Вы тут

Гамяльчанін перакладае выданні Marvel, DC на беларускую мову


Пік папулярнасці коміксаў прыйшоўся на сярэдзіну мінулага стагоддзя. Пазней развіццё тэлебачання, а пасля і інтэрнэту, паступова адцягнула ўвагу ад «гісторый у карцінках». Але нават сёння знаходзяцца тыя, хто не проста цікавіцца маляванымі часопісамі, але і спрабуе даць ім «другое дыханне». Адзін з іх — гамяльчанін Сяргей Козыраў, які ўжо пяць гадоў у вольны час перакладае найбольш папулярныя выданні Marvel, DC і іншых сусветна вядомых вытворцаў на беларускую мову. Пра тое, як гэта робіцца і чаму коміксы чытаюць 30-гадовыя мужчыны, ён расказаў нашаму карэспандэнту.


— Праект ComіcsBY сёння — гэта сайт, суполка «УКантакце» і прыкладна 250 перакладзеных выпускаў у электронным выглядзе, — гаворыць хлопец. — Усёй работай займаюцца два чалавекі: я і мой паплечнік Артур Барадачоў. Першыя свае коміксы я прачытаў яшчэ ў дзяцінстве — памятаю, як мне падарылі Новы Запавет у малюнках. Застаўся пад уражаннем, пачаў шукаць нешта падобнае ў кіёсках. У 1990-х у нас прадаваліся выданні пра чарапашак-ніндзя і Тома і Джэры — скупляў іх усе. А потым і сам пачаў маляваць гісторыі ў школьных сшытках.

З пасіўных спажыўцоў у творцы хлопец перайшоў у 2011 годзе. На курсах камп'ютарнай вёрсткі ён пазнаёміўся з аматарам перакладаў коміксаў на рускую мову. Тады ж і з'явілася ідэя іх «беларусізацыі». Да рэалізацыі задумы справа дайшла годам пазней, калі Сяргей уладкаваўся на работу, якая пакідала яму дастаткова вольнага часу. Першай спробай стаў комікс «Чарпашкі-ніндзя», перазапушчаны ў ЗША ў 2011 годзе яго стваральнікамі. За тыдзень хлопец пераклаў з паўдзясятка выпускаў, пасля чаго зразумеў, што можа займацца перакладам пастаянна, і гэта падштурхнула яго да стварэння сайта. З таго часу на рэсурсе з'яўляліся новыя і новыя пераклады самых славутых серый «Чалавека-Павука», «Людзей Ікс», «Бэтмена», «Хадзячых мерцвякоў» і многага іншага.

— Тэхнічна працэс выглядае вельмі проста, — тлумачыць перакладчык. — Я выкарыстоўваю якасны варыянт выдання з інтэрнэту. Што датычыцца мовы, то ў свой час займаўся з рэпетытарам па англійскай, атрымаў адукацыю па спецыяльнасці «беларуская філалогія» і працаваў у газеце, таму спраўляюся. Аўтарскія правы? Ніякіх праблем пакуль няма, ды, мяркую, і быць не павінна. Бо мы не прыпісваем сабе аўтарства, а толькі перакладаем тэксты. Імёны складальнікаў застаюцца на сваім месцы. Да таго ж не атрымліваем з гэтага прыбытку — усё можна спампаваць бясплатна.

Паводле слоў Сяргея, у сайта ўжо склалася пастаянная аўдыторыя. Яна не надта вялікая, але прыхільная — «лайкі» новым выпускам у сацсетках звычайна ставяць адны і тыя ж людзі. У першы ж дзень пасля публікацыі комікс звычайна спампоўвае 15—30 чалавек (залежыць ад папулярнасці серыі), потым лічба павольна расце. Самыя першыя выпускі цяпер налічваюць каля 200 загрузак.

— Статыстыка наведвання суполкі паказвае, што нашы пераклады чытаюць у асноўным мужчыны ва ўзросце 25—35 гадоў, — зазначае Сяргей Козыраў. —
І гэта абсалютна нармальна: коміксы ва ўсім свеце цяпер разлічаны ў першую чаргу на аўдыторыю 18+, вытворцы падстройваюцца пад рынак. Малечы зараз падавай мульцікі, чытаць яны звычайна лянуюцца. Да таго ж з-за хуткага распаўсюджвання электронных кніг і планшэтаў выпала цэлае пакаленне патэнцыйных чытачоў. А дарослыя маюць цягу да калекцыяніравання. Не апошнюю ролю адыгрывае і фактар настальгіі, бо коміксы — гэта ўспамін пра дзяцінства.

Пры гэтым Сяргей упэўнены, што вярнуць цікавасць моладзі да друкаваных выданняў цалкам магчыма, а дапамагчы ў гэтай справе могуць менавіта коміксы.

— Цяпер нікому не хапае часу на чытанне, а коміксы — гэта тая ж літаратура, толькі бліжэйшая да кіно і серыялаў, бо ўспрымаецца больш зрокам і вобразамі, кажа хлопец. — Галоўная задача праекта цяпер — павялічыць колькасць штотыднёвых выпускаў і пашырыць аўдыторыю. У перспектыве хацелася б выпускаць і папяровыя асобнікі, але для гэтага хоць бы палова беларусаў павінна быць зацікаўлена ў чытанні коміксаў на роднай мове.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Бэтмен кажа «дзякуй»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.