Вы тут

У Магілёве падвялі вынікі першага этапу Стратэгіі ўстойлівага развіцця


Прыдняпроўскі край стаў першым у Беларусі рэгіёнам абласнога ўзроўню, які распрацаваў уласную Стратэгію ўстойлівага развіцця. Яна зацверджана 31 снежня 2020 года. Рэалізацыя праграмы запланавана ў тры этапы. Пачатковы скончыўся летась — ён быў першай прыступкай па фарміраванні ў насельніцтва, прадпрыемстваў, арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў асноў разумення ўстойлівага развіцця і ўкаранення стратэгіі ў існуючую сістэму планавання. Сёлета пачаўся другі этап — пераход да ўстойлівага развіцця, які працягнецца да канца 2035 года. На працягу гэтага перыяду будуць ажыццяўляцца экалагізацыя і лічбавізацыя вытворчасцяў і сфер жыццядзейнасці, развіццё інтэлектуальнай эканомікі і сферы паслуг, укараненне сацыяльных інавацый, культурнае пераўтварэнне грамадства і павышэнне іміджу сельскіх тэрыторый для жыцця.


Эканоміка як базіс для МУРа

Па сутнасці, гэта план сусветнага маштабу, асноўная мэта якога — зрабіць жыццё на планеце лепшым. Для гэтага абазначаны 17 мэт устойлівага развіцця (МУР): ліквідацыя беднасці, добрае здароўе і дабрабыт, недарагая і чыстая энергія, індустрыялізацыя, інавацыі і інфраструктура, устойлівыя гарады і населеныя пункты, чыстая вада, барацьба са змяненнем клімату і гэтак далей. Праект нацэлены на паляпшэнне дабрабыту і абарону ўсёй планеты. Гэта немагчыма без сумесных высілкаў па садзейнічанні эканамічнаму росту і вырашэнні шэрагу пытанняў у абазначаных кірунках. На жаль, сённяшняя сусветная абстаноўка перашкаджае гуманным мэтам рэалізоўвацца на поўную магутнасць. Але нават тое, што робіцца, дае магчымасць чалавецтву спадзявацца на лепшае. Магілёўская вобласць робіць поспехі ў рэалізацыі ідэй гэтага праекта. Форум па МУР, які праводзіцца ў рэгіёне ўжо чацвёрты раз, — прамое сведчанне таму. Прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, арганізацый, грамадства, дэпутаты, маладзёжныя паслы сабраліся разам, каб абмеркаваць агульныя праблемы і падвесці разам вынікі першага этапу.

— У нас атрымалася рэалізаваць усё намечанае, што было запланавана, — адзначыў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама, кіраўнік працоўнай групы па ўстойлівым развіцці Магілёўскага рэгіёна Руслан Страхар. — Наша краіна другі год знаходзіцца пад беспрэцэдэнтным знешнім ціскам, ва ўмовах турбулентнасці. Тым не менш мы пераадолелі першы і самы складаны этап адаптацыі эканомікі да новай рэальнасці. Па выніках 2023 года мы перайшлі ад этапу адаптацыі і аднаўлення эканомікі да росту, які забяспечаны ўсімі галінамі эканомікі ў вобласці. Нашы прадпрыемствы працуюць, выплачваюць падаткі, ствараюцца новыя працоўныя месцы, расце ўзровень заработнай платы і агульнага дабрабыту людзей.

Не толькі лічбы

Руслан Страхар агучыў вынікі, якія вобласць дасягнула за першы перыяд рэалізацыі праграмы Стратэгіі ўстойлівага развіцця. Толькі за мінулы год у Магілёўскай вобласці зарэгістравана 710 новых камерцыйных арганізацый — на 200 больш, чым за папярэдні год. Эфектыўная работа эканомікі забяспечыла рост рэальных даходаў насельніцтва на 13%, рост заработнай платы — на 19%, даходаў абласнога бюджэту — на 20%. Гэта найлепшым чынам адлюстравалася на развіцці сацыяльнай сферы, якасці транспартных і жыллёва-камунальных паслуг. Летась у вобласці пабудавана 334 тысячы квадратных метраў жылля, 738 шматдзетных сем’яў палепшылі свае жыллёвыя ўмовы. За кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў пабудавана 155 сацыяльных кватэр — у 19 разоў больш, чым у 2022 годзе.

Летась уведзена ў эксплуатацыю 16 станцый абезжалезвання — болей чым 95% жыхароў вобласці сёння забяспечаны якаснай пітной вадой.

