Вы тут

500 вакансій з жыллём штомесяц прапануюць вясковыя наймальнікі


Летась, каб атрымаць працу і жыллё, 154 сям'і перасяліліся ў сельскую мясцовасць. Прычым 18 з іх пераехалі з буйных гарадоў, такіх як Гродна, Магілёў, Віцебск, Гомель, Баранавічы. Усяго за мінулы год службы занятасці пасадзейнічалі ў перасяленні на новае месца жыхарства і працы 168 сем'ям беспрацоўных.


Прапіску часцей змянялі жыхары Віцебскай і Мінскай абласцей. Там на пераезд вырашыліся 55 і 45 сем'яў адпаведна. У Гомельскім рэгіёне прапановай перасяліцца скарысталася 31 сям'я беспрацоўных, у Гродзенскім і Магілёўскім — па 15, на Брэстчыне — 7. 84,5 працэнта з іх змянілі прапіску ў межах адной вобласці. Тыя ж, хто выбіраў іншы рэгіён, пераязджалі пераважна на Міншчыну.

У складзе пераселеных сем'яў — 289 чалавек. З іх 207 у працаздольным узросце. Сярэдні ўзрост перасяленцаў — 34 гады. Часцей за ўсё наймальнікі запрашалі іх уладкавацца на спецыяльнасці аператараў машыннага даення, жывёлаводаў і трактарыстаў.

Беспрацоўным, якія пераязджаюць на новае месца, выплачваюць дапамогу ў памеры сямі бюджэтаў пражытковага мінімуму (на сёння гэта амаль 11,5 мільёна рублёў). Фінансуецца ўсё за кошт сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, прадугледжаных на мерапрыемствы па забеспячэнні занятасці.

— Таксама пакрываюцца выдаткі па праездзе, перавозу маёмасці, дадатковыя асабістыя расходы на час знаходжання ў дарозе. Пры перасяленні сям'і, у складзе якой некалькі беспрацоўных, указаныя выплаты робяцца кожнаму з іх (пры ўмове, што з імі заключаны дагаворы і прадастаўляецца гарантаванае рабочае месца), — тлумачаць падрабязнасці працэдуры ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны.

Яшчэ два бюджэты пражытковага мінімуму (каля 3,3 мільёна) выдаюцца дадаткова беспрацоўным, што з гарадоў пераязджаюць у сельскую мясцовасць, малыя і сярэднія гарадскія паселішчы і гарады-спадарожнікі.

Актуальную інфармацыю па свабодных месцах з жыллём можна атрымаць на сайце Агульнарэспубліканскага банка вакансій. Штомесяц там размяшчаецца больш за пяцьсот прапаноў з прадастаўленнем квадратных метраў у сельскай мясцовасці.

lubneuskaya@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Па працу — у вёску

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.