупляецца неабходнае абсталяванне.

Запатрабаваныя ў нашых далёкіх партнёраў воўна, лён, вотруб'е, вугляроднае валакно і вырабы з яго. Апошнюю прадукцыю пастаўляе «Светлагорскхімвалакно». Вырабы фабрыкі «Спартак» і рагачоўскага завода «Дыяпраектар» таксама ведаюць спажыўцы ў КНР. Летась былі пачаты пастаўкі скурак норкі ад Калінкавіцкай зверагаспадаркі. Увогуле ж экспарт за сем першых месяцаў года склаў $3,7 млн.

Што тычыцца імпарту (за той жа час атрымана тавараў на $99,8 млн), тут асноўнымі з'яўляюцца машыны і абсталяванне, электратэхнічная прадукцыя і кабелі, вырабы з чорных металаў, каменя, пліты, лісты і вырабы з пластмасы і іншае.

Са студзеня па ліпень знешнегандлёвы абарот прадпрыемстваў і арганізацый Гомельскай вобласці з Кітаем склаў $103,5 млн, пры гэтым тэмп росту — амаль 65%. Сёння прадпрыемствы Гомельскай вобласці актыўна ствараюць сумесныя з кітайскімі партнёрамі прадпрыемствы, каб развіваць гандлёвае супрацоўніцтва і забяспечыць збалансаванасць двухбаковых сувязяў.

Смак цукерак пад брэндам «Спартак» кітайцы ўжо ведаюць. Прадукцыя прадпрыемства атрымала сертыфікацыю тавараў на кітайскім рынку. За першае паўгодддзе ў Кітай было адгружана 32 тоны прадукцыі. Дарэчы, прадпрыемства стварыла сайт на кітайскай мове, і колькасць наведвальнікаў пастаянна расце. Не выключэнне, што хутка кітайцы будуць ведаць і нашы мяса-малочныя вырабы. Адпаведны пратакол пра намеры паміж Камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта і Цзянсунскай групавой кампаніяй па замежным супрацоўніцтве падпісаны. Размова ідзе і пра экспарт мёду з Гомельшчыны ў Кітай.

У сферы крэдытна-інвестыцыйнага супрацоўніцтва на тэрыторыі Гомельскай вобласці некалькі праектаў ужо рэалізавана і многія рэалізуюцца. З Мінска да Гомеля цяпер можна даехаць на аўтамабілі за тры гадзіны, дзякуючы праведзенай рэканструкцыі дарогі М 5/Е271. Генеральным падрадчыкам праекта стала кітайская карпарацыя «Chіna road and brіdge corporatіon».

Завяршаецца будаўніцтва завода па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы на базе Светлагорскага цэлюлознага камбіната. Кошт праекта складае $902,8 млн. Фінансаванне кантракта ажыццяўляецца за кошт крэдыту экспартна-імпартнага банка Кітая. Генеральны падрадчык — кітайская кампанія інжынірынгу «CAMC».

Тэхнічнае пераабсталяванне Добрушскай папяровай фабрыкі «Герой працы» таксама падыходзіць да фіналу. Тут будзе арганізавана вытворчасць мелаваных і немелаваных відаў кардону. Фінансаванне праекта поўнасцю ажыццяўляецца за кошт сродкаў крэдыту Дзяржаўнага банка Развіцця Кітая.

На базе Гомельскага маторарамонтнага завода арганізана вытворчасць мотатэхнікі, мотакультыватараў і малалітражных рухавікоў фірмы «Хорс Мотарс» сумесна з кітайскай кампаніяй «І.І.C. ІMPORT & EXPORT CO., LІMІTED».

Зусім нядаўна ў Гомельскім аблвыканкаме прайшла сустрэча з кітайскай карпарацыяй інжынірынгу «САМС», на якой абмеркавана магчымасць будаўніцтва магістральнай вуліцы ў Гомелі працягласцю 41,35 км (з улікам будаўніцтва маста праз Сож і пяці пуцеправодаў).

Адным з буйных праектаў з прыцягненнем крэдытных рэсурсаў Кітайскай Народнай Рэспублікі з'яўляецца фінансаванне будаўніцтва ўчастка чыгункі Глушкавічы-Лельчыцы-Міхалкі. У ліпені прайшлі перамовы з кітайскай карпарацыяй CGGC «Гечжоуба», якая выказала зацікаўленасць у рэалізацыі гэтага праекта, а таксама ў распрацоўцы радовішча гранітаў каля Глушкавічаў.

Актыўна вядзецца міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, ажыццяўляецца абмен візітамі прадстаўнікоў дзелавых кругоў і ўдзел у прамысловых выставах. Заключана шмат дамоў пра супрацоўніцтва з рознымі правінцыямі. У Мазыра і Жлобіна з'явіліся гарады-пабрацімы ў Кітаі: Сюйчжоу і Ляньюньган адпаведна. Дакументы аб гэтым былі падпісаны падчас візіту дэлегацыі Гомельскай вобласці ў КНР.

Пастаянна пашыраецца міжнароднае супрацоўніцтва Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны з вядучымі ВНУ Кітая. Абмен навуковымі кадрамі стане прыярытэтам на бліжэйшы час. Сяброўскія стасункі паміж гомельскімі і кітайскімі вучонымі падтрымліваюцца на працягу чвэрці стагоддзя. Паміж ВНУ і навуковымі цэнтрамі Кітая і ГДУ імя Ф. Скарыны падпісана больш 20 дамоў пра супрацоўніцтва.

У верасні ў Гомельскі ўніверсітэт для абмену вопытам на паўгода прыбыла сям'я выкладчыкаў-матэматыкаў з педагагічнага ўніверсітэта Цзянсу. У сваю чаргу, праз тыдзень (18 кастрычніка) гомельскія маладыя навукоўцы з Беларуска-кітайскай навуковай лабараторыі па вакуумна-плазменных тэхналогіях адправяцца на стажыроўку ў Нанкінскі ўніверсітэт. Адзін з перспектыўных накірункаў супрацоўніцтва — сумесная падрыхтоўка спецыялістаў. З 2006-га па 2012 год 36 кітайскіх студэнтаў атрымалі ў Гомелі дыплом бакалаўра. Увогуле з 1992 года ў ГДУ імя Ф. Скарыны навуковую стажыроўку прайшлі 10 выкладчыкаў з КНР. 335 грамадзян гэтай краіны вучыліся ў Гомелі, з іх ступень бакалаўра атрымалі 140 чалавек, дзевяць скончылі аспірантуру і паспяхова абаранілі кандыдацкія і нават доктарскую дысертацыі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Камбайны з цукеркамі для Кітая

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.