Вы тут

Будзьце маім... партнёрам


У новым матэрыяле рубрыкі "Свая справа" — гісторыя бізнесу, які пабудавала маладая сямейная пара. Святлана і Аляксей ствараюць вырабы, якія яны самі называюць "нарыхтоўкамі для творчасці". Гэта самыя розныя драўляныя скрынкі, палічкі і сувеніры, якія можна размаляваць на свой густ або прымяніць да іх тэхніку дэкупажу. Хто ж набывае такую прадукцыю? Ці не перашкаджае бізнес нармальнаму сямейнаму жыццю? Адказ на гэтыя і іншыя пытанні мы паспрабавалі знайсці разам.

Бізнес з "бытавухі"

Аляксей і Святлана жывуць у адным з новых раёнаў Мінска. Фактычна тут жа, у кватэры, месціцца і іх "офіс". І тут жа нарадзілася ідэя аб стварэнні сваёй справы — можна сказаць, з "бытавухі" і штодзённых патрэб.

— Усё пачалося з год таму і фактычна выпадкова, — распавядае Святлана, — Я па спецыяльнасці — хімік, мой муж — дызайнер. Маім хобі ў той час было маляванне. Аднойчы ўбачыла, што маляваць мне ўжо няма на чым. Падумала, што нядрэнна было б выкарыстаць залатыя рукі Аляксея для стварэння "аб'ектаў" размалёўкі. Першым і не самым удалым вырабам стала драўляная ключніца, якую я калі-небудзь пакажу нашым дзецям (смяецца). Потым муж усвядоміў свае памылкі і зрабіў другі, больш прыстойны экзэмпляр. У сваю чаргу я заўважыла, што на рынку такіх тавараў амаль няма, толькі фабрычныя і не зусім цікавыя вырабы. Падумалася, што мы са сваімі самаробнымі нарыхтоўкамі маглі б скласці ім канкурэнцыю. Так усё і пачалося...

Далей — звычайная гісторыя. Святлана і Аляксей пачалі рэалізоўваць сваю задуму. Па іх словах, усё складвалася само сабой.

— Мы шукалі драўніну — знаходзілі пакупнікоў. Я размаўляла з былымі аднакурснікамі — яны прапаноўвалі сваю дапамогу, — кажа Святлана. — Інструменты набывалі, што называецца, "інстынктыўна". Бывала, які-небудзь не падыходзіў, атрымлівалася непрыгожа або занадта марудна. Даводзілася шукаць нешта новае.

Нечаканая дапамога

 

Маладая жанчына расказвае, як доўга шукала курсы, на якіх змагла б атрымаць мінімальныя веды ў сферы прадпрымальніцтва. Знайшла іх, нарэшце, там, дзе і не думала — ва ўпраўленні занятасці насельніцтва. Аказалася, што ў Мінску весці свой бізнес вучаць бясплатна пры раённых аддзелах працаўладкавання. Больш за тое — пасля паспяховага навучання дзяржава дае маладым бізнесоўцам грошы для фарміравання стартавага капіталу. Праўда, трапіць на курсы аказалася не так лёгка: трэба знаходзіцца на ўліку беспрацоўных у цэнтры занятасці і на працягу месяца абгрунтавана адмовіцца ад усіх прапаноў працадаўцаў.

Адразу пасля таго, як даведалася пра курсы, Святлана кінула працу:

— Мае бацькі былі супраць. Казалі: "Як так? Нельга сыходзіць у нікуды!" Аднак мы з мужам вырашылі рызыкнуць. Тым больш што да месцаў працы мы ніколі моцна не прывязваліся і з лёгкасцю іх змянялі.

У выніку жанчына ўсё ж такі трапіла на курсы. Ужо падчас заняткаў у сям'і сфарміравалася канчатковае ўяўленне аб тым, чым яны будуць займацца. Для таго, каб атрымаць субсідыю на развіццё сваёй справы, трэба было скласці бізнес-план і паспяхова яго абараніць. Менавіта ў бізнес-плане ідэя аб стварэнні драўляных нарыхтовак атрымала сваё першае афармленне.

