Вы тут

Як правільна харчавацца дзіцяці, каб быць здаровым і бадзёрым?


Што ўключае ў сябе здаровае харчаванне? Правільнае харчаванне — гэта паўнавартасны рацыён, у якім павінны прысутнічаць усе неабходныя прадукты. Задача бацькоў — накарміць дзіця правільным сняданкам і вячэрай, пакласці з сабой не толькі смачны, але і карысны перакус. Дзіця павінна есці не менш за 4 разы ў дзень, прычым тры з іх абавязкова павінны ўключаць у сябе гарачыя стравы.


Галоўнае ў харчаванні школьніка — захаванне рэжыму і адпаведнасць колькасці ежы энергазатратам дзіцяці.

Што неабходна есці дзіцяці кожны дзень? 

  • Кожны дзень у меню  павінны быць садавіна і гародніна, малако і малочныя прадукты, збожжавыя прадукты (хлеб, кашы, шматкі);
  • 1-2 разы на тыдзень пажадана есці рыбу;
  • 1 раз на тыдзень — чырвонае мяса (такое, як ялавічына), а ў астатнія дні можна даваць белае мяса (напрыклад, індычку, курыцу);
  • 1-2 разы на тыдзень дзіця павінна есці бабовыя ці фаршаваную гародніну;
  • Раз у 2-3 дні дзіцяці трэба даваць яйкі, сыр, тварог;
  • У невялікай колькасці дзецям можна ўжываць прысмакі!

Штодзённы рацыён школьніка павінен змяшчаць не менш як 15 найменняў прадуктаў. На працягу тыдня — не менш за 30.

Прамежкі паміж прыёмамі ежы не павінны перавышаць 4-5 гадзін, менавіта так забяспечваецца лепшае пераварванне і засваенне ежы. Працяглыя перапынкі паміж прыёмамі ежы могуць справакаваць развіццё гіпаглікеміі (зніжэнне ўтрымання цукру ў крыві), выклікаць стомленасць, аслабіць канцэнтрацыю ўвагі і перашкаджаць пазнавальнай дзейнасці.

Нельга дапушчаць пераяданняў, асабліва ўвечары. 

Вячэраць пажадана не пазней як за 2,5 гадзiны да адыходу да сну. Вячэра павінна быць адначасова лёгкай і пажыўнай: рыба, амлет, тварожная запяканка, салаты або тушаная гародніна. Калі пасля вячэры дзіця зноў просіць што-небудзь з’есці, у якасці альтэрнатывы можна прапанаваць шклянку кефіру (ражанкі) або садавіну. Чаму? Уначы зніжана актыўнасць ферментаў, выпрацоўкі страўнікавага соку і іншых механізмаў стрававання, што не дазваляе ежы правільна засвойвацца. Невялікія перакусы не будуць мець негатыўных наступстваў, а вось ад паўнавартаснага прыёму ежы на ноч можа з’явіцца вялікая колькасць праблем са здароўем.

Памятайце пра пітны рэжым! Школьнікі, старэйшыя за 12 гадоў, павінны піць не менш за дарослых, гэта значыць каля 2-2,2 літра ў суткі. У цэлым лекары рэкамендуюць разлічваць колькасць выпітай вады з разліку па 300 мл. на кожныя 10 кг вагі. 

Важна! Ежа абавязкова павінна быць цёплай, бо так яна лягчэй пераварваецца. Справа ў тым, што працэсы варэння, гатавання на пару, запяканні і тушэння палягчаюць яе расшчапленне ў страўнікава-кішэчным тракце. Акрамя таго, гарачыя і цёплыя стравы звычайна неабходна жаваць даўжэй, з-за чаго ежа лепш апрацоўваецца сліной, а гэта дадатковая падрыхтоўка для наступнага засваення.

Як змянілася харчаванне ў школах Беларусі?

У мінулым навучальным годзе ў двух дзясятках гарадскіх і сельскіх школ Беларусі правялі эксперымент. Задача была простая і складаная адначасова — смачна накарміць дзяцей і зменшыць колькасць ежы, якую даводзіцца выкідваць пасля сняданкаў і абедаў. Спецыялісты вывучалі меркаванне школьнікаў і іх бацькоў: дзесьці запусцілі анкетаванне, дзесьці стварылі тэматычныя чаты, дзесьці паставілі «скрыню пажаданняў». Спачатку вучні скромнічалі, заказваючы макароны з з сасіскай і сырнікі, то пазней ужо дадавалі блінцы і пяльмені, а напрыканцы апытання пачалі здзіўляць, патрабуючы гамбургеры і шаўрму. Таксама вывучалі харчаванне ў хатніх умовах. І выявілі лішак простых цукроў, лішак тлушчаў, недахоп гародніны, садавіны. Гэтыя праблемы параілі кампенсаваць школьным харчаваннем.

Вядома, санэпідслужба Міністэрства аховы здароўя адразу ўдакладніла: фастфуду на талерцы ў школьнікаў не будзе. Нягледзячы на новыя падыходы да арганізацыі харчавання, яго гігіенічныя прынцыпы нязменныя: ежа павінна быць якаснай і бяспечнай для здароўя.

З 1 верасня 2023 г. у многіх школах краіны з’явілася абноўленае меню. Навучэнцам прапануюць пяльмені, бульбяную бабку, запечаную курыную галёнку, пудынг з рыкотай і іншыя смачныя стравы.  Акрамя таго, час прыёму ежы павялічылі да 3,5 гадзін пасля прыходу ў школу. Гэта зроблена, каб дзеці, як кажуць, нагналі апетыт. У выніку, гарачым харчаваннем ахапілі больш вучняў, а злішкі скараціліся. Таксама ў сталіцы меню будуць мяняць кожную чвэрць, улічваючы сезоннасць.

Паводле вынікаў апытання сярод педагогаў, бацькоў і вучняў, больш за 90% падтрымліваюць новае харчаванне.
У выніку было вырашана распаўсюдзіць атрыманы досвед на ўсе школы Беларусі. 

Усяго ў школах сілкуюцца больш за 1 млн навучэнцаў: бясплатна — каля 700 тысяч школьнікаў, за кошт бацькоў — каля 350 тысяч. Бясплатнае харчаванне ў беларускіх школах было ўведзена яшчэ ў канцы 90-х гадоў: спачатку ў чарнобыльскіх рэгіёнах, а затым і па ўсёй краіне для некаторых вучняў. 

Прэзідэнт Беларусі ў 2007 годзе гэта тлумачыў так: «Чаму я ўвёў у чарнобыльскай зоне, а пасля і на ўсю краіну распаўсюдзіў школьнае харчаванне? У нас нямала сем’яў было, асабліва ў канцы 1990-х гадоў, дзе дзіця нармальна паесці не магло. А школьнае харчаванне для людзей капейкавае, у некаторых месцах бясплатнае. Я тады сказаў чыноўнікам: вы зразумейце, нашы з вамі дзеці маюць магчымасць нармальна паесці, а там, дзе зарплата нізкая была, ды і цяпер яшчэ небагата жывуць, хіба прыгатуюць нармальна паесці дзіцяці? А ў школу яно прыйдзе, з’ясі і суп добры, і гарачае, і салата. Два разы ў школах харчуюцца. Гэта ж вялікая справа. Мы ж укладаем у дзяцей»

Псіхолаг Алена ШАЎЧЭНКА

Фота: pexels.com

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.