Вы тут

УЕФА ўмоўна дыскваліфікаваў зборную Расіі


Сёння ў Францыі стартуе шосты дзень чэмпіянату Еўропы па футболе. Два паядынкі адбудуцца ў групе А, там зборная Румыніі сустрэнецца са швейцарцамі (18.55), а Францыя пазмагаецца з камандай Албаніі (21.55). Акрамя таго, пройдзе адзін матч у групе В – зборная Расіі згуляе супраць футбалістаў са Славакіі (15.55).


Аднак усё больш спартыўная частка чэмпіянату адыходзіць на другі план, бо найперш пытаннем, якое абмяркоўваюць на форумах, і самай папулярнай тэмай навінавых стужак з'яўляюцца беспарадкі, якія прайшлі ў Францыі ў дзень правядзення матча паміж зборнымі Расіі і Англіі. Дакладней, пачаліся яны яшчэ ў ноч на пятніцу, а сваёй кульмінацыі дасягнулі ў суботу. Сутычкі паміж фанатамі дзвюх зборных былі зафіксаваны яшчэ да пачатку паядынку. Месцам сутыкненняў стаў стары порт Марсэля, пазней беспарадкі перанесліся і ў чашу стадыёна. Рэакцыя футбольных улад не прымусіла сябе доўга чакаць: УЕФА адкрыў дысцыплінарную справу ў дачыненні да Расіі за масавыя беспарадкі, расісцкія паводзіны і выкарыстанне піратэхнікі. Такія абвінавачванні не сталі адмаўляць і расійскія кіраўнікі футбольнай галіны.

«Былі фаеры, была ракетніца, былі сутыкненні на трыбуне, у гэтым трэба разабрацца. Заўзятары выдатна «хварэлі», але ёсць людзі, якія прыходзяць не на футбол. Іх трэба ідэнтыфікаваць, каб нікуды не ездзілі і не хадзілі. Яны лічаць, што яны «крутыя» для кагосьці, за імі краіна ў 140 мільёнаў, гаспадыня будучага чэмпіянату свету — яны яе няславяць і лічаць гэта нармальным», — цытуюць кіраўніка расійскага футбольнага саюза Віталя Мутко расійскія СМІ.

УЕФА таксама звярнуў увагу на дрэнную работу арганізатараў з заўзятарамі і нездавальняючую работу мясцовых уладаў і паліцыі. Нагадаем, падчас беспарадкаў пацярпелі больш за 30 чалавек, тым не менш паліцэйскі прэфект дэпартамента Буш-дзю-Рон Ларан Нюньез з такім меркаваннем прадстаўнікоў УЕФА не пагадзіўся.

Маштабы прысутных у горадзе сіл паліцыі адпавядалі сітуацыі. Паліцыя дзейнічала хутка і імкліва спыняла інцыдэнты, што дазволіла пазбегнуць сур'ёзнай шкоды для горада. Усяго ў суботу было затрымана восем чалавек, раней у пятніцу мы затрымалі сем. Сярод іх прадстаўнікі розных краін, у прыватнасці брытанцы і расіяне, — паведаміў Нюньез.

А ўжо ўчора, як і чакалася, Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый вынес пакаранне за такія паводзіны заўзятараў. Зборная Расіі ўмоўна дыскваліфікавана да канца Еўра-2016 (дыскваліфікацыя будзе прыменена толькі ў выпадку паўтарэння інцыдэнтаў унутры стадыёнаў), а РФС аштрафаваны на 150 тысяч еўра.

— Пакаранне празмернае, але мы не можам на яго паўплываць. Штраф вялізны, але ў апеляцыі няма сэнсу. Не разумею, прычым тут каманда? Яна не вінаватая, каб яе караць, — пракаментаваў рашэнне УЕФА Віталь Мутко.

Загаловак у газеце: Калі ў Марсэлі кіпелі страсці

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.