Вы тут

​М@rt.кантакт-24 пашырае межы


У чацвер перад Магілёўскім драмтэатрам было асабліва весела і шумна. З балкона тэатра, дзе калісьці спяваў нават вялікі Шаляпін, іграў трубач — сімвал горада на Дняпры. Не той, што на Ратушы, а паважаны кіраўнік Магілёўскіх гарадскіх аркестраў Аляксандр Гарадкоў. Гэта было вельмі пранікнёна і ўзнёсла. А на самой тэатральнай плошчы развярнулася захапляльная пластычная кампазіцыя «Жывая афіша» з удзелам жывых скульптур. Гогаль, Дастаеўскі, Пушкін — класікі нібыта ажылі і зышлі са сваіх недасягальных п’едэсталаў вядомасці ўніз да нас, простых смяротных. Так чароўна і як заўсёды раптоўна пры ўсёй сваёй чаканасці да нас зноў завітаў непараўнальны ні з якім іншым М@rt.кантакт.


Па чырвонай дарожцы да тэатра прайшлі ганаровыя госці форуму — заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі Алена Барзова, вядомыя крытыкі і тэатразнаўцы Вікторыя Ярмалінская, Віктар Шрайман, Віталь Катавіцкі, Анастасія Іванова ... Магіляўчане віталі тэатральныя калектывы, якія першымі прыехалі ў Магілёў — драмтэатр «На Ліцейным» з Санкт-Пецярбурга на чале з мастацкім кіраўніком-дырэктарам Сяргеем Марозавым, Кыргызскі дзяржаўны тэатр юнага гледача ім. Бакен Кыдыкеевай з яго дырэктарам Таалайбекам Тургуновым, Ерэванскі дзяржаўны рускі драмтэатр ім.К. Станіслаўскага і яго мастацкага кіраўніка Карэна Нэрсісяна і шматлікіх іншых гасцей форума. 

Першы спектакль — «Жаніцьба» адбыўся яшчэ за дзень да афіцыйнага адкрыцця. Артысты Магілёўскага драмтэатра зрабілі яго пад кіраўніцтвам знакамітага расійскага рэжысёра пермскага тэатра «У Моста» Сяргея Фядотава. Поспех быў гарантаваны з самога пачатку. Фестывальную эстафету другога дня прынялі Алена Барзова з монаспектаклем «У разрыве аблокаў» , драмтэатр «На Ліцейным» з пастаноўкай «Антарктыда» і Ладзейнапольскі драмтэатр-студыя «Апрель», артысты якога падарылі гледачам лірычную гісторыю адной сустрэчы пад назвай «Двое на арэлях». 

Але перад гэтым першымі на сцэну Магілёўскага драмтэатра вышлі паважаныя арганізатары. З пачаткам наступнага тэатральнага свята гледачоў павіншавалі начальнік упраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў Міністэрства культуры Іна Адамовіч і начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Аляксандр Жыгун. Яны зачыталі віншавальныя радкі ад старшыні Магілёўскага аблвыканкама Анатоля Ісачанкі і міністра культуры Анатоля Маркевіча.

Міжнародны маладзёжны тэатральны форум завітаў у Магілёў у 17 раз. У яго праграме 23 спектаклі тэатраў з Беларусі, Расіі, Арменіі, Балгарыі, Казахстана, Кыргызстана. У рамках спецыяльнай праграмы адбудуцца творчыя сустрэчы і майстар-класы педагогаў, драматургаў, вядомых рэжысёраў, артыстаў сярод якіх Мікалай Каляда, Сяргей Фядотаў, Людміла Бялова, Ганна Бальшова, Аляксей Байдакоў. Запланаваны сустрэчы і майстар-класы ўдзельнікаў форуму з маладымі артыстамі і навучэнцамі тэатральнага аддзялення Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў. У рабоце маладзёжнага журы сёлета задзейнічаны студэнты Расійскага інстытута тэатральнага мастацтва. 

За некалькі хвілін да пачатку форума першымі ўражаннямі ад сустрэчы з ім і тымі спадзяваннямі, якія на яго ўскладае, падзялілася доктар мастацтвазнаўства, тэатральны крытык Вераніка Ярмалінская.

— Фестываль гэта заўсёды чаканне новых адкрыццяў, спектакляў, імён, перадусім у драматургіі, дзе апошнім часам назіраецца зацішша. А новыя калектывы прывозяць нейкія асаблівыя спектаклі і мы разам з гледачом адкрываем для сябе новыя імёны. Афіша вельмі нечаканая, насычаная, вялікая праграма расійскіх тэатраў, азіяцкіх — Арменіі, Кыргызстана, Казахстана, цікавая праграма беларускіх тэатраў. Усё новае і чакаю ад кожнага спектакля чагосьці незвычайнага. Такі вось менавіта маладзёжны форум у нас у краіне адзін, ён штогод збірае самыя лепшыя тэатральныя творы. Самае цікавае, крэатыўнае, эксперыментальнае. 

Сёлета экспертнае журы форума ўзначальвае расійскі і ізраільскі тэатральны рэжысёр, акцёр, педагог, крытык Віктар Шрайман. І ён чакае ад фестывалю ... радасці. 

