Вы тут

З якімі пытаннямі прыходзілі людзі на прыём да Наталлі Качанавай


Чарговы прыём грамадзян Старшынёй Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай быў, як заўжды, насычаны рознымі пытаннямі: медыцына, жыллё і нават камерцыя. Слухаючы заяўнікаў, спікер адзначыла, што пры дапамозе такіх мерапрыемстваў можна вызначыць пытанні, якія патрабуюць карэкціроўкі заканадаўста. Многія праблемы яна бярэ пад асабісты кантроль, таму што складанасцяў у іх вырашэнні хапае.


Страта здароўя і намаганні яго аднавіць

Рыгор з Салігорска амаль 30 гадоў адпрацаваў шахцёрам на прадпрыемстве «Беларуськалій». У 2011-м ён атрымаў датэрміновую пенсію за выслугу гадоў. У гэты ж час у яго пачаў пагаршацца слых, і ён штогод праходзіў медкамісію. У 2019-м выйшла пастанова Міністэрства аховы здароўя № 74 «Аб правядзенні абавязковых і пазачарговых медыцынскіх аглядаў працоўных», якой узмацніліся падыходы да стану здароўя. І ў студзені 2020 года яго па стане здароўя вывелі з шахты. Шахцёр даказваў, што гэта прафесійнае захворванне, і мясцовыя ўрачы накіравалі яго ў 10-ю бальніцу ў Мінску, дзе ў яго выявілі нейрасенсорную тугавухасць, хранічны бранхіт і бранхіяльную астму. Ён вярнуўся да сябе ў паліклініку, дзе сталі правяраць, у тым ліку на рабочым месцы, ці прафесійныя гэта захворванні. На МРЭК у студзені 2021-га года яму прызначылі ІІІ групу інваліднасці і 15 % страты працаздольнасці. Рыгор у 55 гадоў выйшаў на пенсію. Год атрымліваў пенсію і дадаткова 15 % за страчанае на працы здароўе, а пасля выплаты зменшылі і групу памянялі. Такую гісторыю расказала на прыёме яго жонка Святлана:

— Праз год мужу знялі прафесійнае захворванне, прызначылі ІІ групу і ліквідавалі працэнт страты працаздольнасці, таму што летам 2021-га выйшла пастанова Саўміна № 304 «Аб медыка-рэабілітацыйных экспертных камісіях і медыцынскіх экспертызах», дзе сказана, што «ступень страты прафесійнай працаздольнасці не вызначаецца, калі наступствы няшчаснага выпадку на вытворчасці ці прафесійнае захворванне ў перыяд працоўнай дзейнасці не пацягнулі страты пацярпелым прафесійнай працаздольнасці да прызначэння яму пенсіі па ўзросце ці пенсіі за выслугу гадоў». І цяпер МРЭК кажа, што трэба было вырашаць гэтыя пытанні, калі пагоршыўся слы,. Чаму гэтую пастанову (2021-га) прымянілі да майго мужа, калі ён ужо прайшоў усе камісіі (у 2020-м) і год даказваў сваё прафзахворванне?

1 лютага 2022-га на МРЭК працэнты выплат па страце здароўя сапраўды абнулілі, аднак праз чатыры месяцы цэнтральная РМЭК аднавіла 5 % выплат з 15 %, патлумачыў Юрый ГОРБІЧ, намеснік міністра аховы здароўя:

— У 2019-м шахцёру была вызначана інваліднасць па асноўным захворванні, якое не з'яўляецца прафесійным, і гэта была памылка МРЭК, якая прызначыла яму 15 %. На той момант страта працаздольнасці была па асноўным захворванні. А вось у пастанове № 304 яшчэ сказана, што калі пацярпелы выконваў працу ў тых жа ўмовах без зніжэння кваліфікацыі... а прафесійнае захворванне ўзнікла пасля таго, як ён выйшаў на прафесійную пенсію, то страта вызначаецца ў 5 % (па тугавухасці), а вось хранічны бранхіт цяпер не ўлічваецца.

