Вы тут

Першымі вясновымі днямі выходзіць новы зборнік прозы і паэзіі


Ва ўсіх першыя вясновыя дні асацыіруюцца з цёплым сонейкам і яркімі кветкамі, а ў маладых літаратараў гэтая пара звязана з важнай падзеяй — выхадам новага зборніка прозы і паэзіі «Першацвет».


У 2016 годзе Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь, РВУ «Выдавецкі дом «Звязда» і выдавецтвам «Мастацкая літаратура» ўпершыню быў аб’яўлены Міжнародны літаратурны конкурс «Першацвет» на найлепшы твор сярод маладых аўтараў. З таго часу свет пабачылі ўжо 6 альманахаў, а пераможцамі сталі шэсцьдзесят празаікаў і шэсцьдзесят паэтаў. Конкурс дае магчымасць праявіць сябе маладым аўтарам, для якіх творчы дэбют адбыўся зусім нядаўна, і паспрыяць развіццю сучаснай беларускай літаратуры і яе папулярызацыі. Пасля публікацыі ў альнамаху шмат пісьменнікаў выдалі свае кнігі ці працягнулі ўдзельнічаць у розных літаратурных конкурсах. 

У гэтым годзе былі падзведзены вынікі VІІ Міжнароднага конкурсу на найлепшы твор сярод маладых аўтараў. Пераможцамі сталі паэты Яўген Бодрыкаў, Валерыя Галаўко, Дар’я Грыбовіч, Аляксандра Жалязнова, Вікторыя Казловіч, Кацярына Мізерыя, Кацярына Стройлава, Максім Хацкевіч, Анастасія Швядко, Марыя Шкляр і празаікі Ангеліна Ганчарова, Валерыя Гаўруковіч, Ганна Глінская, Ксенія Дзівенка, Ксенія Зарэцкая, Крысціна Лосева, Арына Пранікава, Даня Ратайчык, Мікола Сарока, Аніс Сокал. Усіх маладых аўтараў аб’ядноўвае літаратурны дэбют у дзяржаўных газетах і часопісах — «Літаратура і мастацтва», «Маладосць», «Полымя» і інш. 

Тэматыка вершаў і апавяданняў сапраўды адпавядае вясенняму настрою. Маладыя творцы мараць пра каханне, патрэба ў якім узрастае з надыходам вясны, успамінаюць дзяцінства, дзе ўсё адчувалася ярчэй, разважаюць пра пошук сябе ў гэтым супярэчлівым свеце. Усцешыць чытача і разнастайнасць прадстаўленых жанраў. У альманаху змешчаны эсэ, фантастычныя аповеды, фэнтэзійныя творы, дакументальна-гістарычныя работы і шмат іншага. Тут можна знайсці іншы погляд на вядомыя казкі, напрыклад, твор Арыны Пранікавай «Ваўкі і зайцы», які напісаны па матывах «Чарвонай шапачкі», расказвае зусім іншую гісторыю знакамітай гераіні. 

Адным з патрабаванняў да канкурсантаў з’яўляецца невялікі аб’ём твораў, таму альманах чытаецца вельмі лёгка, але надоўга пакідае моцнае ўражанне ад глыбіні маленькіх гісторый. 

Маладыя аўтары шмат пішуць пра каханне, але ў кожнага з іх розны погляд на гэтае пачуццё. Хтосьці з надзеяй глядзіць у будучыню, дзе яго чакае светлае каханне назаўжды, хтосьці з роспаччу ўспамінае былое. Аляксандра Жалязнова ў сваім вершы «Не згубі» вядзе размову з каханкам, якому давярае сваё сэрца і душу. Твор адначасова паказвае юнацкую сарамлівасць у выказванні сваіх пачуццяў і смеласць, якая прасочваецца ў важных словах:

Маё сэрца на тваёй ляжыць далоні 

І пачуцці тоіць ў глыбіні.

Ты дазволь ім вырвацца на волю. 

Не хавай, не падмані і не згубі.

А вось Крысціна Лосева ў сваім апавяданні «Лілеі» расказвае іншую гісторыю кахання, пабудаваную на болі, стратах, расчараваннях і адзіноце. Галоўныя героі Каміла і Олівер раней моцна кахалі адно аднаго, але вырашылі, што ім трэба расстацца. Каміла выйшла замуж за іншага мужчыну, ахвяравала сваім сэрцам і будучыняй. Але праз пяць гадоў лёс зноў звёў былых закаханых, цяпер у іх больш вопыту і больш ран на сэрцы. Магчыма, цяпер яны не будуць уцякаць ад сваіх пачуццяў. Твор прымушае задумацца аб такіх важных пытаннях:  «Няўжо сапраўды існуюць нейкія ніткі, якія злучаюць двух людзей? Да чаго гэтыя сустрэчы?»

Пра сумную гісторыю кахання, пра балючую спробу піша ў сваім вершы «Паміж намі — дажджы» Вікторыя Казловіч:

Паміж намі — дажджы,

Сэрцы нашы трапечуць, як птах. 

Ты і я — не змаглі.

Адплываем па моры дажджоў

на сваіх караблях.

