Вы тут

Мікола Маляўка: «З выраю сумнага ў вечнасці я на Зямлю пагляджу»


Мікола Маляўка: «З выраю сумнага ў вечнасці я на Зямлю пагляджу»

* * *

Прыйдзе час — і расступіцца

Зорнага свету мяжа:

Там, у жыцці наступным,

Знойдзе прытулак душа.

З выраю сумнага ў вечнасці

Я на Зямлю пагляджу —

Сонцам ясным расквечаную,

Мокрую ад дажджу.

Затуманяцца вочы

Ад любві і тугі —

І вярнуцца захочацца

Зноў у свет дарагі:

На разлогі прывольныя,

На крутыя шляхі —

Да Купальскага вогнішча,

У лістапад і снягі…

Ды расступіцца не зможа

Роднага свету мяжа —

І над Зямлёю самотная

Будзе кружыцца

Душа.

Мікола МАЛЯЎКА


4 красавіка не стала выдатнага беларускага паэта Міколы Маляўкі. Зямляк народнага Песняра Якуба Коласа, ён дастойны быў яго імя і годна, з Коласавай рупнасцю працаваў у літаратуры больш за 60 гадоў. І не толькі колькасць выдадзеных ім кніг (каля паўсотні ў розных жанрах — паэзіі, прозе, дзіцячай літаратуры, публіцыстыцы, сатыры і гумару) гаворыць аб маштабе яго асобы.

Праз усю творчасць Мікола Аляксандравіч высока нёс паэтычны сцяг, раўняўся на найлепшых айчынных пісьменнікаў. Прафесар, доктар філалагічных навук Алег Лойка лічыў, што паэзія Міколы Маляўкі параўнальна з творчасцю народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна.

Ён скрупулёзна ставіўся да кожнага верша, аздабляў яго рознымі выяўленчымі сродкамі, заўсёды завяршаў глыбокай думкай. Радок яго напяты, як цеціва. А як ён любіў свой родны край, наднёманскую зямлю, людзей, мову, відаць вось з гэтых кароткіх радкоў, вынесеных на апошнюю старонку вокладкі нядаўняй кнігі «Слухаю дождж»:

Нялёгка бывае —

Трываю.

На роднай мове спяваю,

На роднай мове малюся.

«З якога ты краю, паэце?» —

Спытаюць у лепшым свеце.

І я адкажу:

«З Беларусі».

Яму, сыну слыннай вёскі Мікалаеўшчына, усё балела ў душы, бо ён з гадамі не забыў сцежку да роднага парога, да знаёмых змалку ваколіц і людзей, удзячны ім за тую навуку і жыццёвую мудрасць, якімі яны шчодра дзяліліся з паэтам у маленстве і далёкім ужо юнацтве.

Я тут, сярод аднавяскоўцаў, рос,

Вучыўся ў іх, калі было мне туга,

Давер’ем даражыць, не падаць духам…

Ад першага зборніка вершаў «Едуць маразы» да самай апошняй кнігі «У райскім садзе і ў жыцці», якую, на вялікі жаль, Мікола Маляўка не пабачыў, а мы патрымалі ў руках у дзень пахавання паэта, прайшлі дзесяцігоддзі. У іх — не толькі біяграфія самога паэта, але і краіны. Вершы, балады, санеты, паэмы расказваюць пра наш час, жыццё, пра страшную вайну, равеснікам якой быў сам аўтар, і высокае пачуццё — каханне.

