Вы тут

Як у Шчучынскім раёне спрыяюць развіццю малога і сярэдняга бізнесу


У гэтым упэўніліся дэпутаты Гродзенскага абласнога Савета падчас выязной 17-й сесіі. Яны пабывалі на некалькіх прыватных прадпрыемствах, якія выпускаюць новую прадукцыю і робяць значны ўнёсак у гарадскі бюджэт.


Пра тое, што раён сапраўды добра працуе ў гэтым кірунку, сведчыць такі факт. Сёлета Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва прызнала Шчучынскі раён найлепшым для вядзення бізнесу сярод раёнаў з насельніцтвам менш за 50 тысяч чалавек. Эканамічная актыўнасць відавочная. Калі ў 2005 годзе тут было толькі тры прыватныя прадпрыемствы, то цяпер іх больш за дзвесце. Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксей Садоўскі, выканаўчая ўлада сумесна з дэпутатамі працуе на прыватнага інвестара. А гэта — нізкі кошт зямельных участкаў, добрыя экалагічныя ўмовы і стан дарог, ільготныя падаткі, шырокі выбар аб'ектаў былых вайсковых часцей.

Адзін з апошніх праектаў — фабрыка па вытворчасці шампіньёнаў. Яна пабудавана на месцы былога вайсковага аэрадрома на ўчастку СЭЗ «Гроднаінвест». Літаральна за два гады тут выраслі два комплексы, адзін з якіх ужо год паспяхова працуе, а другі ўведзены з апераджэннем графіка літаральна днямі. Гэта першая «грыбная» фабрыка ў Гродзенскай вобласці такога ўзроўню. За год тут атрымалі амаль 2,5 тысячы тон свежых грыбоў, паведаміў тэхнолаг прадпрыемства «Логал-Біа» Канстанцін Куц.

Па яго словах, прадукцыя паспяхова рэалізуецца на ўнутраным і знешнім рынку. З пускам новага комплексу магутнасць павялічыцца ўдвая. Не прападае і грунт. Цяпер ён ідзе для падкормкі раслін, але мясцовы фермер мае намер рабіць з яго канцэнтрат і выкарыстоўваць нанова. Гэта значыць, што ў хуткім часе ў Шчучыне з'явіцца яшчэ адна прыватная вытворчасць.

Калі «грыбны» завод — найбуйнейшы ў Гродзенскай вобласці, то завод «Праймілк» па выпуску малочна-тлушчавага канцэнтрату — самы маштабны падобны праект не толькі ў Беларусі, але і ў краінах Усходняй Еўропы. Ён існуе тры гады, і за гэты час пашырыў асартымент, рынкі збыту і абзавёўся сапраўднай камандай аднадумцаў. Мікраклімат накіраваны на здаровы лад жыцця.

— У нас на прадпрыемстве поўнасцю забаронена курэнне, бо гэта займае працяглы адрэзак часу — 40 хвілін, калі ўлічваць санітарныя нормы, — адзначыў дырэктар Анатоль Бяляўскі. — А выпадкі курэння непасрэдна ў вытворчых карпусах былі жорстка спынены — з усіх, незалежна ад таго, курыў работнік ці не, было знята 50 % надбаўкі да зарплаты. Некаторыя нават увогуле курыць кінулі. Забаронены і мабільныя тэлефоны, гэта сусветная практыка, ёсць кнопачныя спецыяльныя тэлефоны для сувязі. Затое кожны мае медыцынскую страхоўку. Цякучасці кадраў няма, наадварот, у аддзеле кадраў ляжыць больш за тысячу анкет, у тым ліку маладых спецыялістаў. Перш чым прыняць на работу, суіскальнік праходзіць стажыроўку тры месяцы.