Наталля Качанава паабяцала асабіста вывучыць сітуацыю і заўважыла:

— Мы не будзем нікому дасылаць лісты, самі будзем разбірацца, падымем усе пастановы і вывучым іх. Я бачу, што нестыкоўкі ёсць. Чаму пастановы ўплываюць на людзей, у якіх ужо ўсё вызначана, якія ўжо атрымліваюць свае налічэнні, навошта мы іх чапаем?

Спікер Савета Рэспублікі падкрэсліла, што афіцыйныя адказы часта дасылаюць з вялікімі аб'ёмамі інфармацыі, а трэба, каб быў дакладны адказ на дакладанае пытанне чалавека.

Ірына з Баранавіч ужо дзесяць гадоў змагаецца з наступствамі вытворчай чэрапна-мазгавой траўмы сына, якую ён атрымаў у 25 гадоў. Маладому чалавеку давалі вельмі мала шанцаў, ён быў у коме. Спачатку паставілі ІІ нерабочую групу інваліднасці, цяпер яна ў яго ІІІ, і ён спрабуе працаваць, аднак хутка стамляецца, пачынаюцца болі, ён штомесяц на бальнічным.

— Раннюю рэабілітацыю сын атрымаў у Доме міласэрнасці, яе аплаціла фірма, дзе ён працаваў. Потым мы раз плацілі самі, але гэта было на той час звыш 15 мільёнаў. Цяпер штогод мы змагаемся за жыццё і хацелі б ізноў трапіць у Дом міласэрнасці, аднак гэта вельмі дорага (цяпер 3000 рублёў). А калі я да вас запісалася на прыём, мне адразу пазванілі і прапанавалі ехаць на рэабілітацыю ў Аксакаўшчыну, аднак нам тыя ўмовы не падыходзяць для позняй рэабілітацыі. Тым больш што нас адтуль адправілі і сказалі, што для нас там няма ўмоў, — падзялілася жанчына.

Наталля Качанава заўважыла, што спецыялісты высветляць, дзе, згодна з медыцынскімі паказаннямі сына жанчыны, яму можна прапанаваць найлепшую рэабілітацыю, і дадала, што ў Аксакаўшчыне праводзяць рэабілітацыю на ўсіх стадыях:

— Мы сур'ёзна займаемся аховай здароўя, у тым ліку і рэабілітацыяй, праходзіць поўны маніторынг сістэмы аховы здароўя. На дадзеным этапе я б вам парэкамендавала пагадзіцца на рэабілітацыю ў Аксакаўшчыне, а мы паглядзім і пракантралюем, што яму прызначаць: працэдуры, прэпараты. Калі такім людзям патрэбна рэабілітацыя, то варта вызначыць і патрэбную перыядычнасць у ёй.

Захоп уласнасці і дзелавая рэпутацыя

Са скаргай на незаконны захоп ва ўласнасць шляхам падробкі подпісаў прадпрыемства «Агрэст» прыйшла да сенатара пенсіянерка Галіна. Такіх былых уладальнікаў маёмасці, якую яны прыватызавалі ў 1995-м і ўкладвалі свае грошы ў яе пакупку, восем чалавек, усе на пенсіі. Пасля да іх у давер увайшлі два чалавекі, якія сталі сузаснавальнікамі. Потым новыя саўладальнікі сталі здаваць будынак у арэнду.

— За ўвесь час мы не атрымалі на капейкі (а яны атрымалі за пяць гадоў 300 тысяч еўра), не праводзяцца сходы, яны не адказваюць на нашы лісты. З 2010 года мы звярталіся ў пракуратуру, міліцыю, нам усе раяць ісці ў суд, — расказала Галіна. — Летась мы даслалі ліст у генпракуратуру, а яна пераслала яго ў гарадскую, пасля ў раённую (Партызанскага раёна), адкуль адказалі, што наш зварот ананімны і разгляду не падлягае.

Наталля Качанава даручыла Надзеі Лазарэвіч, першаму намесніку старшыні Мінгарвыканкама, каб яна разам з Мінюстам разабралася, што гэта за ўласнік будынка, тым больш што ён там не адзін уласнік:

— Хай яна сустрэнецца з ім асабіста, разбярэцца, чаму так да людзей ставіцца, што яны вымушаны судзіцца, што ён у будынку робіць. Ну няхай бы выкупіў долю і займаўся сабе далей. Ён павінен выплаціць грошы па сваіх абавязацельствах. Трэба ўвогуле паглядзець на кожны будынак Мінска. Хто ўладальнік, што там робіць, каб не было вось так. І яшчэ трэба думаць, каму здаваць будынкі ў арэнду, каб гэта не перашкаджала суседзям у жылых дамах.

