Вы тут

Хто праславіў Вілейку?


У адрыўным каляндары «Родны край» (Мінск, выдавецтва «Беларусь») на дзень 21 студзеня пазначана: «Сёлета спаўняецца 425 гадоў з часу першага ўпамінання (1599) у пісьмовых крыніцах г. Вілейка Мінскай вобласці». Вікіпедыя, праўда, спрачаецца: і датай нараджэння горада падказвае 16 лістапада 1460 года... Ды мы, не спрачаючыся, звернемся да тэмы жыхароў Вілейкі і ваколіц, тых ураджэнцаў края, якія засталіся ў памяці на доўгія стагоддзі і дзесяцігоддзі. 


Якія ж славутыя імёны звязаны з гэтым краем? Хто нарадзіўся ў розных стагоддзях ў старадаўнім паселішчы, размешчаным за 103 км на паўночны захад ад Мінска на рацэ Вілія... З Цынцавіч родам — беларускі дырыжор, музычны педагог, народны артыст Беларусі Міхаіл Казінец (1938 — 2021). З 1975 года на працягу многіх гадоў займаў пасады мастацкага кіраўніка і галоўнага дырыжора Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестара Рэспублікі Беларусь імя І. Жыновіча. Дзяржава высока ацаніла заслугі Міхаіла Казінца ў галіне музычнай культуры: Міхаіл Антонавіч узнагароджаны ардэнамі Дружбы народаў, Пашаны, медалём Францыска Скарыны, прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне», яму прысвоена званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. З самой Вілейкі родам — беларускі тэатральны дзеяч Мікалай Красінскі (1891 — 1938), адзін з кіраўнікоў і арганізатараў Беларускай драматычнай майстроўні, якая існавала ў Вільні ў 1922 — 1925 гады. З 1923 года жыў у БССР. Некаторы час быў дырэктарам БДТ-2 (цяперашні — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа ў Віцебску). У 1928-м — вучоны сакратар Беларускага дзяржаўнага музея. З 1930-га ў жыцці ўраджэнца Вілейкі пачаўся новы пакручасты шлях — арышт, высылка (у Шадрынску, Сарапуле), апошні арышт — 12 чэрвеня 1938 г. «Тройка» НКУС Туркменскай ССР 30 кастрычніка 1938 г. прысудзіла да расстрэлу. У 1960-м наш зямляк рэабілітаваны... З вёскі Каралеўцы (яна вядомая з 1443 года як вёска Іжа) — краязнавец, даследчык гісторыі Беларускага Павілля (так вызначаюць гістарычную вобласць на паўночным захадзе Беларусі і поўдні Літвы), якая ахоплівае частку тэрыторый сучасных Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай абласцей Беларусі, паўднёвыя раёны Літвы ў басейне ракі Вілія (Вялля) Анатоль Рогач (1947 — 2010). Менавіта дзякуючы яго намаганням адкрыты многія «плямы» і ў гісторыі самой Вілейшчыны. Шмат артыкулаў Анатоля Рогача змешчаны ў гісторыка-дакументальнай хроніцы «Памяць. Вілейскі раён». 

Вілейка — радзіма доктара медыцынскіх навук Леаніда Аўдзея (1929 — 1977). У 1968 — 1977 прафесар узначальваў Беларускае навуковае таварыства хірургаў. У 1970 — 1977 гг. загадваў кафедрай шпітальнай хірургіі Мінскага медыцынскага інстытута. З вілейскіх Альковіч — апошні міністр гандлю СССР Кандрат Церах (нарадзіўся ў 1935 годзе), які сваю самую высокую пасаду займаў у 1986 — 1991 гг. За сваю працу адзначаны савецкім урадам ардэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, «Знак Пашаны». 

Вельмі шмат і літаратурных імёнаў звязаны з Вілейкай і Вілейшчынай. Дарэчы, у горадзе цэлы шэраг вуліц носяць імёны пісьменнікаў — Максіма Горкага, Адама Гурыновіча, Эдварда Жалігоўскага (польскі паэт рэвалюцыйна-дэмакратычнага накірунку; нарадзіўся ў 1815 годзе ў вёсцы Карэкаўцы, паблізу Касцяневіч), Якуба Коласа, Янкі Купалы, Мікалая Някрасава, А. С. Пушкіна, Л. М. Талстога. Большую частку свайго жыцця правяла ў Вілейцы паэтэса Ганна Новік, якая неаднаразова арыштоўвалася за ўдзел у нацыянальна-вызваленчым руху ў Заходняй Беларусі. Аўтар зборніка вершаў «Мае вёсны», аповесці «Другая сустрэча», кнігі выбраных твораў «Мая Вілейшчына». У Баярах нарадзіўся паэт Іван Лашутка (1933 — 2004), аўтар кніг «Свята дваіх», «Край верасоў», «Святое слова». Дзіцячыя гады славутага беларускага пісьменіка Змітрака Бядулі прайшлі ў вілейскім Даўгінава. З вёскі Дварэц родам паэт і перакладчык Уладзімір Папковіч, аўтар паэтычных зборнікаў «На досвітку», «Самы кароткі дзень», «Зерне», перакладчык на беларускую мову твораў многіх нямецкіх пісьменнікаў. 

З вёскі Каловічы — рускі паэт, празаік Іван Кандрацьеў (1849 — 1904). Мяркуецца, што менавіта яму належыць першапачатковы тэкст славутай песні «По диким степям Забайкалья», а яшчэ — словы рамансаў «Очаровательные глазки», «Эти очи — темны ночи»... «Блеск очей моих знаком/ Всем, кто любит черны очи!/ Эти очи — темны ночи,/ Всё идёт от них кругом!/ Из-под брови погляжу — / без речей блестят речами!/ Захочу — убью очами,/ Захочу — приворожу!..» 

А з вёскі Заблошчына — пісьменнік Ігнат Ходзька (1795 — 1861), аўтар шматтомных збораў твораў «Літоўскія малюнкі» (1840 — 1863) і «Літоўскія паданні» (1852 — 1860), «Мемуараў скарбніка» (1844), створаных у асноўным на беларускім матэрыяле. 

У перадваенны час у Вілейцы працаваў славуты беларускі паэт Максім Танк... У горадзе жыў легендарны беларускі і польскі мастак, прадстаўнік авангарднага мастацтва, заснавальнік унізму (гэта яго асабістая канцэпцыя, якая сцвярджае адзінства колеру, лініі і рытму ў жывапісе) Уладзіслаў Максіміліянавіч Струмінскі (1893 — 1952)... 

Літаратурна-мастацкая, гістарычная памяць пра нашых землякоў, звязаная з Вілейкай, Вілейскім краем, падаецца ўнікальнай шматстаронкавай энцыклапедыяй. Пра кагосьці са славутых ураджэнцаў вядома болей, пра некага і ўвогуле даўно забыліся. Юбілей Вілейкі — хіба ж не нагода ўзнавіць забытыя старонкі гісторыі нашай Айчыны, расказаць пра яе праз лёсы ўраджэнцаў Вілейскай старонкі?!. Мо і дададуцца ў горадзе і новыя вуліцы з імёнамі славутых вілейчан... А яшчэ іх, славутых пісьменнікаў, дзеячаў культуры і мастацтва, дзяржаўных дзеячаў імёны павінны насіць нашы школы, бібліятэкі, культурна-асветніцкія ўстановы. Такая мемарыялізацыя, такое захаванне памяці — сапраўдны ўрок гістарычнага, патрыятычнага выхавання грамадства, развіццё гонару за роднае і блізкае.

Мікола БЕРЛЕЖ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.