Прадпрыемства пашырае лінейку прадукцыі. Цяпер тут асвоілі выпуск інгрэдыентаў на аснове малочнай сыроваткі, а налета плануюць выпускаць сыр рыкота на італьянскім абсталяванні — 30 тон у суткі. Як паведаміў галоўны тэхнолаг Павел Юрэвіч, шчучынская рыкота будзе не толькі традыцыйна тварожнага выгляду, але і ў зернях. Спажывец атрымае новую прадукцыю ў шклянках па 250 альбо 400 грамаў, а таксама для аптовых партнёраў — у вёдрах і мяшках.

Поспехі прадпрыемства станоўча адбіваюцца і на эканоміцы раёна. Растуць паступленні ў бюджэт. Напрыклад, завод сёлета заплаціў падаткаў на мільён 700 тысяч долараў у эквіваленце, з іх амаль палова трапіла ў бюджэт раёна. З гэтага года ў раённы бюджэт пачалася выплата падатку на нерухомасць у суме, эквівалентнай 61 тысячы долараў штомесяц.

У раёне будзе ў найбліжэйшы час рэалізавана яшчэ некалькі буйных бізнес-праектаў. Адзін з іх — сумесная беларуска-турэцкая вытворчасць бялковых дабавак. З Польшчай і Ізраілем ёсць планы стварыць сумесныя прадпрыемствы па вытворчасці піламатэрыялаў і дрэваапрацоўцы.

— Менавіта малы і сярэдні бізнес — гэта рухавік любой эканамічнай сістэмы. У многіх еўрапейскіх краінах ён складае асноўную частку валавога прадукту. У Беларусі, у тым ліку ў Гродзенскай вобласці, таксама робіцца акцэнт на развіццё прыватнай ініцыятывы. Але людзей трэба «разняволіць». І ў гэтым важная роля дэпутатаў. Заканадаўцам трэба звярнуць увагу на гэты сектар эканомікі, у першую чаргу на падаткаабкладанне, яго даступнасць для вядзення бізнесу, — адзначыў старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук.

Для таго каб гэты сектар развіваўся, працуе і дэпутацкі корпус. Напрыклад, у абласным Савеце цяпер 10 % — гэта дэпутаты-прадпрымальнікі, якія ведаюць праблемы знутры і садзейнічаюць іх вырашэнню. На актывізацыю дэпутацкага корпуса ў пытаннях спрыяльнага бізнес-клімату звярнуў увагу памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Іван Лаўрыновіч. Ён падкрэсліў, што неабходна вылучыць пункты росту кожнага раёна, якія будуць дапамагаць руху «лакаматыва» рэгіёна.

— У нас шмат рэзерваў у аграрным сектары, таму трэба больш укладваць у сяло, развіваць аграбізнес, спрыяць уласным інвестыцыям. Калі чалавек будзе укладваць свае сродкі ў прадпрымальніцкую дзейнасць, ён будзе трымацца за яе, яму не будзе сэнсу з'язджаць, шукаць нейкі іншы заробак, і дэпутаты павінны працаваць у гэтым кірунку, — заўважыў Іван Лаўрыновіч. — Нам важна выпрацаваць уласную формулу для жыцця, каб усім было камфортна, бо наша галоўнае багацце і патэнцыял — гэта нашы людзі і зямля.

Што датычыцца мадэлі, то ў Шчучыне яе бачаць у прыцягненні інвестыцый. Як было адзначана падчас сесіі спецыялістамі раёна, тут захавалася проста безліч аб'ектаў былых ваенных гарадкоў і баз, якія паступова атрымліваюць другое жыццё. Шмат створана вытворчых прадпрыемстваў, крам, майстэрняў, аб'ектаў «бытоўкі», грамадскага харчавання, складскіх памяшканняў. Адпрацаваны механізм продажу за адну базавую велічыню. Нядаўна на Шчучынскім аэрадроме нават адкрылі прыватны музей часоў «халоднай вайны», адзіны такога кшталту ў Беларусі. Ён размясціўся ў былым сакрэтным бункеры пад зямлёй і выклікае вялікі інтарэс беларускіх і замежных турыстаў.

Маргарыта Ушкевіч, фота аўтара

Загаловак у газеце: Ад шампіньёнаў да рыкоты

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.