Вы тут

Жывая Канстытуцыя


У Беларусі час шматгалосся. Услухайцеся: цурчыць мелодыя жыцця. Вясна. Як леташні снег ручайкамі ўцякаюць змрочныя думкі, скептыкі пачынаюць верыць у будучыню, панурыя людзі — усміхацца. Прырода скінула з сябе зімовае футра, яшчэ трошкі — і загучыць птушыны шчэбет. Душу абуджае мелодыя «Гукання вясны». Аўтэнтычны абрад, які перадае беларускі нацыянальны характар, лінія, якая, нібыта ўзор слуцкага пояса, злучае наша мінулае з будучыняй.


Фота БелТА

Для продкаў гэтая пара года заўсёды была сакральнай. Сакавік — гэта яшчэ заўжды Вялікі Пост. Час будзіць сваю душу, спаліць у вогнішчы пакаяння грахі, шкодныя звычкі, скінуць з сябе груз крыўдаў. Вясна — час надзеі. Так было і ў эпоху сахі, так і сёння падчас энерганасычаных трактароў. Час сяўбы. А сёлета з пачаткам земляробчага года супала яшчэ і палітычная вясна. Пасеяны зярняты новага палітычнага складу.

Так супала — 30 гадоў Канстытуцыі і 30 гадоў інстытуту прэзідэнцтва. За гэтыя гады грамадства ў эканамічным, тэхналагічным, нават гуманітарным плане ступіла наперад. А вось нацыянальная самасвядомасць, гістарычная адказнасць і інфармацыйная гігіена адсталі.

Пры гэтым камфортнае асяроддзе — пры добра заканспіраванай мімікрыі касмапалітызму і дзяржаўнай няспеласці — спрыяла гіпертрафіраванаму запалу да «неверагодных перамен». Нейкую частку беларусаў упэўнілі, што аўтар развіцця краіны з’яўляецца ворагам далейшага развіцця кіраўніцкага росту. А, між тым, нашы канстытуцыйныя перамены пачыналіся менавіта з ініцыятыў Лукашэнкі. Ён заўсёды тонка адчувае і запыты грамадства, і гістарычнасць моманту. Першы пра гэта казаў задоўга да падзей 2020-га. На жаль, не пачулі.

Першая суверэнная Канстытуцыя ў 1994-м была напісана з павагай, але ў «запале». Савецкім ідэалам нават большасць былых камуністычных эліт здрадзіла, а новыя ідэі былі хісткія. Народ прыкіпеў да чорнай заморскай газіроўкі, а эліты былі адурманены напоем заходняй дэмакратыі. Ужо праз два гады адбыўся крызіс улады. І Прэзідэнт параіўся з народам. Замест танкавых дывізій у Мінск на УНС з’ехаліся прадстаўнікі беларускага грамадства. На сход грамаду паклікаў першы Прэзідэнт. Ужо тады быў зроблены вельмі мудры крок. І беларусы выбралі прэзідэнцкую рэспубліку, улічваючы зразумелую персаніфікацыю. Людзі сэрцам адчулі!

Калі б тады Канстытуцыя стала іншай, то і краіна ўжо б была без дзяржмедыцыны, дзяржактываў, вышэйшая адукацыя стала б вотчынай сталічных багацеяў і немінуча грамадства было падзелена. Напішу больш даходліва — не па барбершопах і супермаркетах хадзілі б, а па пакутах вымушанай працоўнай міграцыі. Першая рэдакцыя змен у Канстытуцыі была свайго роду абярэгам. Ад чаго? Ад усяго, што перажылі нашы суседзі. А змены, якія ўсе разам прынялі ў лютым 2022-га, — самыя народныя.

Вось цяпер наша Канстытуцыя павінна стаць страхоўкай ад усялякага роду забыццяў і ўваходжанняў у чужыя дзяржаўныя ўтварэнні. З аднаго боку, было вельмі важна правільна захаваць карысныя і правільныя нормы, пераемнасць заканатворчай думкі, з другога — скіраваь запыты грамадства і заканадаўчую рэакцыю на выклікі сучаснага свету. Мы і паставіліся з павагай да тых норм, якія дазволілі нам паступальна развіваць краіну, адвесці нашу дзяржаўнасць ад прорвы, абысці ашалелыя шляхі нацыянальнай дэградацыі. У нас атрымалася. У многіх іншых выйшла па-рознаму. Значыць, мы стварылі правільны дакумент! Амаль тры дзесяцігоддзі рухаліся наперад.

Рэдка хто так пісаў сваю Канстытуцыю. Асабліва цяпер у свеце дыктатуры глабальных транскарпарацый. Звычайна над галоўным дакументам краіны працуюць кялейна. Выбраны істэблішмент, і часта пад дыктоўку ценявых цэнтраў сусветнай сілы. А ў нас было галосна, справядліва і адкрыта. Нават у складзе камісіі былі і не толькі светачы прававой думкі, але ўвесь зрэз грамадства. Неверагодна дэмакратычна. Дыялогавыя пляцоўкі ахапілі ўсіх неабыякавых. А ўсе прапановы грамадства пералапацілі найлепшыя юрысты краіны.

Першы проста паказаў, што перамены бываюць цывілізаванымі, а заадно нагадаў усім нам пра рысу нацыянальнага характару — памяркоўнасць, а гэта і інтэлігентнасць, і разважлівасць. Добра, што ёсць каму нагадаць!

Абноўленая Канстытуцыя — таксама рэакцыя на запыт часу. У краіне прайшоў адзіны дзень галасавання, які стаў яшчэ і днём кансалідацыі грамадства. Беларусы вызначыліся не толькі са сваімі прадстаўнікамі ў Авальнай зале, але і тым самым падтрымалі дзейны курс дзяржавы, сэнсы і тэндэнцыі развіцця краіны. Электаральна падмацавалі легітымнасць цяперашняй улады і цяперашняй Канстытуцыі.

Канстытуцыя — гэта не застылы артэфакт прававых ідэй. Гэта грамадская дамова, якая носіць палітыка-прававую форму. І гэтая грамадская дамова павінна была стаць свайго роду дарожнай картай стратэгічнага развіцця ўсіх інстытутаў, грамадства і дзяржавы на найбліжэйшыя дзесяцігоддзі наперад. Але разам з тым Канстытуцыя — носьбіт сэнсаў, заканадаўчы маяк. Таму і ўнесены нормы, якія аберагаюць спрадвечныя каштоўнасці, зададзены трэкі на развіццё дзяржаўнасці і арыентацыю беларусаў як грамадзян незалежнай дзяржавы — усё гэта заканадаўчы адказ дзікай глабалізацыі і татальнаму расчалавечванню.

А яшчэ ў Асноўным Законе прапісаны і механізмы страхоўкі ад палітычнага крызісу, узмацняецца роля парламентарызму, і размеркаванне паўнамоцтваў, і — што вельмі важна ў свеце пражэрлівага капіталізму — сацыяльнасць дзяржавы. Усё, што хацелі людзі. І тыя, хто падтрымліваў Прэзідэнта, і тыя, хто паддаўся модзе на вулічныя «дэфіле». Але мода на рэвалюцыі сыходзіць. А краіна ў нас засталася. А цяпер і перамены — запыты грамадства, замацаваныя Канстытуцыяй.

Яўген ПУСТАВОЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.