Вы тут

КАМУ КОЛАС КЛАНЯЕЦЦА


Жлобін сёння проста не пазнаць. Да фестывалю-кірмашу «Дажынкі» ён так змяніў аблічча, што здаецца наноў адбудаваным па самых сучасных еўрапейскіх узорах. Апошнія паўгода ў горадзе работа кіпела не менш актыўна, чым улетку на палях краіны. Было абноўлена ці пабудавана больш за 300 аб'ектаў.

На іх рэканструкцыі і будаўніцтве штодзённа былі заняты больш за дзве тысячы будаўнікоў, вялікую дапамогу аказвалі работнікі мясцовых прадпрыемстваў. Жыхары горада штотыдзень праводзілі суботнікі, на якія таксама выязджалі працоўныя дэсанты з іншых гарадоў вобласці. Можна сказаць, што ў падрыхтоўцы да «Дажынак» прымала ўдзел уся Гомельшчына.

Змянілася цэнтральная плошча, з'явілася новая гасцініца, дабудавана зала гульнявых відаў спорту, разлічаная на 1,5 тысячы месцаў, Палац металургаў набыў новы твар. З аднаго боку ад яго ўзведзены парк, названы «Пяць стыхій», з другога зроблена пляцоўка з каскадам азёр. Дарэчы, галоўная канцэртная пляцоўка свята ўраджаю ўсталявана якраз у гэтым прыгожым месцы. Новы імідж з'явіўся і ў старой часткі горада, так званага Бульвара металургаў. На ўваходзе — герб горада Жлобіна: каваная з медзі ладдзя, якая ўзвышаецца на высокім пастаменце.

1380318700586_1

Да рэспубліканскага фэстывалю-кірмашу «Дажынкі-2013» цалкам абноўлена асфальтавае пакрыццё на многіх кіламетрах гарадскіх вуліц, заменены цеплатрасы і водаправоды, пашыраны магістральныя дарогі, выкладзены дзясяткі новых пешаходных дарожак, пабудавана шмат парковак. Рэканструяваны аўтавакзал стаў цяпер быццам адным цэлым з чыгуначным вакзалам і прывакзальнай плошчай. Акрамя таго, пракладзена чатырохпалосная траса М-5, а таксама электрафікавана частка чыгункі. Такім чынам, Жлобін ва ўсіх сэнсах стаў значна бліжэй як да абласнога цэнтра, так і да сталіцы краіны.

Рэспубліканскі фестываль-кірмаш «Дажынкі-2013» сабраў некалькі тысяч лепшых працаўнікоў вёскі. Тэатралізаванае шэсце, якое прайшло па цэнтры горада металургаў, распачало свята, а дождж, які пачаўся якраз падчас шэсця, механізатары палічылі добрай прыкметай. Шмат людзей з самай раніцы прыйшло ў цэнтр горада, дзе адбываюцца асноўныя мерапрыемствы «Дажынак-2013». Галоўным сімвалам фестывалю стаў хлебны каравай вагой 200 кілаграмаў, які выпеклі майстры прадпрыемства «Гомельхлебпрам». Гэты кулінарны шэдэўр пранеслі падчас шэсця пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы збожжавых і нарыхтоўцы кармоў. Вышыня пяціяруснага сімвала свята склала два метры.

1380318702790_2

У першы дзень свята віцэ-прэм'ер Беларусі Міхаіл Русы і старшыня Гомельскага аблвыканкама Уладзімір Дворнік наведалі стылізаваныя падворкі раёнаў Гомельскай вобласці. На цырымоніі ўручэння другіх і трэціх прэмій пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2013 года віцэ-прэм'ер Беларусі Міхаіл Русы адзначыў, што беларуская зямля ў любых умовах надвор'я можа стабільна даваць добры ўраджай збожжа і іншай сельгаспрадукцыі.

Увесь Жлобін стаў вялікай канцэртна-мастацкай пляцоўкай, дзе сваё мастацтва дэманструюць больш за 2 тысячы прафесійных і самадзейных артыстаў і майстроў народнай творчасці. Праграма мерапрыемстваў вельмі разнажанравая — ад выступленняў дзіцячых вакальных і харэаграфічных калектываў і ансамбля «Песняры» да «бітвы» дыджэяў і лазернага шоу. У мерапрыемствах удзельнічаюць народная артыстка Украіны Таісія Павалій, групы «Беларусы» і «Тяни-толкай», Аляксандр Ціхановіч і Ядзвіга Паплаўская, Алена Ланская, Жанет, іншыя вядомыя айчынныя выканаўцы, артысты Гомельскай філармоніі...

1380318705877_3

Арганізатары падрыхтавалі асобную праграму для моладзі, якая з задавальненнем назірае за паказальнымі выступленнямі па каратэ і акрабатыцы, ролераў і скейтбардзістаў... Прадстаўнікі ўсіх абласцей Беларусі прымаюць удзел у цыркавым фестывалі. Мерапрыемствы культурнай праграмы на працягу дня не спыняліся ні на хвіліну — ад самага ранку і практычна да ночы падтрымліваючы атмасферу свята.

Сярод відовішчаў, што прыцягвалі асаблівую ўвагу жыхароў і гасцей горада над Дняпром, — фестывалі дзіцячай цацкі, графіці, мотар-шоу... Дарэчы, і паласавацца было чым. На вуліцах горада ўзведзена больш за 400 павільёнаў, а таксама абсталяваны вулічныя кавярні на 8,5 тысячы месцаў. Удзельнікаў і гасцей абслугоўваюць больш за 200 гандлёвых арганізацый з усіх абласцей Беларусі (працягласць гандлёвых радоў склала каля 7 км). Арганізаваны тэматычныя экспазіцыі: «Падворак паляўнічага», «Прыпяцкі рыбалоў», «Беларускія прысмакі». Між іншым, на свяце «Дзеруны-Фэст», якое адбылося ў межах агульнага фестывалю, за 11 хвілін было з'едзена 900 дранікаў. Іх прыгатавалі ў падарунак гасцям «Дажынак» настаўнікі і навучэнцы Гомельскага кулінарнага каледжа.

Удзельнікі і госці фестывалю яшчэ доўга будуць дзяліцца незабыўнымі ўражаннямі, якія яны атрымалі на свяце «Дажынкі-2013» у Жлобіне.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.


Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.