У гэтым часавым прамежку і галоўная кніга Міколы Маляўкі — «Старая зямля». Складзена яна з 450 санетаў, якія паэт любіў ствараць апошнім часам. Мікола Чарняўскі, які сябраваў з паэтам больш за паўвека, напісаў: «Паэтычнай энцыклапедыяй жыцця беларускага народа дарэвалюцыйнага перыяду называюць крытыкі і літаратуразнаўцы “Новую зямлю” Якуба Коласа. І гэта сапраўды так. А кнізе Міколы Маляўкі яшчэ не хапае па-сапраўднаму сур’ёзнай і зацікаўленай гаворкі пра яе мастацкія вартасці, глыбіню паказу падзей і людскіх лёсаў, разнастайнасць паэтычных вобразаў і літаратурных персанажаў. “Старая зямля” — гэта кніга лёсу адной вёскі не далёкага дзесьці, а нашага часу, можна сказаць, драма яго роднай Мікалаеўшчыны. І ці толькі яе адной?!»

Радкі збіраў я сэрцам і душой,

Як кветкі, рассыпаліся санеты

Зімы і восені, вясны і лета.

Тады я спырснуў іх жывой расой,

Спавіў з любоўю светлай дзеразой,

Каб сталі для мяне і вас букетам…

Ад незабыўных радкоў з першай кнігі Міколы Маляўкі «Чую галасы, // Недзе за гародамі, // Едуць маразы // З белымі бародамі…» да вышэйпрыведзеных, можна сказаць, класічных, працягвалася яркая творчасць паэта. І, як сцвярджаюць некаторыя, не да канца ацэненая. Хоць Мікола Маляўка меў нямала ўзнагарод. Ён атрымаў Літаратурную прэмію імя Аркадзя Куляшова і «Залаты Купідон», прэмію Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Нацыянальную літаратурную прэмію, Спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Узнагароджаны медалямі «Францыск Скарына», «За вялікі ўклад у літаратуру».

Імкнучыся ісці ўпоравень з часам, паэт да апошніх дзён не спыняўся ў пошуку, жыў творчасцю.

Паэты-сябры, пісьменнікі-землякі


Мікола ЧАРНЯЎСКІ

Сустрэча

Памяці найлепшага сябра

Міколы Маляўкі

Не верыцца, што так было…

Той даўні інтэрнат… Тады пад вечар

Звяла нас нечаканая сустрэча,

Каб стаць сябрамі, запаліць святло,

Што ў сэрцах трапятліва ажыло

Цяплом даверу, шчырасцю хлапечай

І роднасцю па-свойму чалавечай, —

Нас ці не гэта праз гады вяло?

Змяняўся час, ты ж рупіўся заўсёды,

Збіраў радкі, як пчолы мёд у соты,

На лесасеках, на сваёй зямлі.

Твой творчы след — не дзічка ў полі:

Раяцца рыфмы, ладзяць баль чмялі,

Каб пустацвет не ўбіўся ў сад ніколі.

Займеўшы дар,

Ты шчыраваў нястомна

Душы на радасць

І на здзіў гадам…

Зязюля закукуе па-над Нёмнам,

Ды ўжо яе ты

Ці пачуеш ТАМ?


Казімір КАМЕЙША

Развітальнае

Памяці аднадумца, земляка Міколы Маляўкі

Вось так і скончыўся твой шлях,

Святліста пачаты аднойчы.

І там, дзе сыходзіцца з небам зямля,

Пагаснуць і зоры, і вочы.

Лілося Нёманам гэта святло,

Спляталася ў дзіўную повязь.

Усё жыццё спавядальным было,

Нават смерць — гэта тая ж споведзь.

Ідзеш той дарогай, што выбера час,

Інакшай дарогай не пойдзеш.

І спавядальнае слова нас

Кліча, казаў ты, на подзвіг.

Апошні твой промень праз хмары і снег

Праб’ецца, і людзі пабачаць:

Ён толькі хацеў усміхнуцца вясне

І тут жа з ёй разам заплача…

Зярняткамі жытнімі ласкавых слоў

Жадаў ты засеяць палетак,

Каб смерці ніколі зусім не было

У гэтых сцяжын,

Гэтых думак

І кветак!


