«Чаго варты стары Талаш?» — так называецца выстаўка, якая адкрылася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Часовая экспазіцыя сапраўды дапамагае больш даведацца пра знакамітага ўдзельніка савецка-польскай вайны, кіраўніка партызанскага атрада, узначаліў які ён ажно ў 78-гадовым узросце.
Часовая экспазіцыя прысвечана адразу дзвюм датам — 90-годдзю з выхаду ў свет першага выдання аповесці «Дрыгва» і 180-годдзю з дня нараджэння чалавека, які стаў прататыпам галоўнага героя — Васіля Талаша. Тут можна пабачыць экспанаты з фондаў музея, фотазону. Таксама да выставачнага праекта падключыўся дом-музей Дзеда Талаша, які прадставіў фатаграфіі сям’і легендарнага дзеда (у якога, дарэчы, было 13 дзяцей) і кадры, на якіх Талаш сустракаецца з Якубам Коласам.
Экспанаты да выстаўкі прадставіў і музей-майстэрня Заіра Азгура. Як падзяліўся яго дырэктар Дзмітрый Міхееў, такія экспанаты надзвычай рэдка вывозяцца з майстэрні. Справа ў тым, што 95 працэнтаў скульптурных кампазіцый, якія захоўваюцца ў мемарыяльным музеі-майстэрні, зроблены з гіпсу, а матэрыял гэты вельмі далікатны, трэба быць надзвычай асцярожнымі пры яго транспарціроўцы, каб не пашкодзіць. Але выстаўка ў літаратурным музеі — якраз той выпадак, калі было зроблена выключэнне.
— Нельга забывацца, якое сяброўства было паміж Якубам Коласам і Заірам Азгурам, можна лічыць, што гэты праект дапамагае па-новаму пераасэнсаваць, якімі моцнымі былі сувязі паміж дзячамі культуры, — заўважыў Дзмітрый Міхееў.
У адкрыцці выставы ўзялі ўдзел прадстаўнікі ваенна-гістарычнага клуба «Нашчадкі» адзетыя ў форму, што насілі салдаты Чырвонай Арміі ў тыя часы, калі партызаніў Дзед Талаш.
Экспанаты на часовай экспазіцыі суправаджаюць QR-коды. Пры спасылцы на іх дзякуючы сучасным прыстасаванням наведвальнікі могуць пачуць, быццам да іх звяртаюцца Якуб Колас, Заір Азгур і Дзед Талаш.
Як паведаміў кіраўнік выставачнага праекта Іван Дубовік, аповесць «Дрыгва» была перакладзена на 13 моў. Цікава было б даведацца, якая рэакцыя ўзнікла на твор, калі ён стаў даступным для кітайскіх чытачоў. Напрыклад, вядома, што перакладзены на кітайскую мову югаслаўскі фільм пра партызан у свой час вельмі зачапіў мясцовую публіку: імёны герояў стужкі давалі дзецям, маркам піва. Прадстаўленыя ў экспазіцыі пераклады «Дрыгвы» ўсё ж дапамагаюць крыху даведацца пра тое, як замежныя перакладчыкі і мастакі, якія афармлялі кнігі, успрымалі героя аповесці. Калі прыгледзецца да вокладак кніг, можна заўважыць, што, напрыклад, у кітайскім перакладзе змешчаны малюнак галоўнага героя з выразна азіяцкімі рысамі твару, а вось з малдаўскага перакладу пазірае стары рамантычны цыган.
Таксама ў экспазіцыі можна пабачыць эскізы да оперы «У пушчах Палесся» Багатырова, зробленыя па аповесці «Дрыгва», і фота ўдзельнікаў пастаноўкі.
У мерапрыемстве ўзяў удзел і скульптар Максім Пятруль, які перадаў у фонды музея сваю работу, прысвечаную класіку беларускай літаратуры.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».