Вы тут

Саветы па развіцці прадпрымальніцтва сталі працаваць больш эфектыўна і вынікова


Бізнес — невялікі, унёсак у эканоміку — буйны. Значную ўвагу на развіццё малога і сярэдняга прадпрымальніцтва пачалі звяртаць даўно, прычым на самым высокім дзяржаўным узроўні. Яшчэ ў 2010 годзе Прэзідэнт падпісаў Дырэктыву № 4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці», а ў 2017-м — Дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва». Летась ініцыятыва знайшла працяг на месцах: былі створаны рэгіянальныя саветы па развіцці прадпрымальніцтва. На жаль, у апошнім выпадку не заўсёды выконваліся патрабаванні яшчэ адной Дырэктывы — № 2, якая прадугледжвала «ўсеагульны, татальны характар» дэбюракратызацыі.


Незалежныя эксперты па выніках даследавання зрабілі вывад, што дагэтуль дзейнасць саветаў насіла хаатычны і фармальны характар. Такую ж ацэнку далі і чыноўнікі: летам у Міністэрстве эканомікі адзначалі, што праз адсутнасць адзінага парадку рэгулявання на заканадаўчым узроўні работа саветаў у ранейшым фармаце не дазваляла ім працаваць эфектыўна, дзейнасць іх мела разрознены характар. Мэты і задачы саветаў па развіцці прадпрымальніцтва, іх склад, рэгламент працы маглі істотна адрознівацца нават у межах адной вобласці.

Не ва ўсіх палажэннях аб саветах было пазначана, што задачамі павінны быць разгляд і вырашэнне праблемных пытанняў бізнесу. Аналагічная сітуацыя назіралася ў пытаннях фарміравання складу саветаў. У асобных галінах практычна ўсе саветы ўзначальвалі прадстаўнікі бізнесу, у асобных — кіраўнікі альбо намеснікі кіраўнікоў выканкамаў.

Для вырашэння ўсіх пералічаных праблем у верасні гэтага года зацверджана Тыповае палажэнне аб савеце па развіцці прадпрымальніцтва. Як паўплывала яно на работу савета і яе вынікі? Наколькі сёння збалансаваны склад абласных і раённых саветаў па развіцці прадпрымальніцтва? З гэтымі і іншымі пытаннямі «МС» звярнулася да Міністэрства эканомікі Беларусі. Рэдакцыя мае пісьмовы адказ на запыт. Вывучаем дакумент разам.

Не турбуючы ўрад

Цяпер склады ўсіх рэгіянальных саветаў сфарміраваны ў асноўным з ліку прадстаўнікоў мясцовага бізнесу і аб'яднанняў прадпрымальнікаў, суб'ектаў інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, а таксама самазанятых асоб. Менавіта такі парадак фарміравання складу савета ўстаноўлены тыпавым Палажэннем аб абласным (раённым) савеце па развіцці прадпрымальніцтва, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 9 верасня 2019 года № 604. Узначальваюць саветы старшыні выканкамаў (альбо іх намеснікі, адказныя за развіццё эканомікі), на якіх ускладзеныя таксама функцыі кантролю за выкананнем рашэнняў савета.

Падобны фармат работы, з аднаго боку, дазволіў разглядаць на пасяджэннях пытанні, якія хвалююць бізнес-супольнасць, прымаючы па іх большасцю галасоў рашэнне, якое задавальняе прадпрымальнікаў. З другога боку — павысіць узровень адказнасці мясцовых улад за прыняцце і выкананне рашэнняў, што ўплываюць на ўмовы ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці ў рэгіёнах.

Практыка работы рэгіянальных саветаў паказала, што ў большасці выпадкаў пытанні, якія выносіліся на пасяджэнні, з'яўляліся праблемнымі для бізнесу з прычыны няведання заканадаўства і былі вырашаны на ўзроўні тлумачэнняў.

Так, профільнымі службамі Мінскага аблвыканкама растлумачаны парадак дзеянняў па наступных агучаных на пасяджэннях саветаў пытаннях: парадак афармлення аб'екта нерухомасці, зямельнага ўчастка да яго са змяненнем мэтавага прызначэння, набытых і (або) атрыманых для ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці; працэдура выдзялення (павелічэння) зямельнага ўчастка пад кацельню для забеспячэння будынка ацяпленнем; парадак размяшчэння дрэваапрацоўчай вытворчасці ў межах зямельнага ўчастка з улікам санітарных, прыродаахоўных і супрацьпажарных нормаў і правіл у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам; уцягванне ў гаспадарчы абарот аб'ектаў дзяржаўнай нерухомасці; парадак правядзення працэдуры грамадскага абмеркавання па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе планаванай вытворчасці.

