Вы тут

Чаму дыеты доўга не працуюць


Памятаю, на курсах для фітнес-інструктараў нам чыталі лекцыю па правільным харчаванні. Ужо было гадзін восем вечара, калі зграбная жанчына за 50 расказвала нам пра тое, што трэба пазбягаць смажанага, есці дробнымі порцыямі і, увогуле, наша сённяшняя вячэра мусіла адбыцца гадзіну таму. Апошняе сцвярджэнне падтрымкі ў будучых трэнераў не знайшло. Бо, калі хочацца есці, не ісці ж спаць галоднымі! Я, напрыклад, гадзін у 10 звычайна вячэраю (але кліенткам пра гэта не расказваю).


Калі шчыра, то я не люблю правілаў. Няма сярод іх такіх, якія былі б аднолькава добрымі для ўсіх. Дый самі навукоўцы «блытаюцца ў паказаннях». Напрыклад, ці можна есці пасля вячэрняй трэніроўкі? Многія дзяўчаты ўпэўнены, што не. П'юць перад сном гарбату ўпрыкуску з грэйпфрутам, каб не сарвацца на катлеты. І яшчэ шмат да якіх хітрыкаў звяртаюцца, каб падмануць голад (а я ўпэўнена, што гэта сапраўды ён, бо падчас заняткаў вы траціце шмат энергіі). А ёсць погляд, што ўсе гэтыя ахвяры дарэмныя. Занадта доўгі перапынак паміж прыёмамі ежы вымушае арганізм пераключыцца ў рэжым «выжывання» і яшчэ менш ахвотна губляць лішнія кілаграмы.

Гэты ж рэжым уключаецца, калі рэзка абмяжоўваеш сябе ў харчаванні. Праўда, тут яшчэ і псіхалагічны фактар спрацоўвае. Самі разумееце, як хочацца забароненага. Калі ў падлеткавым узросце вучылася трымаць сябе ў руках (а хто з дзяўчат у гэты перыяд задаволены сваёй знешнасцю?), думкі былі толькі пра шакалад і блінцы са смятанай. Адразу скажу — усе мае спробы тады скончыліся правалам. Таму цяпер, калі хтосьці з дзяўчат цікавіцца, як пахудзець, ніколі не раю цалкам адмаўляцца ад нейкіх прадуктаў.

Ці вось яшчэ адно распаўсюджанае правіла — піць каву і гарбату без цукру. Відаць, іспанскім нейрапсіхолагам яно вельмі не спадабалася, бо яны даказалі адваротнае. На думку навукоўцаў, у каве без цукру ніякай карысці. «Магія» адбываецца толькі пры камбінацыі глюкозы і кафеіну. Менавіта падсалоджаны напой павышае актыўнасць аддзелаў мозга, якія адказваюць за памяць і канцэнтрацыю. І аднаўляе мышцы пасля інтэнсіўных трэніровак. Ну і каму верыць?

Ведаеце, як хутка стаць папулярным? Распрацуйце сваю дыету. Колькі іх ужо было — крамлёўская, шакаладная, кефірная, па групе крыві — і кожная знаходзіла безліч прыхільнікаў. Нават самая абсурдная. Пра тлушчавую дыету не чулі? Польскі ўрач, які яе прапанаваў, запэўніваў: каб пахудзець, трэба налягаць на тлушчы! Таму ў рацыёне абавязкова мусіць быць мяса, сала, бекон, смятана. І ніякай табе гародніны, аўсянкі і вотруб'я. Гэта ж мара! Адзін толькі мінус (а, дакладней, два): удар па печані і непрыемны пах ацэтону ад цела.

Дарэчы, пра сала. Здавалася б, шкодна і кропка. Але вось вам прыклад з жыцця. Мая мама — тэрапеўт, між іншым — аматарка сала. Бярэ яго з сабой на працу ў якасці перакусу. Халестэрын у норме. У той жа час некаторыя дыетычныя прадукты не такія карысныя, як прынята думаць. Той жа абястлушчаны тварог, які нахвальваюць дыеты, горш засвойваецца і змяшчае больш хімічных дабавак (трэба ж захаваць смак). Затое варыянт з дзевяццю працэнтамі тлушчу лічыцца ідэальным.

Увогуле, я за тое, каб ежа прыносіла задавальненне. Чаму дыеты доўга не працуюць? Таму што ўсе гэтыя сняданкі па раскладзе, порцыі па 95 грамаў і брокалі, якую раяць жаваць у любой сітуацыі (хоць яна насамрэч смачная!), не радуюць. Па тэлевізары цяпер рэкламуюць сістэму харчавання ад вядомай тэлевядучай. Прадаюць каробачкі з наборам страў на тыдзень і абяцаюць: гэтае меню дапаможа вам пахудзець. Па-першае, істотна пазбавіцца ад тлушчу за такі кароткі прамежак часу вы не паспееце. Па-другое... Вы ж разумееце, якіх бы памераў была каробка, калі б у яе наклалі звычайных прадуктаў на 28 прыёмаў ежы? Таму кожная страва ў наборы — у выглядзе сухога парашку. Сумняваюся, што можна доўга пратрымацца на гэтых непрывабных разведзеных сумесях, няхай яны і дастаткова сытныя. Хоць само меню варта ўзяць на заметку.

Мне здаецца, харчаванне мусіць быць інтуітыўным (не, калі вам пастаянна хочацца булак — гэта не інтуіцыя). Арганізм сам разумее, калі і што трэба з'есці. Чым шукаць чарговую дыету, варта прыслухацца да сябе. Навучыцца адрозніваць голад ад нуды. Своечасова ўставаць з-за стала. Есці, не спяшаючыся, бо пачуццё сытасці прыйдзе толькі праз хвілін пятнаццаць. Не запіваць торт гарбатай, так меней улезе. Згодна, зноў мы аб правілах. Але, заўважце, яны вас не абмяжоўваюць. Таму і прытрымлівацца іх куды прасцей. Пайду паем...

Загаловак у газеце: Слухайце свой арганізм

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.