Вы тут

Форумы мясцовага значэння


Раней сельскія сходы ў Ляхавіцкім раёне праводзілі сельвыканкамы. На іх, як правіла, збіраліся жыхары адной вёскі, абмяркоўвалі надзённыя праблемы, задавалі пытанні кіраўніцтву мясцовай улады. З 2021 года сходы праходзяць у новым фармаце. Яны сталі больш прадстаўнічымі, і ўяўляюць сабой сапраўдны дыялог раённай і мясцовай улады з жыхарамі вёсак.


Як расказаў старшыня Ляхавіцкага раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч, цяпер на сход у кожны сельсавет выязджаюць старшыня райвыканкама і ўсе яго намеснікі, кіраўнікі асноўных аддзелаў выканкама, кіраўнікі шэрагу раённых службаў. Усяго ў прызначаны дзень у вёску прыбывае каля дваццаці чалавек з раёна. Адказы на пытанні па дарожным будаўніцтве, жыллёва­камунальнай гаспадарцы, медыцынскім абслугоўванні, іншых надзённых праблемах людзі атрымліваюць з першых вуснаў.

Гэты дзень таксама становіцца днём інфармавання грамадзян на тэму жыцця раёна. Кароткае паведамленне пра становішча на тэрыторыі сельсавета робіць кіраўнік сельвыканкама. Затым выступае кіраўнік сельгаспрадпрыемства. А потым пачынаецца дыялог. Людзі агучваюць свае праблемы, пажаданні, прапановы. Кампетэнтныя спецыялісты даюць адказы.

— Так было, напрыклад, у Ганчароўскім сельсавеце — працягвае Юрый Міхайлавіч. — Жыхары вёсак Тальмінавічы, Ганчары, Мядзведзічы, Куршынавічы і іншых населеных пунктаў сабраліся ў Тальмінавіцкім Доме культуры. Усяго на тэрыторыі сельсавета — 24 населеныя пункты з насельніцтвам 1300 чалавек. Прыйшло даволі шмат людзей. Напачатку выступіў старшыня сельскага Савета Уладзімір Плескацэвіч. Ён расказаў, што зроблена за год, спыніўся на выкананні даручэнняў, якія былі сфармуляваны паводле вынікаў мінулага сходу. Напрыклад, праведзена рэканструкцыя лініі электраперадачы ў Тальмінавічах, зараз такая работа вядзецца ў Ганчарах. Апошняе асабліва актуальна, амаль восем дзясяткаў гаспадароў — у спісах на правядзенне электраацяплення.

Яшчэ адным добрым вынікам года стала асфальтаванне дарогі Мядзведзічы — Куршынавічы працягласцю пяць кіламетраў. А на тыя дарогі, дзе не праведзены рамонт, людзі падрабязна ўказалі дарожным службам. Прагучала яшчэ шмат пытанняў пра вясновыя затапленні, пра неабходнасць новых інжынерных камунікацый у асобных населеных пунктах, пра гандлёвае і медыцынскае абслугоўванне. І на ўсе пытанні былі дадзены разгорнутыя адказы. Напрыклад, вяскоўцы цікавіліся, наколькі праўдзівыя чуткі пра тое, што хутка закрыюць магазін у Мядзведзічах. Старшыня райспажыўтаварыства гэтыя чуткі развеяў, сказаў, каб людзі не хваляваліся, ніхто не збіраецца закрываць стацыянарную гандлёвую кропку.

Жыхары Тальмінавічаў не прамінулі выказаць падзяку за адкрыццё на іх тэрыторыі магазіна сельгаспрадпрыемства «Жарабковічы». І тут жа вылучылі прапанову не спыняцца на дасягнутым, адкрыць у вёсцы кавярню з банкетнай залай.

Паводле слоў Юрыя Чаранкевіча, услед за Ганчароўскім прайшлі сходы для жыхароў Жарабковіцкага, Навасёлкаўскага, Востраўскага, Канькоўскага сельсаветаў. За імі — тры астатнія. Такім чынам, за два тыдні кіраўніцтва раёна сустрэлася з жыхарамі кожнага сельсавета. Як паказвае практыка, найбольш людзей хвалююць стан дарог, пытанні эксплуатацыі жыллёвага фонду, якасць пітной вады, медыцынскае абслугоўванне. Зараз актуальнасць набывае электраацяпленне дамоў, таму даводзіцца інфармаваць грамадзян аб паслядоўнасці работы па мадэрнізацыі ліній электраперадачы як галоўнай умове ўстаноўкі такой формы ацяплення.

Бываюць і нетыповыя просьбы, да якіх кампетэнтныя спецыялісты стараюцца падысці з разуменнем. Скажам, на адным са сходаў адзінокая сталая жанчына папрасіла дапамагчы знесці старое дрэва на ўчастку. Згодна з законам, расліннасць на прыватнай сядзібе, нават аварыйная, — клопат самога грамадзяніна. Сельсавет не можа прафінансаваць падобную работу з мясцовага бюджэту. Але ж, улічыўшы матэрыяльнае становішча і ўзрост канкрэтнага чалавека, дырэктар ЖКГ паабяцаў дапамагчы жанчыне, калі тэхніка гаспадаркі будзе працаваць у яе вёсцы. Гаспадыні застанецца паклапаціцца пра прыборку галін і ўчастка пасля таго, як дрэва спілуюць. На адным са сходаў узнікла пытанне навядзення парадку ў прыбярэжнай зоне вёскі. Дамовіліся зрабіць гэта на суботніку разам, райвыканкам узяўся паспрыяць з тэхнікай.

— Такая форма камунікацыі з насельніцтвам мае высокі каэфіцыент карыснага дзеяння, — гаворыць старшыня райсавета. — Пасля сходу фармулююцца даручэнні розным службам і падраздзяленням райвыканкама. А яшчэ спрацоўвае фактар публічнасці: абяцанне, дадзенае любой службовай асобай у прысутнасці многіх людзей, як правіла, выконваецца. Ды і вяскоўцы год ад году дэманструюць рост прававой культуры, разумення праблем. На штогадовых сустрэчах мы назіраем, як мяняецца ўспрыманне той ці іншай інфармацыі грамадой. Людзі бачаць, што дадзеныя раней абяцанні выконваюцца, а пустых слоў у такой аўдыторыі не прамаўляюць. І нават калі гаворыцца, што будаўніцтва таго ці іншага ўчастка дарогі ў найбліжэйшай перспектыве не прадугледжана, цяпер не выказваецца калектыўнае абурэнне, як здаралася раней. Людзям тлумачаць прычыны, расказваюць рэальнае становішча, і яны разумеюць, пагаджаюцца.

На сходы прыходзяць усе зацікаўленыя грамадзяне, інфармаванне наладжана даволі добра: праз раённую газету, сацсеткі; таксама вывешваюцца аб’явы ў вёсках каля магазінаў і сельсаветаў. Так што кожны, хто жадае, можа прыйсці на сход, задаць пытанне, выслухаць адказ, атрымаць інфармацыю па самых розных тэмах. Скажам, на кожным са сходаў сёлета прадстаўнік праваахоўных органаў яшчэ раз нагадваў аб бяспецы банкаўскіх карт, аб правілах паводзін, захаванне якіх дапаможа не трапіць у пастку махляроў і прайдзісветаў, ад якіх, на жаль, ужо пацярпелі жыхары раёна.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з тэлеграм-канала «Новости Ляховичи — Ляхавіцкі веснік»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.