Вы тут

Як аднавіць форму і самаадчуванне пасля доўгіх свят


Розных спраў — процьма, а цяжар у страўніку, хворая галава і стомленасць не дазваляюць, як след, засяродзіцца на працоўных праблемах. У давяршэнне да ўсяго — «сумленне душаць» лішнія кілаграмы. Што рабіць? Карысныя парады тым, хто ў першыя дні студзеня адчуў на сабе наступствы пераядання, далі спецыялісты.


Фота: pexels.com

Менш ежы

— Цяжар у страўніку — часты сімптом, яго адзначаюць і ў час святаў, і пасля іх, і па-за святамі. Калі ў чалавека няма ўстаноўленых дыягназаў і хвароб, і гэта разавая сітуацыя, то варта проста абмежаваць прыём ежы — і ўсё, — раіць прафесар кафедры агульнай ўрачэбнай практыкі з курсам герыятрыі БелМАПА Наталля Сілівончык.

Нярэдка ахвотныя пахудзець, асабліва пасля доўгіх святаў, прыбягаюць да розных дыет. Аднак ці выйсце гэта і ці варта імі захапляцца?

— Цікаваць да розных дыет звязана з жаданнем штосьці атрымаць асаблівым спосабам. Насамрэч усё нашмат прасцей: есці звычайную ежу, але менш і менш. Дастаткова ўсяго толькі паступова скарачаць свае порцыі і — кілаграмы сыйдуць. Зразумела, гэта не так цікава, таму людзям хочацца нейкага цудадзейнага спосабу. Адсюль і цікавасць да ўсялякіх дыет, — адзначае Наталля Сілівончык. 

Пры гэтым разнастайна і правільна прыгатаваны стол дапаможа, як ні парадаксальна, пазбегнуць абжорства.

— Усім нам хочацца смачненькага, але яно мусіць быць прадуманым. Разнастайна і правільна прыгатаваны стол, дзе ёсць стравы на розны густ — салодкае, салёнае, горкае, кіслае — дае насычэнне і не вядзе да пераядання. І тут важна памятаць, што ўсяму мусіць быць мера: пераядаць нельга, а абжорства супрацьпаказана, — дадае дацэнт 2-й кафедры ўнутраных хвароб БДМУ, кандыдат медыцынскіх навук Валянціна Курчанкова.

Ферменты пахудзець не дапамогуць

Яшчэ адно спрэчнае пытанне — прымяненне ферментаў. Ці дапамогуць яны тым, хто марыць скінуць пару-тройку кілаграмаў пасля свят?

— Калі вы пераелі і хочаце не паправіцца, паляпшаць страваванне не правільна. Ферменты прызначаны для таго, каб усё добра ператравілася і ўсмакталася. Калі чалавек, які баіцца набраць вагу, пераеў і наверх ужывае ферменты, дык у чым сэнс? Ферментныя прэпараты эпізадычна можна прымяняць, але гэта не дапамагае зменшыць масу цела, — кажа Наталля Сілівончык. 

Некаторыя спосабы пахудзення могуць быць смяротна небяспечнымі

Артыкулы аб новых дыетах становяцца бэстсэлерамі, квітнеюць продажы разнастайных працэдур з прэпаратамі, якія абяцаюць лёгка і проста спаліць ненавісныя празмернасці. Напрыклад, сухое галаданне, падчас якога трое сутак нельга не толькі есці, але і піць. Так, гэта цяжкае выпрабаванне, затое нібыта арганізм пачынае расходаваць у якасці паліва ўласны тлушч. Дык няўжо ўсё настолькі проста? 

Сухі спосаб галадання распрацавалі яшчэ ў савецкія гады. У адной з маскоўскіх бальніц у 1970-я сапраўды працавала цэлае аддзяленне лячэбнага галадання, і туды марылі патрапіць пацыенты з лішняй вагай са ўсяго Саюза. Прынцып працы гэтай дыеты таксама абгрунтаваны навукай, тлумачаць эндакрынолагі. Пазбавіўшыся харчавання, арганізм пераключаецца на тлушчавыя запасы.

Тым часам гэты спосаб галадання экстрэмальны. Дваццацігадовая расійская пісьменніца Аліна Баталава, спрабуючы скінуць кілаграмы, якія ёй здаваліся лішнімі, проста памерла ад голаду. Бо праз 12 гадзін сухой дыеты мозг, сэрца і ўсе органы пачынаюць пакутаваць ад абязводжвання.

Вінаватыя гармоны

Часам чалавек не худзее, нягледзячы на абмежаванні ў харчаванні і заняткі спортам. У тым, што кілаграмы ўпарта не сыходзяць, могуць быць вінаватыя гармоны. Напрыклад, чым менш шчытападобная залоза вылучае гармонаў Т3 і Т4, якія адказваюць за хуткасць метабалізму, тым больш пажыўных рэчываў арганізм адкладае ў запас у тлушчавыя клеткі.

А яшчэ тармазіць пахудзенне можа няправільны баланс мужчынскіх і жаночых гармонаў. Аб гэтым збоі ў арганізме ўрачы, дарэчы, часам могуць зрабіць выснову, проста агледзеўшы пацыента: калі тлушчу зашмат на баках і сцёгнах, значыць, у лішку жаночыя гармоны — эстрагены, а калі растуць жывот, плечы, складкі на спіне, вінаваты лішак мужчынскага гармону тэстастэрону. А бывае, што яны ў норме, аднак узровень гармону стрэсу зашкальвае.

Большасць марыць схуднець хутчэй і прасцей. Таму кожны студзень новыя рэкорды абнаўляюць продажы БАДаў. Аднак экспертыза гэтых сродкаў выявіла забароненыя кампаненты, здольныя спыніць сэрца.

Тэма пахудзення заўсёды будзе хітовай. Аднак рэальныя даследаванні і новыя дадзеныя аб працы арганізма даказваюць, што не толькі ў зніжэнні калорый крыецца поспех. Дыеты, прэпараты і нават практыкаванні ў спартзале не павінны псаваць здароўе, але могуць зрабіць гэта вельмі лёгка. Таму давядзецца назапасіцца воляй і цярпеннем. Імгненных цудаў у справе пахудзення без шкоды здароўю не бывае.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.