Анатоль ЗЭКАЎ

Застаюцца вершы

Наўздагон Міколу Маляўку

Забіраюць нябёсы лепшых,

а па праўдзе, то з гадамі ўсіх,

ды на памяць застаюцца вершы

ад паэтаў, сёння нежывых.

Хай яны ўжо і не могуць самі

вершаў нам прачулых прачытаць,

іхнімі жывымі галасамі

вершы над прасторамі гучаць.

І лунаць ім, покуль мы на свеце

і нашчадкі нашы будуць жыць,

бо не знаць ніколі вершам смерці —

значыць, і паэтаў не забыць.


Іна ФРАЛОВА

На смерць паэта

У сне паэт паклікаў… маці:

Пад сэрцам грыз нясцерпны боль.

Каса ўжо мелася пры каце.

Увышкі падлятала столь,

калі лязом у плоць жывую…

— Прыйшла? Чаму цябе не чую?..

Пад раніцу стагнаў паэт.

А маці,

маці,

маці,

маці

Даўно сышла ў лепшы свет.

Вось і яго мінулі леты.

Ды здарыўся няйначай цуд?!

На ўздых апошні: «Маці, дзе ты?»

Радзіма выдыхнула: «Тут!»


Яўген ХВАЛЕЙ

Ты любіў…

Памяці сябра, занёманскага земляка Міколы Маляўкі

Ты любіў свой родны край

І зямлю ў лясах над Нёмнам…

Тут табе быў светлы рай

І ў зацішку сосен цёмным.

Норты Нёмана, бары —

Акуні, баравікі…

Не ўпускаў свае пары,

І ў паэзіі — такі…

Песняра, як земляка,

Быў дастойны ты —

То пацвердзіць і рака,

Падракітны вір круты.

Ты любіў свой родны край

І зямлю ў лясах над Нёмнам…

Што ж, зямляча мой, «Бывай!» —

Плача дождж над вёскай помна…


Алесь КАМАРОЎСКІ

Глядзіце…

Памяці майго настаўніка ў паэзіі, сябра Міколы Маляўкі

Глядзіце часцей у неба,

На месяц і зоры глядзіце,

Бо неба — прадвесне хлеба

І душы мінулых жыццяў.

Глядзіце часцей на зыркі

Агонь, што палае на ўлонні,

Іскры яго, як зоркі,

Уражваюць і палоняць.

Глядзіце часцей на плыні,

Яны — жыццядайныя лекі:

Вада захлынаецца ліўнем —

І аджываюць калекі.

Глядзіце часцей на глебу,

Смакуйце яе рукамі,

Бо глеба — аснова хлеба,

Карміла яна вякамі.

Глядзіце часцей на любых,

Не крыўдзіце нават словам,

Цалуйце іх вабныя губы,

За імі — жыцця аснова.

Глядзіце… Глядзіце… Глядзіце

На помнікі з зоркамі паўшым.

Пад небам высокім прайдзіце,

На ім — настаўнікі нашы.


Дзмітрый ДЗЕМІДОВІЧ

За цябе…

Памяці сябра, суседа ў Мікалаеўшчыне і Мінску Міколы Маляўкі

Спі, мой дружа, спакойна і ціха.

За цябе будзе ранак страчаць

На высокай таполі бусліха

І адвечную песню спяваць.

Заспакоіць душу паэта

Шум лістоты бялюткіх бяроз.

Наша памяць, сяброўствам сагрэтая,

Твой прадоўжыць закончаны лёс.


Вольга НОРЫНА

На сыход Міколы Маляўкі

Міколу зіма невыноснай была

У палоне кватэры.

Хацелася волі, вясны і цяпла,

І з жонкаю Верай

У вёску.

А восенню — у лес па грыбы.

Напіцца прасторы.

На сцежках дзяцінства, па нотах нібы,

Складаюцца творы.

Цяпер назаўсёды паэтаў абшар,

Бацькі каля дома…

Яго легкакрылая птушка-душа

Зляцела на Нёман.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.