— Работа работай, але я як чалавек, які любіць тэатр з дзяцінства, заўсёды чакаю радасці, — прызнаўся ён. — У мяне просты падыход: калі два-тры спектаклі атрымаліся, фестываль адбыўся. Таму чакаю радасці. І разумею як старшыня журы адказнасць. Усякае новае маладое пакаленне, як правіла, змятае ўсё старое, усе папярэднія каштоўнасці — і эстэтычныя, і нават сэнсавыя. Пасля такой рэвалюцыі адбываецца своеасаблівае ачышчэнне і адраджэнне мастацтва часам праз неразуменне, цяжкасці. Важна, што сюды прыязджаюць артысты, рэжысёры, калектывы з розных тэатраў, гарадоў, краін. Гэта магчымасць зверыць творчыя гадзіннікі. Тэатры не павінны варыцца ў сваім соку, могуць скласціся ілжывыя каштоўнасці.

Пастаянны удзельнік фестывалю і яго нязменны крытык загадчык кафедры рэжысуры Беларускай Дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Віталь Катавіцкі лічыць, што магілёўскі фестываль дапамагае глыбей творча інтэгравацца ў творчасць іншых краін. 

— Быў час, калі мы акунуліся ў форму, думалі, што гэта галоўнае, і забыліся пра змест, — разважае ён. — У выніку шмат трукаў, знаходак, а вось чалавек страціўся. Ідэнтыфікацыя персанажа з гледачом не адбываецца. І зараз ёсць патрэба ў спектаклях, з героямі якіх хацелася б зліцца. 

Магілёўскі тэатральны фестываль знайшоў сваё месца ў культурнай афішы Беларусі і ззяе там яркай зорачкай. І яго значнасць толькі ўзрастае. Асабліва сёння, калі разбураюцца і парушаюцца агульначалавечыя каштоўнасці. Яго моц закладзена нават у назве. Март — сакавік, вясна, калі ўсё адраджаецца і прачынаецца надзея на будучае, а кантакт —аб’яднанне. Місія тэатра аб’ядноўваць людзей, тэатры, краіны. 

На думку начальніка ўпраўлення Міністэрства культуры Іны Адамовіч, магілёўскі форум — гэта маштабная яркая культурная падзея, ролю якой у папулярызацыі беларускага тэатральнага мастацтва і не толькі цяжка перацаніць.

— Сёлета праграма форума пашырана за кошт пастановак для дзяцей і моладзі. І гэта цудоўна, — адзначыла яна. — Сімвалічна, што прадстаўлены рэгіянальныя тэатры Беларусі. Пераканана, што нашы тэатры пакажуць высокі ўзровень і адкрыюць новыя імёны рэжысёраў і акцёраў. Мастацтва аб’ядноўвае краіны і кантыненты. Як на «Славянскім базары»: праз мастацтва — да міру і ўзаемаразумення. 

Форум толькі пачаўся, але з самога пачатку ўзяў высокі старт. Першыя спектаклі выклікалі шмат эмоцый і разважанняў. Расійская артыстка тэатра і кіно Расійскай Алена Барзова некалькі гадоў таму ўпершыню прыехала на форум і ўлюбілася ў Магілёў. На гэты раз яна вырашыла зрабіць яму падарунак, падзяліцца сваімі самымі патаемнымі перажываннямі. Монаспектакль «У разрыве аблокаў» паводле паэмы яе мужа, знакамітага паэта-песенніка Мікалая Зіноўева «Евангелле ад Каметы» вельмі асабісты. 

— Мае сябры назвалі спектакль паэтычны перфоманс і я пагадзілася з імі, — расказала артыстка пра сваю пастаноўку. — Майго мужа Мікалая Зіноўева ўсе ведаюць як аўтара такіх хітоў як «Паромшчык», «Казанова», «Дэльтаплан», «Зялёнае святло». Калі мы з ім пазнаёміліся і ён прачытаў мне сваё «Евангелле ад Каметы», для мяне гэта быў стрэс, я зразумела, што перада мной паэт з вялікай літары. Магчыма, гэта і адыграла ролю, што я стала яго жонкай. І зараз, калі яго няма, я стварыла спектакль, у якім акрамя паэмы, ёсць іншыя яго паэмы і вершы. Там і відэарад, і песні, і прылёт каметы Галея, і я — у розных вобразах…

Наперадзе шмат новых цёплых тэатральных вечароў. І што знамянальна. Сёлета М@rt.кантакт не абмяжоўваецца адным тыднем. Цудоўным яго працягам стануць гастролі знакамітага Екацярынбургскага тэатра Мікалая Каляды, якія пазначаны ў тэатральнай афішы на апошнія чыслы красавіка. «Каляда-тэатр» сёлета завяршае фестывальную праграму М@rt.кантакта і працягвае сваёй гастрольнай. Улічваючы, што сёлета год юбілею Мікалая Гогаля, тэатр пакажа некалькі пастановак па яго творах — «Тарас Бульба», «Сарачынскі кірмаш», «Мертвыя душы». Акрамя гэтага, артысты з Урала парадуюць сваіх юных гледачоў пастаноўкамі «Канёк-гарбунок» і «Кот у ботах».

І яшчэ адна вельмі важная асаблівасць сёлетняга форума. На працягу ўсіх яго дзён будзе арганізавана работа мабільнай экспазіцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, прымеркаваная да 80-й гадавіны вызвалення Беларусі. Для наведвальнікаў з білетамі на любы спектакль тэатральнага форуму ўваход бясплатны. 

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.