Вы тут

Сельскі доктар — урач агульнай практыкі


Сельскі доктар — даўно ўрач агульнай практыкі, засталося канчаткова ўзаконіць статус.

Летась давялося пазнаёміцца з вясковым урачом агульнай практыкі Аленай Шурхай. Алена Пятроўна працуе ў амбулаторыі аграгарадка Відамля Камянецкага раёна. Старшыня сельскага Савета тады расказала не зусім звычайную гісторыю замацавання спецыяліста ў гэтай вёсцы. Раней тут часта мяняліся дактары: прыедзе чалавек па размеркаванні, адпрацуе належныя два гады і кіруецца ў горад. Алену Шурхай таксама перавялі з іншай амбулаторыі, каб часова закрыць кадравую «брэш» — сказалі, пакуль знойдуць спецыяліста.


Ура­ч агуль­най прак­ты­кі Але­на Шур­хай —  сапраўдны «земскі доктар».

Доктар узялася за работу і адразу паказала сябе як уважлівы чалавек і знаўца сваёй справы. Але ж усе ведалі, што яна ў вёсцы часова. Тады сабралася ініцыятыўная група вяскоўцаў, найбольш з жанчын, і пайшла да кіраўніка сельгаспрадпрыемства. Дэлегацыя агучыла просьбу — выдзеліць кватэру сям'і медыкаў (муж доктара Алены працуе на хуткай дапамозе ў райцэнтры). Пытанне вынеслі на разгляд назіральнага савета акцыянернага таварыства, і абсалютная большасць удзельнікаў сходу прагаласавала «за». У выніку прэцэдэнту вясковай дэмакратыі жыллёвае пытанне медыцынскага работніка вырашылася. І Алена Шурхай стала тым спецыялістам, якога раней прыгожа называлі земскім доктарам.

У сваёй амбулаторыі яна — кіраўнік маленькага калектыву і ўрач агульнай практыкі. Зона абслугоўвання ўстановы — больш за дзве тысячы чалавек. У сезон пад'ёму вірусных захворванняў на прыём прыходзіць каля 40 пацыентаў у дзень. А трэба яшчэ праехаць па выкліках да хворых, правесці агляд і прафілактычную работу, апошняе асабліва датычыць маленькіх дзяцей.

Паводле слоў галоўнага ўрача Камянецкай цэнтральнай раённай бальніцы Івана КРАСІНСКАГА, у раёне восем урачэбных амбулаторый, і ва ўсіх працуюць дактары агульнай практыкі. Іван Іосіфавіч адзначае гэты факт як станоўчую тэндэнцыю ў развіцці аховы здароўя вясковага насельніцтва. Людзям з «глыбінкі», з аддаленых вёсак не трэба дабірацца ў райцэнтр з-за невялікай праблемы са здароўем. Большасць жа наведвальнікаў прыходзіць у паліклініку ці амбулаторыю са стандартнымі скаргамі: закалола ў баку, прастрэл у спіне, рэжа ў вачах, шуміць у вуху і гэтак далей. Дык вось з такімі і падобнымі сімптомамі мясцовы медык не будзе адразу пісаць накіраванне ў раён. Бо ўрач агульнай практыкі — тэрапеўт шырокага профілю — многае ведае і ўмее. На месцы правядзе нескладаныя маніпуляцыі з горлам і вухам, накладзе швы, дыягнастуе неўралагічныя праблемы і парэкамендуе лячэнне.

Больш за дзе­ся­ці­год­дзе пра­цуе ўра­чом агуль­най прак­ты­кі Свят­ла­на Іван­чан­ка (злева).

Больш за дзесяцігоддзе працуе ўрачом агульнай практыкі ў Радваніцкай амбулаторыі Брэсцкага раёна Святлана Іванчанка. Спачатку, як і многія яе калегі, Святлана Мікалаеўна была тэрапеўтам. У свой час прайшла чатырохмесячную спецыялізацыю ў Мінску, потым два гады вучылася ў вочна-завочнай клінічнай ардынатуры. Цяпер яе ўчастак складаецца з чатырох вёсак з насельніцтвам каля адной тысячы чалавек.

З ранку доктар вядзе прыём, робіць агляд і дае прызначэнні тым, хто лечыцца на дзённым стацыянары. Пасля абеду Святлана Мікалаеўна ездзіць па выкліках, і дзесьці а шаснаццатай гадзіне ўжо зноў у сваёй лячэбнай установе. Радваніцкая амбулаторыя адкрытая з 8 да 19 гадзін. Да ўказанага часу ва ўстанове ёсць медработнік, які заўсёды на сувязі з доктарам.

Цяпер, у сезон прастудных захворванняў, адзначае ўрач, найбольш і выклікаў, і наведванняў звязана з дзіцячымі хваробамі. Гэта катэгорыя пацыентаў найбольш адчувальная да вірусных інфекцый. Часцей хварэюць дзеці, якія наведваюць дзіцячыя калектывы, даводзіцца выпісваць ім лекі, прызначаць працэдуры, а таксама навучаць мам, як праводзіць прафілактыку.

Пажылыя людзі, асабліва адзінокія, з'яўляюцца асобным клопатам амбулаторыі. Урач наведвае іх дома па графіку. Некаторых вельмі складана ўгаварыць легчы на планавае лячэнне ў бальніцу. Тады выручае дзённы стацыянар. У лячэбнай установе ёсць тры ложкі, дзякуючы якім заўсёды можна правесці курс кропельніц, уколаў, зрабіць фізіяпрацэдуры.