— Гэтыя курсы сталі нашым лепшым памагатым пры адкрыцці сваёй справы, — кажа Святлана. — Усім сваім знаёмым, якія пачынаюць займацца бізнесам, я ў першую чаргу рэкамендую пайсці туды. Дарэчы, на гэтых занятках мяне здзівіла колькасць людзей не са сталіцы. У рэгіёнах, як высветлілася, для развіцця малога бізнесу яшчэ большыя перспектывы, таму мінчан на курсах і было мала. Але гэта толькі дапамагло мне пераканацца, што многія беларусы не баяцца "кінуцца" ў прадпрымальнікі.

Асартымент і стратэгія

Працы з дрэвам Аляксей вучыўся проста — у інтэрнэце. Па яго словах, там можна знайсці відэа, на якіх умельцы са звычайнага электралобзіка рабілі ледзь не стацыянарны станок.

Стартавым капіталам стала субсідыя (па словах Святланы, на той час гэта было нешта каля тысячы долараў), а таксама грошы, што засталіся ў маладых пасля вяселля. Увогуле, мае суразмоўцы лічаць, што 4-5 тысяч долараў — гэта той мінімум, ад якога трэба адштурхоўвацца, калі становішся індывідуальным прадпрымальнікам. Першым часам прыбытку не было — усе атрыманыя грошы тут жа зноў ішлі "ў абарот".

Першымі і па сёння галоўнымі пакупнікамі прадукцыі Святланы і Аляксея сталі мастацкія крамы. Аляксей кажа:

— Сярэдні кошт нашай нарыхтоўкі — 50 тысяч рублёў. Звычайна за месяц мы прадаём каля дзесяці адзінак тавару ў розніцу. А праз магазіны, якія з'яўляюцца нашымі пастаяннымі кліентамі, — 200-300 адзінак. Чалавеку прасцей набыць усё ў адным месцы: і фарбы, і пэндзлі, і нарыхтоўкі. Наша канчатковая мэта — адкрыць сваю невялічкую краму, у якой будзе сабрана ўсё вышэйназванае. Але пакуль што гэта немагчыма, бо нам банальна не хапае сродкаў. Акрамя гэтага, зараз мы ў пошуку кліентаў у абласных гарадах Беларусі. Спадзяёмся, што хутка іх знойдзем.

Аляксей расказвае, што асартымент з'яўляўся і пашыраўся сам па сабе. Спачатку рабілі тое, што ўмелі. Аднойчы жанчына замовіла сабе вялікую скрынку для... грошай. Яны зрабілі першы экземпляр, сфатаграфавалі і ўключылі ў прайс-ліст. У выніку гэтая скарбонка стала ледзь не самым хадавым таварам для продажу ў розніцу.

А наогул пачаткоўцам вельмі цяжка было дамовіцца з крамамі пра збыт такога незвычайнага тавару. Нягледзячы на тое, што любую нарыхтоўку можна было без праблем замовіць тут, у Святланы і Аляксея, некаторыя крамы працягвалі працаваць з замежнымі вытворцамі: немцамі, расіянамі. Выйсце знайшлося: сям'я заключала з пакупнікамі дагаворы аб супрацоўніцтве. Пара адмаўлялася ад стасункаў з іншымі буйнымі магазінамі, пакупнікі — ад супрацоўніцтва з іншымі вытворцамі.

Праблемы і цяжкасці

— Найважнейшы аспект нашай дзейнасці — удзел у фестывалях, выставах і кірмашах, — зазначае Аляксей. — Там мы гандлюем не нарыхтоўкамі, а гатовымі, ужо "распісанымі" вырабамі. Аднак цяпер гэтых мерапрыемстваў у Беларусі не так шмат, а ўдзел у тых, што праводзяцца, каштуе вялікіх грошай. Зараз ужо ёсць нейкі досвед, а спачатку было вельмі цяжка. Сёлета, напрыклад, абавязкова паедзем на "Млын", бо ўжо ведаем, што ўдзел у гэтым кірмашы народных рамёстваў акупляецца. Па-першае, у яго даволі высокі ўзровень вядомасці. А па-другое, тут мы ведаем, за што плацім: гандаль вядзецца пад дахам, кожнае працоўнае месца абмежавана сценкамі. Раней было шмат фестываляў, якія не прапаноўвалі і гэтага: праводзіліся першы (і звычайна апошні) раз, ніякага даху і сценак не было — увесь інвентар трэба браць свой. Кошт амаль такі ж, як і на "Млыне". Наўрад ці ёсць сэнс браць удзел у такім кірмашы.

