Вы тут

«Гаспадыня Купалавага Дома»: імпрэза, прысвечаная Уладзіславе Луцэвіч


У Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы адбылася імпрэза «Гаспадыня Купалавага Дома», прысвечаная жонцы паэта Уладзіславе Францаўне Луцэвіч. Мерапрыемства прайшло ў межах культурна-асветніцкага праекта «Музыка ў музеі», прымеркаванага да 80-годдзя музея. Уладка, Купаліха, цётка Уладзя, Уладзіслава Францаўна — шмат імён мела гаспадыня Купалавага дома. Як першы дырэктар музея паклала пачатак ушанаванню памяці паэта. Дзякуючы ёй установа святкуе сваё 80-годдзе. Уладзіслава Францаўна шмат працавала ў архівах, выдавецтвах, ладзіла ўрачыстыя вечары і арганізоўвала беларускія чытанні, супрацоўнічала з замежнымі пісьменнікамі, каб захаваць памяць пра Янку Купалу не толькі на радзіме, але і за мяжой. «У гісторыі бацькаўшчыны яна была не толькі як паплечніца, жонка першага народнага паэта Беларусі, а таксама як грамадскі дзеяч, аддала ўсю сябе сваёй краіне», — адзначыла дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Ганна Галінская. 


Фота з адкрытых крыніц

Па адукацыі Уладзіслава Францаўна педагог, працавала настаўніцай і выхавацелькай у дзіцячых прытулках. Сваіх дзяцей не было, але многія выхаванцы лічылі яе маці. Цётка Уладзя падтрымлівала маладых аўтараў, натхняла іх пісаць п’есы, якія сама ставіла. Усё сваё добрае сэрца яна аддавала чужым людзям. Памерла 25 лютага 1960 года, але і дагэтуль яе жыццёвы шлях і светлы вобраз натхняе пісьменнікаў. Паэт, празаік, перакладчык Віктар Шніп прысвяціў гаспадыні Купалавага дома баладу, якую на мерапрыемстве прачытала пісьменніца Людміла Рублеўская. 

...Без любові шчырай Беларусь не будзе

Вольнаю краінай, як хацеў Купала,

Пра якую разам думалі нямала...

У музеі светла, як у роднай хаце.

І цябе ўсе называюць цётка Уладзя.

Людміла Рублеўская шмат працавала з дакументамі, якія датычыліся Уладзіславы Францаўны. Пісьменніца звярнула ўвагу на артыкул «Пяць абліччаў Уладкі», які напісала сама жонка паэта. Станкевічанка — маладая дзяўчына, з гарачым сэрцам, якая працуе на беларушчыну; Уладка — муза, у якую закахаўся Янка Купала; Купаліха — жонка знакамітага беларускага паэта; цётка Уладзя, якая сапраўды была падтрымкай для маладых творцаў; Улада — грамадскі дзеяч, займалася ўшанаваннем памяці народнага паэта Беларусі.

Спецыяльна да мерапрыемтва была падрыхтавана выстаўка з калекцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, прысвечаная Уладзіславе Луцэвіч. У экспазіцыі прадстаўлены дакументы, якія распавядаюць пра першыя крокі жонкі паэта да стварэння музея. Сярод прадметаў — творы вядомага беларускага скульптара Льва Гумілеўскага, аднаго з аўтараў помніка Янку Купалу. Работа майстра прысвечана Уладзіславе Францаўне і названа «Апошняе развітанне». На прадстаўленых фотаздымках можна ўбачыць Янку Купалу з яго маладой жонкай адразу пасля вянчання, Уладзіславу Францаўну ў Смаленску і за дырэктарскім сталом. 

Канцэртную частку мерапрыемства падрыхтвалі выкладчыкі і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. У праграме — творы беларускіх і замежных кампазітараў.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.