Адным з самых цікавых апавяданняў, на мой погляд, з’яўляецца твор Ксеніі Зарэцкай «Мяне там чакаюць». Гэта фантастычная гісторыя, якая адбылася ў свеце, дзе людзі паступова ў розных сферах жыцця замяняліся робатамі. Камусьці гэта падабалася, камусьці — не. Галоўная гераіня Туве яшчэ падлеткам уступіла ў арганізацыю па барацьбе з робатамі. Яна выконвала розныя заданні і была важным разведчыкам. Нянавісць Туве да механічных «людзей» была вельмі моцнай, але адна сітуацыя змяніла ўсё. На чарговым заданні яна сустрэлася з робатам Майкам, які цалкам перавярнуў яе жыццё. Трагічная гісторыя пра каханне, барацьбу ідэалаў і цяжкія выпрабаванні. Аўтар выкарыстала цікавы і папулярны троп у фантастычнай літаратуры, які многія памятаюць з фільма «Тэрмінатар», — паступовае сяброўства з супрацьлеглым (робатамі), пошук праўды і сапраўдных ворагаў. Вельмі кранае думка, якая пранізвае ўсё апавяданне, што такія ідэальныя, без памылак і дэфектаў, робаты мараць хоць трошкі стаць падобнымі на неідэальных, супярэчлівых людзей. Спачатку галоўная гераіня грэбліва ставіцца да робатаў і лічыць іх усіх аднолькавымі, якія не маюць нічога свайго, а выкарыстоўваюць толькі чалавечыя вынаходніцтвы. Яна задае робату пытанне пра яго пачуцці: ці сапраўдныя яны і як ён разумее, што яны яго. На што робат адказаў наступным чынам: «А вы можаце сказаць, што адчуваеце кожную эмоцыю, таму што яна сапраўды ваша? Не закладзеная нормамі грамадства, бацькамі, асяроддзем, але менавіта ваша?»

Шмат твораў прысвечаны дзяцінству і ўспамінам пра мінулае. Анастасія Швядко ў сваім вершы, які так і называецца — «Дзяцінства», глядзіць на сябе маленькую праз забытыя цацкі, старыя фотаздымкі, добрыя казкі. 

Дзяцiнства пасмiхаецца 

З пацёртых фотаздымкаў. 

Яно гучыць, спяваецца 

На дзедавых пласцiнках.

Твор напоўнены цёплымі ўспамінамі, пахамі, гукамі. Пяшчотны, складзены з ласкавасці матуліных рук і добрых слоў, ён вяртае ў мінулае, дзе ўсё добра, спакойна і радасна. 

Гісторыя Валерыі Гаўруковіч «На крылах бусла» расказвае пра маленькую дзяўчынку Алю, якая страціла матулю і засталася жыць з дзедам у вёсцы. Яна чакае тату, каб ён прыехаў і забраў яе ў далёкія мясціны, але тата ўсё не едзе... За гэты час Аля палюбіла вёску, якую раней лічыла нуднай і шэрай. Аднак цяжкія выпрабаванні пакінулі глыбокі след у душы маленькай дзяўчынкі, з-за чаго Аля паспрабавала схавацца ў творчасці. Гісторыя дзяўчынкі прываблівае шчырасцю, дабрынёй і чыстым дзіцячым сумам. 

Таксама тэму дзяцінства раскрывае ў сваім эсэ «Складнікі мяне» Ксенія Дзівенка. Твор падзелены на тры часткі: «Маці», «Сяброўства», «Вясёлка». У першай аўтар расказвае пра паход з матуляй у царкву, які запомніўся маленькай дзяўчынцы халоднай раніцай, утульным дворыкам перад прыходам. У «Сяброўстве» Ксенія Дзівенка разважае, чаму ў дзяцінстве было так лёгка знайсці сябра і чаму ў сталым узросце так цяжка захаваць ранейшыя адносіны. Амаль у кожнага ёсць сябар дзяцінства, з кім калісьці былі неразлучныя, а цяпер нават не вітаецеся пры сустрэчы. У трэцяй частцы аўтар праз вобраз яркай прыроднай з’явы паказвае дзіцячую непасрэднасць, цікавасць да жыцця і здольнасць любіць увесь сусвет і захапляцца звычайным. На жаль, гэтая здольнасць з узростам страчваецца. Ксенія Дзівенка разважае, як важна вяртацца думкамі ў дзяцінства, прайсціся па знаёмых сцежках і зноў сустрэцца з самім сабой. «І выйсці з гэтага свету, дзе ты ўсё яшчэ маленькі і бесклапотны, нельга ў дрэнным настроі. Сутыкацца з сабой з мінулага — тое ж самае, што сутыкацца з незнаёмым дзіцем. На яго не накрычыш, яго не ўдарыш і не асудзіш. Таму ўспаміны толькі грэюць душу. Наш мозг ніколі не адважыцца сцерці самыя яркія моманты дзяцінства. Яны нам неабходныя, як вясёлка пасля дажджу».

Яшчэ адной важнай тэмай, раскрытай у альманаху, з’яўляецца пошук сябе, сэнсу жыцця, законаў, па якіх існуе сусвет. Марыя Шкляр у вершы «Я дагэтуль не ведаю, хто я такая» паказвае важную праблему моладзі, з якой сутыкаецца амаль кожны: як знайсці сябе і сваё прызначэнне ў жыцці. У зменлівым свеце цяжка паспець за тэндэнцыямі, таму маладыя людзі часта хапаюцца шмат за што адразу, але.. У нашай рэальнасці, дзе ўсе апантаны поспехам, хуткімі дасягненнямі і славай, людзі забываюць, што маладосць — гэта пазнаваць свет, кахаць, вырашаць свае экзістэнцыйныя пытанні і проста расці, каб стаць годным чалавекам у сталасці. 

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

Загаловак у газеце: Маладыя кветкі літаратуры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.