Наступны заяўнік, які ў адной асобе прадстаўляе і індывідуальнага прадпрымальніка, і ўласніка гандлёвага прадпрыемства, скардзіцца на налічаныя яму 500 тысяч падаткаў. Генадзь са Жлобіна як індывідуальны прадпрымальнік набыў будынак, дзе зрабіў рамонт, а ў 2005-м стварыў гандлёвае прадпрыемства, якому ён здаваў гэты будынак, зарэгістраваны на ІП (на яго). Прадпрыемства з часам пашыралася і ў 2018-м набыло з аукцыёну яшчэ адзін будынак, які зарэгістравалі на прадпрыемства, за кошт якога зрабілі і рамонт. Цяпер на прадпрыемстве працуе 280 чалавек, дзе вырабляюць і прадаюць хлебабулачныя вырабы (каля 30 тон) і кулінарыю (55 тон).

— Я здаваў памяшканне ў арэнду прадпрыемству (свайму ж) пяць гадоў бязвыплатна. Калі справы ў прадпрыемства пайшлі, пачаў браць арэндную плату (удвая ніжэйшую за рыначную). У 2020 годзе інспекцыя па падатках і зборах запатрабавала дакументы аб узаемадзеянні ІП з прадпрыемствам. Праз два-тры тыдні я пазваніў, мне сказалі, што ўсё нармальна. Даведку не далі, бо ўсё ў парадку было. Летась Дэпартамент фінансавых расследаванняў мяне зноў папрасіў прадставіць дакументы аб узаемаразліках, і там сказалі, што не было ў мяне ніякай праверкі ў 2020-м. Мне налічылі 500 тысяч падаткаў за тое, што ІП (я) здаваў памяшканне ў арэнду узаемазалежнай асобе (прадпрыемству) без аплаты. Я аплаціў гэтыя грошы, бо сказалі, што замарозяць рахункі, а мне дзелавая рэпутацыя даражэйшая, аднак я напісаў, што з гэтым не згодны. Я неаднаразова прасіў патлумачыць, як нам працаваць далей, каб было правільна, і што рабіць. Дайшла справа і да суда, і падатковая цяпер прызнае, што ў 2020-м яны рабілі камеральную праверку.

Прадпрымальніку ставяць у віну, што і ІП, і прадпрыемства зарэгістраваны па адным адрасе (хатнім Генадзя), што ён недастаткова добра развіваў уласнае прадпрыемства, зніжаў арэндную стаўку, здымаў 70 % здабытку, які ён забіраў як ІП, а яму кажуць, што гэта абнаяўліванне сродкаў. Усе абвінавачванні разглядаюцца ў комплексе, хаця прамых забарон законам і парушэнняў яго няма.

— Вы наўмысна зрабілі так, каб у прадпрыемства была павялічана затратная частка і яно магло плаціць менш падаткаў на прыбытак і падаходных падаткаў. З 2010 года прадпрыемства не выплачвае дывідэнды. Навошта плаціць, калі можна знізіць арэндную плату і тут жа зняць грошы на ўласнае карыстанне. Аднак калі б гэта было нейкай іншай кампаніі, а не самому сабе... Мы адштурхоўваемся ад тых фактаў, якія былі выяўлены ў ходзе праверкі. Даваць іншую кваліфікацыю вынікам праверкі я не маю права, — патлумачыў Уладзімір МУКВІЧ, намеснік міністра па падатках і зборах.