Несумненна, з пераводам тэрапеўта ў статус урача агульнай практыкі стала больш зручна будучым мамам. Пасля пастаноўкі на ўлік ва ўчастковага гінеколага ў горадзе, яны назіраюцца па месцы жыхарства, да профільнага спецыяліста едуць толькі раз на месяц. Што ўжо гаварыць пра тое, што простыя аналізы, электракардыяграму стала магчыма прайсці ў сваёй вёсцы, і не трэба выбірацца па кожным выпадку ў горад.

Яшчэ доктар агульнай практыкі працуе як сямейны, бо лечыць, як правіла, некалькі пакаленняў, ведае сямейныя захворванні і праблемы. Гэтую асаблівасць працы вясковага медыка ў размове з карэспандэнтам падкрэсліў намеснік галоўнага ўрача Жабінкаўскай раённай бальніцы Іосіф АРЛАВЕЦ. На жаль, даводзіцца займацца і складанымі сітуацыямі — наведваць тых грамадзян, у якіх дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, кантраляваць выкананне дарослымі бацькоўскіх абавязкаў.

У Жабінкаўскім раёне функцыянуе пяць амбулаторый. Тры з іх ужо працуюць як участкі ўрачоў агульнай практыкі. Дзве плануецца перавесці ў названы статус да канца года. Іосіф Арлавец лічыць, што і ў райцэнтры трэба ўкараняць падобную практыку, калі ўчастковы доктар з сярэднім медыцынскім персаналам будуць працаваць па месцы жыхарства пацыентаў па прынцыпе амбулаторыі.

Варта адзначыць, што ў Брэсцкай вобласці працэс забеспячэння ўрачамі новага статусу ў сельскай мясцовасці выходзіць на завяршальную стадыю. Як паведаміў галоўны тэрапеўт абласнога ўпраўлення аховы здароўя Леанід ГОРБІЧ, са 130 урачэбных амбулаторый вобласці 105 ужо функцыянуюць у рэжыме ўстаноў урача агульнай практыкі. Астатнія павінны займець такі статус на працягу двух гадоў.

Жыццё паказала правільнасць такога курсу. Па-першае, разгружаюцца вузкія спецыялісты ў раённых паліклініках, якіх вельмі часта не хапае. А па-другое, з пераводам у новы статус вядзецца далейшае аснашчэнне вясковых медыцынскіх устаноў. І калі з асобнымі прыборамі, абсталяваннем яшчэ ёсць некаторыя праблемы, то транспарт для выездаў па выкліках маюць практычна ўсе амбулаторыі.

Апошняе надзвычай важна, асабліва для той мясцовасці, дзе ёсць аддаленыя вёскі. Не так даўно ў гутарцы з нашым карэспандэнтам старшыня Столінскага раённага Савета дэпутатаў Аляксей ДЗЯМКО сказаў пра сельскіх медыкаў літаральна так: «Колькі жыццяў яны ратуюць!». Яно і зразумела — урачы знаходзяцца на першых рубяжах аховы здароўя. Нават своечасова зроблены ўкол пры павышаным ціску часта становіцца той самай ратавальнай саломінкай.

Урач з глыбінкі па сутнасці заўсёды быў урачом агульнай практыкі, і цяперашняя кампанія толькі канчаткова ўзаконіць яго статус.

А займацца яму даводзілася заўсёды, напрыклад, і хірургічнай дапамогай пры траўмах, і самымі рознымі маніпуляцыямі вузкіх спецыялістаў. Бо ў сельскай лякарні — як у шпіталі хуткай дапамогі: часта мала часу застаецца на роздум. Вось, напрыклад, у Хатынічах Ганцавіцкага раёна працуе ўчастковы педыятр Галіна Мінец. Галіна Іванаўна неяк расказвала, як прымала роды ў адной, мякка кажучы, не вельмі дысцыплінаванай маці. Электрычнасць у хаце была адключаная за даўгі. А калі ноччу пачаліся роды, тая жанчына пазваніла доктару. Галіну Іванаўну па ўказаным адрасе прывёз яе муж, урач участковай бальніцы, ён жа фарамі машыны забяспечваў асвятленне, пакуль жонка дапамагала парадзісе.

* * *

Як расказваюць старэйшыя медыкі, аказваецца, яшчэ ў 80-я гады мінулага стагоддзя ў Савецкім Саюзе былі спробы стварыць інстытут урача агульнай практыкі альбо сямейнага ўрача. А на пачатку 90-х яго ўвялі ў наменклатуру спецыяльнасцяў. Па сутнасці ён адпавядаў урачу хуткай і неадкладнай дапамогі і прыёмнага аддзялення. Пазней у адным з беларускіх медуніверсітэтаў пачалі рыхтаваць студэнтаў па гэтай праграме. Але з распадам краіны гэтая справа, як і многія іншыя, не атрымала працягу.

Яе час наступіў праз дзясяцігоддзі. Цяпер ёсць іншая сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў. З'явіліся амбулаторыі, падобныя на міні-паліклінікі, што вельмі зручна як для дзяцей, так і для ўзроставага сельскага насельніцтва.

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Тэрапеўт шырокага профілю

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.