Вы тут

У Брэсцкай вобласці не зніжаюць тэмпаў па аднаўленні меліяраваных земляў


У мінулым годзе меліяратары краіны не раз аказваліся ў цэнтры ўвагі. Задачай дзяржаўнай важнасці была названая кампанія па паляпшэнні меліяраваных зямель, далейшая работа па рэканструкцыі меліяратыўных сістэм, прывядзенне ў парадак тысяч гектараў асушаных дзясяткі гадоў таму плошчаў. У параўнанні з іншымі рэгіёнамі ў Брэсцкай вобласці такіх найбольш.


Як вядома, у не такой ужо і далёкай гісторыі Палессе ўяўляла сабой балоцісты край. Ранейшыя палешукі знаходзілі і асвойвалі мясціны астраўнога характару, жылі па сутнасці хутарской сістэмай. На квадратную вярсту (крыху больш за квадратны кіламетр) шчыльнасць насельніцтва складала ўсяго 17 чалавек. Многія пасяленні бывалі адрэзанымі ад знешняга свету ладны кавалак года разлівамі рэк. Непраходныя ўчасткі дрыгвы на многія кіламетры былі тагачаснай рэаліяй. Меліярацыя, несумненна, змяніла гэты край.

Скажам, Пінскі раён мае самую вялікую ў краіне плошчу меліяраваных земляў. На яго тэрыторыі больш за пяць тысяч кіламетраў адкрытай сеткі каналаў і больш за сем тысяч закрытых, гэта дрэнаж, які адводзіць ваду. Дзве трэці сельгасугоддзяў раёна некалі былі балотамі. Цяпер яны даюць больш за палову прадукцыі раслінаводства і дзве трэці травяністых кармоў. Прадоўжыць рэсурс гэтых земляў і павысіць эфектыўнасць выкарыстання — вось задача, якую вырашаюць меліяратары. Летась пасля рэканструкцыі ў раёне ўведзена ў зварот больш за пяць тысяч гектараў сельскагаспадарчых земляў.

Апошняе стала магчыма, бо наша краіна зберагла свой меліярацыйны комплекс, а цяпер ён перажывае карэннае абнаўленне. За час пасля рэканструкцыі, якая праводзілася 40 гадоў таму, сістэмы састарэлі як маральна, так і фізічна. І дзяржава выдзеліла немалыя сродкі на абнаўленне.

У Брэсцкай вобласці плошча меліяраваных земляў складае палову ад усіх сельскагаспадарчых, а дакладней, 674 тысяч гектараў. Аб тым, як вядзецца работа па ўтрыманні сістэм, а таксама па будаўніцтве і рэканструкцыі, нядаўна на пасяджэнні аблвыканкама расказаў генеральны дырэктар дзяржаўнага аб’яднання «Брэстмеліяводгас» Васіль Страпко.

Васіль Паўлавіч нагадаў, што ў чатырох раёнах вобласці — Драгічынскім, Іванаўскім, Кобрынскім і Пінскім — больш за 60 працэнтаў сельскагаспадарчых земляў меліяраваныя, а ў Ганцавіцкім, Лунінецкім, Маларыцкім — такіх больш за 70 працэнтаў. 

Летась, напрыклад, на асушаных землях рэгіён атрымаў больш за 43 працэнты збожжавых і зернебабовых, 66 працэнтаў бульбы, 63 працэнты агародніны, 49 працэнтаў кукурузы на корм. Нават гэты невялікі пералік падкрэслівае важнасць работы ва ўказаным кірунку.

Паводле слоў Васіля Страпко, дзяржаўная падтрымка мінулага года дазволіла павялічыць аб’ёмы меліяратыўных работ у адносінах да 2021 года ў сем разоў і загрузіць магутнасці адпаведных прадпрыемстваў — імі выканана амаль трэць задання краіны. На правядзенне ўказаных мерапрыемстваў было накіравана 143 мільёны рублёў бюджэтных сродкаў. Большая іх частка пайшла на рэканструкцыю меліяратыўных сістэм, астатнія — на рамонтна-эксплуатацыйныя работы і правядзенне культуртэхнічнай меліярацыі. У сельскагаспадарчы зварот за кошт бюджэтных сродкаў уведзена 30 тысяч гектараў меліяраваных земляў. Акрамя таго, работы на 2700 гектарах выкананы за кошт сродкаў землекарыстальнікаў.

У выніку не толькі землі ўводзяцца ў абарот, але аднаўляюцца гідратэхнічныя збудаванні, ачышчаюцца ад глею каналы, прыбіраецца з іх расліннасць, рамантуюцца водарэгулявальныя і пераезныя збудаванні, абкошваюцца дзясяткі тысяч кіламетраў сеткі каналаў. Усё разам дае карэннае паляпшэнне тэхнічнага стану сістэм.

Па выніках года «Брэстмеліяводгас» займае адну з перадавых пазіцый у краіне. У 2024 годзе чакаеца вялікая работа, на яе плануецца накіраваць каля 150 мільёнаў рублёў. І ў сельгасзварот належыць увесці землі, па плошчы параўнальныя з леташнім паказчыкам. На гэта працуюць 27 спецыялізаваных арганізацый аб’яднання, у якіх занята больш за дзве тысячы чалавек. Тэхнічны парк рэгулярна абнаўляецца.

Ну а цяпер меліяратары вядуць работу па безаварыйным пропуску паводкі, падрыхтоўцы меліяратыўных сістэм да правядзення на іх веснавых палявых работ, акумуляцыі вады ў сажалках і вадасховішчах, рамонту водарэгулявальных збудаванняў.

Першачарговасць меліярацыі ў кантэксце паспяховага раслінаводства заўсёды падкрэсліваюць аграрыі-гаспадарнікі. Карэспандэнт газеты пацікавілася меркаваннем намесніка дырэктара ААТ «Мурава» Пружанскага раёна Аляксандра Маркечкі. Вось што ён сказаў:

— Важным кірункам у палітыцы культуры земляробства з’яўляецца клопат пра меліярацыю. Падтрымліваем у рабочым стане меліярацыйную сістэму, бо меліяраваныя землі ў агульным аб’ёме сельгасугоддзяў займаюць немалую частку. Працягласць каналаў па тэрыторыі гаспадаркі складае 33 кіламетры. Сельгаспрадпрыемства наймае спецыялістаў Пружанскага ПМС, яны абкошваюць, даглядаюць каналы, сочаць за тым, каб сістэма двухбаковага рэгулявання была ў парадку, усе шлюзы — рабочыя. Варта сказаць, што нашы партнёры адказна ставяцца да справы, іх спецыялісты выязджаюць на месца па першым закліку.

Меліярацыя — справа не танная, але неабходная для паспяховага вядзення гаспадаркі. Калі многа вады, яе трэба скідваць, калі вільгаці недастаткова, шлюзы, наадварот, закрываюць. Узровень вільгаці глебы на такіх землях — адзін з найважнейшых фактараў. Калі б летась своечасова не закрылі шлюзы, такі ўраджай не атрымалі б. Таму і даводзіцца гаварыць аб важнасці меліярацыі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Для высокіх ураджаяў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.