Такое адчуванне, што хтосьці тут недагаворвае, заўважыла спікер Савета Рэспублікі і даручыла разабрацца ў пытанні Камітэту дзяржкантролю, бо тут шмат незразумелага:

— Прадпрыемства сябе зарэкамендавала, і чалавеку трэба разумець, што рабіць. ІП закрываць, ці што? Трэба патлумачыць, што забаронена законам, а што не. Ён правільна пытае, што ён парушыў, што супрацьзаконна. За нешта ж завялі на чалавека крымінальную справу. Мы зараз разглядаем змяненні законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці, дык давайце прапішам, што нельга быць у адной асобе і ІП, і прыватным прадпрыемствам. Каб не было такіх сітуацый, што чалавек, здаецца, усё робіць па законе, а праблемы ёсць. Трэба ўнесці ў заканадаўства змены і абазначыць, што нельга рабіць, — рэзюмавала Наталля Качанава.

Падатковыя органы, магчыма, павінны збіраць ІП і прыватныя прадпрыемствы і тлумачыць, як і што яны павінны рабіць, заўважыла яна.

Жыллё для дзядулі і аб'яднанне сям'і

На прыём да Наталлі Качанавай прыйшлі Ігнацій і Ганна з просьбай дапамагчы маладой сям'і аб'яднацца. Жонка працуе ўрачом у Вілейцы, а муж — у дарожна-будаўнічым упраўленні ў Віцебску, і ім прыходзіцца жыць паасобку, таму сужэнцы хочуць, каб жонку пераразмеркавалі да мужа ў Віцебск.

— Я вам нічога не магу паабяцаць, тым больш што ў вас было мэтавае накіраванне, і гэта няправільна. Трэба падумаць, як зрабіць, каб і Вілейка не пацярпела, бо нам патрэбны там урачы-неўролагі, аднак і ў Віцебску яны патрэбны. Калі мы зможам знайсці нейкую адэкватную замену, магчыма, нехта захоча пераехаць працаваць у Мінскую вобласць, то можна будзе вырашыць праблему, адным словам, паспрабуем, — паабяцала Наталля Качанава.

Парламентарый дадала, што яна «за тое, каб у Віцебскай вобласці асядалі людзі, і трэба рабіць усё, каб там людзі заставаліся. На Міншчыне ў нас парадак».

Прыйшоў скардзіцца на адсутнасць жылля і 65-гадовы мужчына, які сцвярджае, што 30 гадоў абівае парогі ўстаноў, каб атрымаць сваё жыллё.

— 10 ліпеня 2020-га мужчына зарэгістраваны па дагаворы найму ў доме ў Смалявічах. 4 верасня 2020-га ён прыняты на ўлік асоб, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у Смалявіцкім райвыканкаме. Быў тады 1600-м у спісе. У асобным спісе на права атрымання сацыяльнага жылля мужчына быў 200-м (цяпер ён у гэтым спісе 164-ы). І яшчэ ён як інвалід ІІ непрацоўнай групы ўнесены (па асобнай падгрупе) за нумарам 6. Аднак адпаведна з артыкулам 98 Жыллёвага кодэксу ён не мае пераваг і знаходзіцца ў чарзе, як і астатнія, — пракаментаваў скаргу Віктар РАГУСКІ, намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама, які дадаў, што з улікам хуткасці ўзвядзення жылля ў Смалявіцкім раёне для тых, хто мае ў ім патрэбу (сацыяльнае жыллё атрымаў 41 чалавек за два гады), чарга да яго дойдзе ў лепшым выпадку гады праз чатыры.

— Пераскочыць чаргу ніхто не мае права. Я не магу вам без чаргі выдзеліць жыллё, — заўважыла Наталля Качанава і прапанавала яму паспрабаваць варыянт арэнднага жылля па чарзе. — Сацыяльнае і арэнднае жыллё сёння не прыватызуецца і не прадаецца, таму раю вам паспрабаваць арэнднае жыллё. Яго вы можаце атрымаць ужо зараз, а сацыяльнае — праз чатыры гады.

Тут жа падлічылі, што мужчыну гэта абыдзецца ў 120—150 рублёў у месяц плюс налічэнні за камунальныя паслугі (50 %, бо ён інвалід). Са сваёй пенсіі ў 700 рублёў мужчына гэта пацягне, заўважыў ён і адразу пагадзіўся на прапанову сенатара, якая паабяцала, што будзе трымаць на кантролі пытанне атрымання мужчынам жылля.

Ірына СІДАРОК

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.