Адна вялікая праблема дагэтуль застаецца нявырашанай. Нашым героям вельмі складана было знайсці сабе памяшканне пад майстэрню. Справа ў тым, што ўладальнікі звычайна афармляюць памяшканні для вытворчасці як складскія. Так атрымліваецца выгадней, а патрабаванняў да ўласнікаў значна менш. Памяшканні для вытворчасці ў Мінску ёсць, але маюць плошчу, не меншую за сто квадратных метраў, і суадносны кошт. Святлане і Аляксею столькі не трэба — ім хапіла б і трыццаці. Але такіх у сталіцы знайсці не ўдалося.

— Мы пералапацілі ўвесь інтэрнэт, шукалі дзе толькі можна, — кажа Святлана, — але нічога не атрымалася. Зараз мы ўсё яшчэ ў пошуку. Спадзяёмся ў хуткім часе знайсці хаця б што-небудзь.

Святлана дзеліцца ўражаннямі ад вядзення бізнесу разам з мужам. На яе думку, такое партнёрства — гэта яшчэ адна складанасць.

— Першым часам ці не ўсе нашы размовы толькі і зводзіліся да абмеркавання метадаў працы, — успамінае яна. — Разам думалі, як выпраўляць свае ж памылкі, спрачаліся, нават сварыліся: "Гэты інструмент каштуе 400 долараў, мы не можам яго купіць, рабі тым, што ў цябе ёсць". Здаралася, нават рукі апускаліся. Але разумелі, што калі ўвязаўся ў справу — трэба ісці да канца. І вось праз год пасля пачатку мы ўжо на тым этапе, калі большая частка праблем засталася ў мінулым, і мы можам працаваць у сваё задавальненне. Набылі нават два камплекты інструментаў, каб у той час, калі адзін у рамонце, можна было не сядзець без справы.

На пытанне аб планах на бліжэйшы час суразмоўцы ледзь не хорам адказваюць: "дзеці". Нагода, трэба сказаць, ёсць — Святлана ўжо на восьмым месяцы цяжарнасці. Сужэнцы адразу ж зазначаюць: нараджэнне дзіцяці хоць і не стане крытычнай падзеяй, але на сямейным бізнесе і фінансавым становішчы адаб'ецца адчувальна. Бо так атрымалася, што ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка Святлана пачала рабіць толькі ў лістападзе мінулага года. А тыя грошы, якія яна адлічвала падчас працы на мінулым месцы, ва ўлік не бяруцца. Таму дапамога па цяжарнасці і родах у сям'і будзе мінімальнай.

— Мне вельмі крыўдна ад такой несправядлівасці, — кажа Святлана, — бо я ж плаціла ўсе ўзносы, і самае галоўнае — буду працягваць плаціць падаткі як індывідуальны прадпрымальнік і тады, калі буду даглядаць дзіця. І гадаваць яго, і бізнес захоўваць у належным стане нам, шчыра кажучы, будзе вельмі цяжка. Аднак зачыняцца мы не плануем. Нават калі ўзнікнуць сур'ёзныя праблемы — будзем шукаць нейкае выйсце.

...Напрыканцы размаўляем пра сваю справу і вялікія грошы. Муж і жонка сыходзяцца на думцы, што прадпрымальніцтва — не метад разбагацець. На іх думку, гэта дзейнасць, якая дазваляе займацца тым, што падабаецца.

— Ні ў чым сабе не адмаўляць — гэта не пра нас, — кажа Аляксей, — Не стаяць ля вітрыны з хлебам, выбіраючы таннейшы — вось гэта ўжо бліжэй да рэальнасці.

Застаецца толькі пажадаць маладой сям'і, каб іх бізнес квітнеў і стаў сапраўды сямейным: неўзабаве ж іх будзе трое! Бо, здаецца, менавіта такія людзі рухаюць наперад тое, што мы называем сваім бізнесам.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.