Па ацэнцы бізнес-суполкі, саветы створаны і функцыянуюць як пляцоўкі для эфектыўнага вырашэння праблем бізнесу без звароту ва ўрад і да Прэзідэнта.

Мовай лічбаў

У Беларусі распрацавана дзяржаўная праграма падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на 2016—2020 гады. Рэалізацыя дакумента накіравана на паляпшэнне дзелавога асяроддзя, садзейнічанне развіццю суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, удасканаленне інфраструктуры падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, фарміраванне пазітыўнага стаўлення грамадзян да прадпрымальніцкай ініцыятывы.

Пад кожную задачу распрацаваны і ажыццяўляюцца адпаведныя мерапрыемствы.

Сёлета Дзяржаўная праграма дапоўнена комплексам мер па рэалізацыі першага этапу стратэгіі развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва «Беларусь — краіна паспяховага прадпрымальніцтва» на перыяд да 2030 года.

Мерапрыемствы комплексу мер больш чым на 60 працэнтаў складаюцца з прапаноў бізнес-супольнасці, прадугледжваюць далейшае паступальнае зніжэнне адміністрацыйнай і фіскальнай нагрузкі на прадпрымальнікаў, фарміраванне канкурэнтнага асяроддзя і забеспячэнне роўных умоў гаспадарання для суб'ектаў розных формаў уласнасці, удасканаленне галіновай і тэрытарыяльнай структуры бізнесу, стварэнне ў малых і сярэдніх арганізацыях новых рабочых месцаў. Першыя вынікі рэалізацыі гэтых мер будуць падведзены ў першым квартале 2020 года.

Вось толькі некаторыя звесткі, што характарызуюць фінансавую падтрымку малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў рамках рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы.

У 2016—2018 гады і за дзевяць месяцаў 2019 года са сродкаў мясцовых бюджэтаў дзяржаўная фінансавая падтрымка аказана 308 суб'ектам малога прадпрымальніцтва на 13,1 мільёна рублёў.

Ільготныя крэдыты дадзены 80 суб'ектам малога прадпрымальніцтва на суму 10,2 мільёна рублёў. Субсідыі для пакрыцця часткі працэнтаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі і часткі расходаў на выплату лізінгавых плацяжоў выдзелены 156 арганізацыям на суму 2,6 мільёна рублёў, субсідыі для пакрыцця часткі выдаткаў, звязаных з удзелам у выставачна-кірмашовых мерапрыемствах альбо з іх арганізацыяй, — 72 суб'ектам малога прадпрымальніцтва на суму 300 тысяч рублёў.

Беларускім фондам фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў прафінансавана 120 праектаў суб'ектаў малога прадпрымальніцтва. Дзеля пашырэння доступу гэтай катэгорыі суб'ектаў гаспадарання да крэдытных рэсурсаў з пачатку рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы паэтапна зніжалася працэнтная стаўка (з 18 да 6,5 працэнта гадавых) пры даванні дзяржаўнай фінансавай падтрымкі на рэалізацыю інвестыцыйных праектаў, накіраваных на вытворчасць экспартаарыентаванай і (або) імпартазамяшчальнай прадукцыі (тавараў, работ, паслуг) і стварэнне новых рабочых месцаў.

Агульны аб'ём аказанай фондам фінансавай падтрымкі склаў 11,4 мільёна рублёў, у тым ліку з рэспубліканскага бюджэту — 8,5 мільёна рублёў, за кошт уласных сродкаў фонду — 2,9 мільёна рублёў. Фінансавая падтрымка аказвалася шляхам выдачы суб'ектам малога прадпрымальніцтва пазык і маёмасці на ўмовах фінансавай арэнды (лізінгу).

У рамках рэалізацыі новага для нашай краіны гарантыйнага механізма фондам сёлета дадзена 11 паручыцельстваў на суму 178,9 тысячы рублёў, якія забяспечваюць крэдыты банкаў-партнёраў на суму 381,6 тысячы рублёў.

Банк развіцця Рэспублікі Беларусь прафінансаваў 2884 інвестыцыйныя праекты, агульны аб'ём дэпазітаў, размешчаных у банках-партнёрах, склаў 427,7 мільёна рублёў. Банк развіцця дыферэнцыраваў прадуктовую лінейку і ўмовы аказання фінансавай падтрымкі ў адпаведнасці з прыярытэтнымі кірункамі развіцця малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

Для садзейнічання суб'ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў арганізацыі і ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці ў краіне дзейнічае сетка суб'ектаў інфраструктуры падтрымкі прадпрымальніцтва, якая на 1 снежня 2019 года складалася з 109 цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва і 25 інкубатараў малога прадпрымальніцтва.

