Вы тут

Зацверджаны графік правядзення ЦТ


Зацверджаны графік правядзення ЦТ, а ў сакавіку ў краіне стартуе трэці раўнд рэпетыцыйнага тэсціравання.

Стаў вядомы графік правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў 2016 годзе. Экзаменацыйная кампанія стартуе ў панядзелак 13 чэрвеня — у гэты дзень абітурыенты будуць здаваць на ЦТ беларускую мову.


14 чэрвеня ў пункты правядзення цэнтралізаванага тэсціравання абітурыенты прыйдуць, каб прадэманстраваць экзаменатарам свае веды па рускай мове. Грамадазнаўства прэтэндэнты на студэнцкі білет будуць здаваць 16 чэрвеня, біялогію — 18-га, матэматыку — 19 чэрвеня, гісторыю Беларусі — 21-га.

Тэсціраванне па хіміі будзе праходзіць 23 чэрвеня, па фізіцы — 24-га. Сваё веданне замежных моў абітурыенты змогуць прадэманстраваць 25 чэрвеня. А на 27-га запланаваныя тэсты адразу па дзвюх дысцыплінах — па сусветнай гісторыі найноўшага часу і геаграфіі (гэта адны з самых малаколькасных экзаменацыйных дысцыплін). Рэгістрацыя на ЦТ будзе доўжыцца з 2 мая па 1 чэрвеня.

Рэзервовы дзень для здачы ЦТ па-ранейшаму застаўся адзін, хоць прапаноўвалася прадугледзець некалькі рэзервовых дзён, каб у абітурыентаў, якія захварэлі падчас «асноўнай хвалі», была магчымасць дагнаць упушчанае, а ў выпускнікоў расійскіх школ, якія не паспяваюць у чэрвені прыехаць у Беларусь і здаць ЦТ з-за сваіх экзаменаў, быў шанц паўдзельнічаць у конкурсе на бюджэтныя месцы.

Пакуль што ўсё засталося без змен. Здаць у рэзервовы дзень (5 ліпеня) можна будзе толькі адну дысцыпліну і толькі па ўважлівай прычыне. Тэрміны рэгістрацыі абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэсціравання ў рэзервовы дзень устаноўлены з 28 чэрвеня па 1 ліпеня. Пунктам правядзення цэнтралізаванага тэсціравання ў гэты дзень вызначаны Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

У Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў нагадалі, што ў сакавіку ў краіне стартуе апошні, трэці раўнд рэпетыцыйнага тэсціравання. Пералік устаноў, дзе рэпетыцыя будзе праводзіцца па матэрыялах арганізатараў цэнтралізаванага тэсціравання, можна знайсці на сайце інстытута (www.rіkc.by). Працэдура правядзення рэпетыцыйнага тэсціравання нічым не адрозніваецца ад цэнтралізаванага: і колькасць заданняў у тэсце, і яго структура, і час, адведзены на выкананне, і нават бланк адказаў на рэпетыцыі такія ж, як і на галоўным выпрабаванні. Задача арганізатараў у аўдыторыях — прытрымлівацца ўсіх правіл правядзення ЦТ, каб адразу настроіць абітурыентаў на сур'ёзны лад і змадэляваць рэальную псіхалагічную абстаноўку правядзення экзамену: прысутнасць мабільнікаў, дапаможнікаў і шпаргалак у экзаменацыйнай аўдыторыі катэгарычна не дапускаецца. У гэтым навучальным годзе ўпершыню пасля завяршэння кожнага этапу рэпетыцыйнага тэсціравання абітурыенты на сайце інстытута па асабістым кодзе ўдзельніка тэсціравання могуць атрымаць рашэнні заданняў тэста і іх аналіз для самастойнай работы над памылкамі.

Непасрэдна ў Рэспубліканскім інстытуце кантролю ведаў для ўсіх ахвотных арганізуецца і камп'ютарнае тэсціраванне. Падчас яго прапануюцца заданні з той жа базы, што і на звычайным. Розніца ў тым, што абітурыент працуе перад камп'ютарным маніторам і напрыканцы выпрабавання можа адразу даведацца свой вынік. У абітурыента ёсць магчымасць тут жа папрацаваць над сваімі памылкамі. Спачатку да няправільна выкананых заданняў яму даецца падказка, а калі і яна не дапамагае, можна проста «падгледзець» правільнае рашэнне.

Кошт удзелу ў рэпетыцыйным тэсціраванні (і камп'ютарным, і на папяровых носьбітах) складае 61 тысячу рублёў за кожны прадмет. На сайце Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў адкрыта анлайн-рэгістрацыя на камп'ютарнае тэсціраванне.

nіkalaeva@zvіazda.by

Загаловак у газеце: А ў сакавіку ў краіне стартуе трэці раўнд рэпетыцыйнага тэсціравання

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.