У Магілёве працягваецца будаўніцтва новага корпуса экстраннай хірургіі — лічы, новай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі. На будаўніцтва аб’екта з рэспубліканскага і абласнога бюджэту, крэдытаў Банка развіцця накіравана 155 мільёнаў рублёў.

Летась у Магілёве быў уведзены радыенуклідны корпус анкадыспансера, распачата будаўніцтва рэабілітацыйнага корпуса дзіцячай абласной бальніцы, цалкам выкананы даручэнні Прэзідэнта па мадэрнізацыі медустаноў на вёсцы.

На рэканструкцыю і капітальны рамонт 39 устаноў адукацыі было накіравана 70 мільёнаў рублёў замест 40 запланаваных. Сёлета плануецца цалкам завяршыць работу па замене вокнаў ва ўсіх школах вобласці.

— Усе гэтыя дасягненні шчыльна карэлююцца з мэтамі ўстойлівага развіцця, — падкрэсліў Руслан Страхар. — У сваёй рабоце мы абапіраемся на меркаванні людзей, прыслухоўваемся да іх праблем і запытаў, не пакідаем без увагі ніводнага звароту.

Зробім планету лепшай

Да рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця на Магілёўшчыне актыўна падключыліся ўстановы адукацыі. На выставе, прысвечанай гэтай тэме, Магілёўскі дзяржаўны тэхналагічны каледж прадставіў свае распрацоўкі. Той жа генератар альтэрнатыўнай энергіі, які за кошт рознасці тэмператур стварае неабходнае напружанне. Ён прымушае лямпачку свяціць без выкарыстання электраэнергіі. Сярод карысных вынаходніцтваў — белы кій для невідушчых, які гукам сігналізуе аб наяўнасці на шляху перашкоды.

— Пачынаючы з 2022 года, мы актыўна ўдзельнічаем у МУР, — расказвае грамадскі эколаг, выкладчыца Магілёўскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа Ірына Літвіна. — Пры падтрымцы абласнога Камітэта прыродных рэсурсаў, Камітэта эканомікі аблвыканкама мы распрацавалі дарожную карту па пераходзе да цыркулярнай эканомікі да 2035 года, дзе агаворваецца ўвесь спектр тых праблем і пытанняў, якія мы павінны вырашыць. 

І мы практычна цалкам выканалі план. Мы пашыраем і ўкараняем новыя спецыяльнасці, павышаем кваліфікацыю выкладчыкаў. Стварылі творчую майстэрню, дзе навучэнцы даюць другое жыццё прадметам, што былі ў спажыванні, — укараняюць цыркулярную эканоміку. Шмат распрацовак у галіне энергаэфектыўных мадэляў, якія эканомяць энергію і зберагаюць экалогію. Стварылі спецыяльны часопіс, каб прапагандаваць нашу дзейнасць у сферы цыркулярнай эканомікі.

Карысныя праекты рэалізоўвае сярэдняя школа № 28 Магілёва. Пры ёй працуе абласны рэсурсны інавацыйны цэнтр «Фарміраванне сацыяльнай паспяховасці навучэнцаў у інтарэсах устойлівага развіцця». Настаўнікі разам з вучнямі праводзяць круглагадовую акцыю «Дрэва ЭкаДабрыні», у якой заклікаюць прымаць удзел усіх ахвотных.

Устойлівае развіццё на прыкладзе раёна

У Мсціслаўскім раёне папулярызацыя Мэт устойлівага развіцця вядзецца на працягу апошніх 10 гадоў.

— Нашы напрацоўкі дазволілі ўвайсці ў праект, які рэалізоўваецца на тэрыторыі Магілёўскай вобласці па Стратэгіі ўстойлівага развіцця да 2035 года, — адзначыла намеснік старшыні Мсціслаўскага райвыканкама Вольга Судзілоўская. — Было праведзена шмат мерапрыемстваў з жыхарамі раёна. Ключавым метадам работы абрана партнёрства ўсіх — аб’яднанне высілкаў арганізацый, людзей і структур раёна. Прыярытэтнымі кірункамі сталі развіццё адкрытай турыстычнай інфраструктуры, чалавечага патэнцыялу на аснове канцэпцыі «Актыўнае даўгалецце», культываванне экасяброўскага ладу жыцця, станаўленне інавацыйнай сельскай гаспадарцы і бізнес-суполкі, забеспячэнне даступнасці адукацыі для ўстойлівага заўтра.