За перыяд рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы ў якасці цэнтра падтрымкі прадпрымальніцтва зарэгістравана 51 юрыдычная асоба, у якасці інкубатара малога прадпрымальніцтва — 12 юрыдычных асоб. Для садзейнічання ў рэалізацыі задач па падтрымцы малога і сярэдняга прадпрымальніцтва аказана фінансавая падтрымка 43 суб'ектам інфраструктуры на агульную суму 2,8 мільёна рублёў.

ВУП у плюсе

Паводле афіцыйнай статыстыкі, да пачатку 2019 года доля малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў валавым унутраным прадукце склала 24,6 працэнта. У адносных адзінках значэнне гэтага паказчыка захавалася на ўзроўні папярэдняга года.

Аднак гэта не азначае, што сектар не развіваецца. У цэлым па краіне ВУП летась прырос амаль на пяць мільярдаў долараў ЗША. Такім чынам, у абсалютных велічынях значэнне ВУП, вырабленага суб'ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, таксама прапарцыйна павялічылася.

Пра павышэнне эфектыўнасці дзейнасці малога і сярэдняга прадпрымальніцтва сведчаць і іншыя даныя. Напрыклад, суб'ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва забяспечана больш за палову экспарту тавараў краіны (50,5 працэнта). Валавы экспарт тавараў павялічыўся на 25 працэнтаў і склаў 17 мільярды долараў ЗША.

Экспарт паслуг суб'ектамі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва летась узрос на чвэрць і перавысіў тры мільярды долараў ЗША. Удзельная вага малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў агульным аб'ёме экспарту паслуг непасрэдна наблізілася да адзнакі ў 40 працэнтаў (39,8 працэнта).

Ва ўмовах мараторыя на павышэнне падатковых ставак і ўвядзенне новых падаткаў паступленне падаткаў і збораў ад суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў бюджэт павялічылася на 20 працэнтаў.

Узрос попыт з боку суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва на прыцягненне знешніх фінансавых рэсурсаў. Партфель інвестыцыйных камерцыйных крэдытаў для гэтай катэгорыі пазычальнікаў склаў больш за 26,5 мільярда рублёў (амаль у паўтара раза больш, чым летась).

Вынікі дзевяці месяцаў бягучага года паказваюць замацаванне станоўчай дынамікі ў прыросце суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, і, адпаведна, чакаецца павелічэнне ўнёску гэтага сектара ў асноўныя эканамічныя паказчыкі.

Найбольшая дзелавая актыўнасць назіраецца ў Мінску і Мінскай вобласці. Адпаведна, прадпрымальнікі сталіцы і Міншчыны робяць больш важкі ўнёсак у развіццё рэгіянальных эканомік. Так, удзельная вага суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў валавым рэгіянальным прадукце Мінска складае больш за 40 працэнтаў, у Мінскай вобласці — каля 32 працэнтаў.

У іншых рэгіёнах значэнне гэтага паказчыка вагаецца ў дыяпазоне ад 18,6 да 24,7 працэнта. І толькі ў Гомельскай вобласці, на тэрыторыі якой дзейнічаюць прамысловыя гіганты — Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Беларускі металургічны завод — кіруючая кампанія холдынга «Беларускі металургічны камбінат», ВА «Беларуснафта», «Гомсельмаш», — доля малога і сярэдняга прадпрымальніцтва ў ВРП вобласці складае 16 працэнтаў.

Варвара МАРОЗАВА

Фота БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Палацы, паркi, сядзiбы. На Брэстчыне вядзецца вялiкая работа па аднаўленнi гiсторыка-культурных аб'ектаў

Адным з першых у вобласцi пачалi рэстаўрыраваць велiчны палац Сапег у Ружанах.

Грамадства

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Шопiнг з дапоўненай рэальнасцю. Тэхналогii 3D-мадэлявання адкрыюць новы фармат гандлю

Наша краiна займае трэцяе месца ў сваiм рэгiёне па колькасцi бескантактавых транзакцый.

Грамадства

Баявыя поспехi шмат у чым залежалi ад быту, або пра што паведамляюць партызанскiя летапiсы

Баявыя поспехi шмат у чым залежалi ад быту, або пра што паведамляюць партызанскiя летапiсы

Партыйныя i камсамольскiя арганiзацыi партызанскiх атрадаў удзялялi вялiкую ўвагу адпачынку i вольнаму часу партызан.