Вы тут

Маршрут у нікуды


Шлях да сябе заўжды ляжыць праз дзяцінства. Свету былі адкрыты не толькі вочы, але і сэрца. А розум глытаў веды, нібы ў спякоту сёрбаў смачную ваду з далоні. За гады чалавек назапашвае шмат чаго. Жыллё, транспарт, хваробы, сяброў і несяброў, званні, граматы ды рэгаліі, а яшчэ брыдкія рысы характару. Так і з народам. Сталее і чарсцвее... Няўжо? Так не хочацца ў гэта верыць. Каб не страціць сваю самавітасць і адметнасць дабрыні, трэба час ад часу спыняць свой бег, сыходзіць з дзелавітага маршруту і — у абдымкі ўспамінаў, сваёй малой радзімы, да размовы аб спрадвечным з Творцам і да дыялогу з творцамі. Канцэрты, імпрэзы, вечарыны — добрае і вялікае мастацтва, што саскрабае налёт бруду. Асабліва калі на сцэне — дзеці. Але ёсць прыклады, калі нават чыстая рапсодыя не мае моцы вылечыць хваробы чалавечага сэрца.


Уяўляеце, дзеці з Малдовы падаравалі свята песні дарослым Польшчы, а пасля паехалі да беларускага гледача. І ўсё — дзіцячы хор, нібы групоўка экстрэмістаў, стаў пагрозай нацыянальнай бяспецы і для варшаўскіх і вільнюскіх улад. Такі вось палітычны вэрхал. Але чаму вэрхал? Тэндэнцыя! Памятаеце тыя кадры «гасціннай» сустрэчы мігрантаў палякамі, а пасля і прыбалтамі. 

У ход ішоў атрутны газ, сцюдзёная вада — гэта бачыў увесь свет. А ў прыцемках еўрапейскіх «абдымкаў» былі здзекі і катаванне. Людзі паміралі ў памежжы. Але ж тут не непажаданыя мігранты — дзеці з праеўрапейскай Малдовы. Яны да іх з песнямі, а тыя адказалі «добразычлівасцю». Гадзінамі не дазвалялі дзецям выйсці з аўтобуса. Нават аўтаматчыкаў паставілі! Вось яна — сапраўдная «свабода еўразоны».

Яны ж баяцца нават рапсодыі. Эпічнай песні. Сапраўды, які эпас? Суцэльны еўрапейскі фарс. «Рапсодыя» — гэта дзіцячы хор з Малдовы, які і Польшча, і Літва не прапускалі да сябе на тэрыторыю. Тут дзве прычыны. І абедзве дакладныя. Першая — каманду Санду нават польскія і літоўскія палітыкі ўсур’ёз не ўспрымаюць. Па-фарысейску ўсмешлівыя дзядзькі з ЕС і аб гуманізме забыліся, і аб правах дзяцей. І гэта насамрэч маршрут у нікуды. У акружэнні багацця і халодных палацаў іх сэрцы пачарнелі ад злосці і нянавісці. У тыя сутарэнні ні сонца, ні дзіцячы гоман не праб’юцца. Замест татачак і матуль — бацькі пад нумарамі. Замест дзядуль і бабуль — суцэльныя чайлдфры.

Глядзіце і запамінайце, па-еўрапейску настроеныя грамадзяне, якое месца ў куратніку еўразоны адведзена было б нам. Ніводная краіна не застрахавана ад сваёй Санду. Назіраючы за прыёмам дзіцячага аўтобуса, як яго ахоўвалі з аўтаматамі, я ўспомніў наш савецкі фільм «Вадзіцель аўтобуса». Што тады, што цяпер да нашых дзяцей іх стаўленне не змянілася: пагардлівая ўсмешка, а пасля — аўтаматная чарга. Калі б паступіў загад — стралялі... Як ужо не раз тое рабілі лёкаі з еўрапейскай абслугі. Такія яны — стасункі ў свеце аказання паслуг. І такая роля ў ім у дзяржаў іншага гатунку.

Ці можна спыніць мастацтва? Нядзіўна, што спрабуюць. Само паняцце «культура» на Захадзе спрабуюць адмяніць. Маўляў, тысячагоддзі запар было не тое. А цяпер каранавана лічба. Чалавек Мікеланджэла ўжо лішні — не патрэбен. Каб лягчэй было справіцца, забараняюць вялікае мастацтва і дзяцей. Таму ў цэлым халодны прыём, здзекі з дзіцячага хору — у рэчышчы заходняга мэйстрыму. Адразу трапілі ў дзве цэлі. Таму сітуацыя, што называецца, класічная. А яшчэ і лёкайскай зухаватасцю перад вялікімі краінамі. Маўляў, спыняючы Беларусь, мы не спынімся ні перад чым.

І пакуль вырашаліся спрэчныя пытанні, працавалі над новым лагістычным маршрутам, беларусы гасцінна сустракалі дзяцей Малдовы. Мне здаецца, што мясцовыя жыхары нават без каардынацыі ўлад дапамаглі б юным гасцям, таму што ў нас усё па-людску. Нездарма Беларусь — Бацькаўшчына. Нават і для дзяцей з іншых краін.

Яўген ПУСТАВОЙ

Прэв’ю: з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.