Мсціслаўскі раён прапаноўвае розныя віды турызму: гістарычны, падзейны, духоўны. Яго візітоўка — штогадовае свята «Мсціслаўскі фэст», якое збірае каля 15 тысяч чалавек. Шмат чаго робіць раён для прапаганды і папулярызацыі здаровага ладу жыцця, у тым ліку сярод пажылых людзей і інвалідаў. Летась Мсціслаў стаў месцам правядзення абласных спаборніцтваў па скандынаўскай хадзе.

На Мсціслаўшчыне вядзецца работа па паляпшэнні якасці пітной вады і экалогіі. Летась «Магілёўаблводаканал» завяршыў работы па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў, што дазволіла зняць сацыяльную напружанасць у раёне. Прадпрыемства інвеставала ў эканоміку Мсціслава парадку 8 мільёнаў рублёў. У аграгардку Ходасы на базе мясцовай школы сумесна з лясніцтвам адкрыта школьнае лясніцтва з сімвалічнай назвай «Зялёны квартал». 

У планах — закласці гадавальнік і вырошчваць расаду хвойных дрэў.

Яшчэ пяць гадоў таму ў Мсціслаўскім раёне было сем сялянска-фермерскіх гаспадарак, якія пасіўна вялі сваю дзейнасць. Цяпер іх 17, прычым актыўных, якія працуюць у кірунках раслінаводства і жывёлагадоўлі. Адна з гаспадарак летась стала намінантам нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік года».

Пры мсціслаўскай гімназіі функцыянуе Акадэмія МУР, якая дапамагае прапагандаваць сярод насельніцтва асноўныя прынцыпы Стратэгіі ўстойлівага развіцця.

— Вялікую дапамогу ў гэтым кірунку нам аказвае Магілёўская абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў, арганізацыі і самі жыхары, — адзначыла Вольга Судзілоўская. — З яе ўдзелам мы рэалізавалі шмат карысных праектаў: устанавілі ліхтары ў парку Дружбы, зрабілі дзіцячыя пляцоўкі ў аграгарадках.

Жаночы клуб

Свой уклад у рэалізацыю Стратэгіі ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці робіць бізнес. Асабліва паспяхова развіваецца на Магілёўшчыне жаночае прадпрымальніцтва.

— Жанчыны — найбольш актыўная частка нашага насельніцтва, у іх добра атрымліваецца хутка і мабільна прыстасоўвацца да змяненняў рынку і эканомікі, — аргументуе дырэктар ТАА «Дэкро Кансалтынг» Ігар Сідарэнка. — Наш цэнтр падтрымкі прадпрымальніцтва якраз працуе з гэтай катэгорыяй. Мы займаемся адукацыяй прадпрымальнікаў і іх суправаджэннем з дапамогай спецыялістаў, каб бізнес хутчэй дасягаў вынікаў.

Летась кампанія правяла вялікі жаночы бізнес-форум пад назвай «Жанчына будучыні», на які сабралася 200 актыўных жанчын з усёй краіны. У снежні ў Магілёве адкрылася жаночая школа бізнесу, дзе сёння вучыцца больш за 40 жанчын. 9 сакавіка адбудзецца другі жаночы бізнес-форум, падчас якога плануецца правесці некалькі круглых сталоў з удзелам жанчын-лідараў і абмеркаваць праблемныя пытанні. Хутка для жанчын будзе арганізаваны бізнес-лагер, дзе яны змогуць не толькі падвучыцца, але і крыху адпачыць, каб перазагрузіцца.

СЭЗ з ухілам у экалогію

Форум дазваляе абмеркаваць перспектывы і праблематыку, сфарміраваць бачанне далейшых сумесных намаганняў дзяржавы, бізнесу і грамадства, неабходных для дасягнення Мэт у галіне ўстойлівага развіцця.

— Сама стратэгія дазваляе выбудаваць межсектаральныя ўзаемадзеянні, каб мэты былі ўзаемаўвязаныя, — адзначае кіраўнік адміністрацыі СЭЗ «Магілёў» Павел Марыненка. — Нельга сказаць, што мэты, умоўна кажучы, эколагаў цалкам супадаюць з мэтамі дырэктараў прамысловых прадпрыемстваў. Але калі разам сабрацца і пагутарыць, аказваецца, што можна знайсці кансэнсус. Мы распрацавалі план для нашых рэзідэнтаў менавіта для таго, каб імкнуцца да экалагічнай нейтральнасці. Разам абмяркоўваем мадэрнізацыю і будаўніцтва новых ачышчальных збудаванняў. Ведаючы планы рэзідэнтаў, мы плануем мінімізаваць наступствы шкодных уздзеянняў на навакольнае асяроддзе.

