Вы тут

Пра стартавыя вынікі Еўра і каляфутбольныя навіны чэмпіянату


Прэстыжны кантынентальны турнір набірае абароты, ужо прайшлі чатыры найцікавейшыя дні першынства. Чэмпіянат паспеў адзначыцца першымі скандаламі, чаканымі і не зусім вынікамі. Пачаўся святочным канцэртам на Марсавым поле, каля Эйфелевай вежы, а ўжо на наступны дзень прайшоў стартавы матч з удзелам зборнай — гаспадыні чэмпіянату, там французы былі мацнейшыя за румын — 2:1.


У наступны гульнявы дзень турніру два матчы скончыліся з мінімальнай перавагай пераможцаў — зборная Швейцарыі абгуляла Албанію (1:0), а дэбютанты Еўра, футбалісты Уэльса, былі мацнейшыя за дэбютантаў са Славакіі (2:1). Трэці матч другога гульнявога дня быў куды больш цікавым і інтрыгуючым: там сустрэліся зборныя Расіі і Англіі. Англічане адкрылі лік першымі і доўга ўтрымлівалі перавагу, але сапернікі ў самым канцы сустрэчы зрабілі лічбы на табло роўнымі — 1:1. Менавіта гэты матч і стаў першым каляфутбольным скандалам чэмпіянату.

Сутыкненні паміж расійскімі і англійскімі фанатамі ў Марсэлі пачаліся яшчэ да пачатку футбольнай сустрэчы, працягнуліся і падчас матча, і нават пасля завяршэння гульні. Па некаторых звестках замежных СМІ, у сутычках пацярпелі 35 чалавек. Саюз еўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) неадкладна адрэагаваў на падзеі і заявіў, што правядзе расследаванне ў дачыненні да Расійскага футбольнага саюза. У сваю чаргу прэзідэнт РФС Віталь Мутко заявіў, што расійскі бок, хутчэй за ўсё, будзе аштрафаваны УЕФА за паводзіны сваіх заўзятараў на трыбунах.

Наступны дзень чэмпіянату прайшоў куды спакайней, Харватыя перайграла Турцыю (1:0), Польшча была мацнейшай за Паўночную Ірландыю (1:0), а зборная Германіі не без праблем адолела каманду Украіны (2:0).

Учора ў рамках завяршэння першага тура ў групе D чэмпіён Еўропы каманда Іспаніі толькі напрыканцы гульні здолела забіць адзін гол у вароты зборнай Чэхіі. Ён і стаў пераможным. Ірландыя і Швецыя, якія адкрылі першы тур у групе Е, і мач Бельгіі і Італіі адбыліся пазней, і працягнулі супрацьстаянне ў гэтым квартэце.

Сёння дзень на Еўра абяцае быць не менш цікавым: у першым матчы згуляюць зборныя Аўстрыі і Венгрыі (18.05 па беларускім часе), працягне чэмпіянат супрацьстаянне футбалістаў Партугаліі і Ісландыі (21.55).

Тым часам мы працягваем знаёміць вас з цікавымі фактамі чэмпіянату і яго ўдзельнікаў.

  • Самай маладой камандай Еўра з'яўляецца зборная Германіі, сярэдні ўзрост немцаў — 25 гадоў і 8 месяцаў.
  • Самай «пажылой» лічыцца Ірландыя, сярэдні ўзрост там амаль 30 гадоў.
  • Самымі высокімі з'яўляюцца шведы — сярэдні рост скандынаваў 1 метр 86 сантыметраў.
  • Самая цяжкая каманда — зборная Германіі, сярэдняя вага крыху большая за 80 кілаграмаў.
  • Самы малады футбаліст турніру — Маркус Рэшфард (зборная Англіі, выступае за клуб «Манчэстар Юнайтэд»), спартсмену ўсяго 18 гадоў.
  • Самы ўзроставы гулец — варатар Габар Кіран (Венгрыя), яму 40 гадоў і 2 месяцы.
  • Самым высокім на турніры з'яўляецца галкіпер Костэл Панцілемон (Румынія), яго рост 2 метры 3 сантыметры.
  • Самым нізкарослым лічыцца атакуючы футбаліст Італіі Ларэнца Інсінье — 1 метр 63 сантыметры.

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Прывітанне з Францыі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.