Зваротная сувязь

Трымаць руку на пульсе Магілёўскай вобласці дапамагае Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (БІСД).

— Мы пастаянна праводзім даследаванні, сустракаемся з насельніцтвам, вывучаем сітуацыю на месцах, — адзначае начальнік аддзялення па Магілёўскай вобласці ўпраўлення рэгіянальнай палітыкі БІСД Алег Корапаў. — Дзякуючы мерам, якія прымаюцца на ўзроўні мясцовых органаў улады, грамадскіх дзеячаў, зроблена шмат, і насельніцтва дастаткова пазітыўна ацэньвае вынікі. Беларусь у перыяд санкцыйнага ціску дасягнула добрых вынікаў. З-за войнаў, канфліктаў дасягненне Мэт устойлівага развіцця ў свеце абцяжарана. Разам з тым наша краіна мае ў свеце дастаткова высокі рэйтынг. Вядома, што калі б краіны развіваліся ў міры і супрацоўнічалі, Мэты ўстойлівага развіцця дасягаліся б больш хуткімі тэмпамі.

Летась установа правяла ў Магілёўскай вобласці больш за пяць комплексных даследаванняў, вывучала стан спажывецкага рынку, аказання паслуг насельніцтву, грамадска-палітычнай сітуацыі. Спецыялісты выязджалі ў раёны, сустракаліся з насельніцтвам. Гэтая інфармацыя абагульнялася і даносілася кіраўніцтву вобласці.

— Мы стараемся ўносіць прапановы, пра якія кажуць людзі, — падкрэслівае Алег Корапаў. — На першым месцы ў насельніцтва сёння рамонт дарог. І мы гэта давялі да кіраўніцтва вобласці. Нядаўна на сустрэчы з актывам вобласці губернатар агучыў, што фінансаванне на рамонт дарог будзе павялічана ў два разы. Для малых гарадоў сёння актуальная тэма стварэння рабочых месцаў. Мы гэта таксама агучваем і бачым, што ідуць карэкціроўкі, рэалізоўваюцца інвестыцыйныя праекты, падтрымліваецца ініцыятыва насельніцтва, самазанятасць. Сёння людзі на сустрэчах просяць, каб у кожным раёне быў басейн, дзіцячае кафэ, боўлінг для моладзі. Але і насельніцтва павінна разумець, што на гэта патрэбны сродкі і каб была самаакупнасць. Таму, калі мы гэта жадаем мець, павінны і падтрымліваць, рупячыся на сваіх працоўных месцах, у сваім раёне, заахвочваць заставацца там моладзь.

Да ўстойлівага развіцця праз ініцыятывы

На форуме былі агучаны вынікі рэгіянальнага конкурсу ў рамках рэалізацыі Стратэгіі ўстойлівага развіцця Магілёўскай вобласці на перыяд да 2035 года. Гэтым разам на яго паступіла 40 заявак. 

У намінацыі «За значны ўклад у рэалізацыю Стратэгіі ўстойлівага развіцця — 2035» першае месца прысуджана спажывецкаму кааператыву «Горская скарбніца» з Краснапольскага раёна, пра які «Звязда» нядаўна пісала. Ініцыятыўныя жанчыны аб’ядналіся, каб займацца сваёй справай.

У намінацыі «Найлепшая ідэя для праекта па рэалізацыі СУР — 2035» перамогу атрымаў праект Магілёўскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.

— Мэта № 3 з 17 Мэт устойлівага развіцця — гэта здароўе і дабрабыт, — адзначыла загадчык аддзела грамадскага здароўя Таццяна Няхай. — Мы зрабілі два міні-фільмы з навучальнымі элементамі для дзяцей і падлеткаў. Адзін прысвяцілі прафілактыцы грыпу і ВРВІ, другі — прафілактыцы дзіцячага траўматызму, які ў Магілёве на другім месцы сярод першаснай захваральнасці дзяцей. Фільмы распаўсюдзілі па школах і паліклініках.

У намінацыі «Найлепшы рэалізаваны праект па дасягненні СУР — 2035» адзначана гімназія Мсціслава, дзе функцыянуе Акадэмія МУР і створаны віртуальны цэнтр рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.