Вы тут

Чым цікавіцца пераможца міжнароднага праекта «Лепшы малады вучоны СНД — 2023»


Студэнт 5 курса лячэбнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Арцём Капыціч у 2022 годзе быў прызнаны «Лепшым студэнтам СНД», а летась стаў пераможцам у катэгорыі маладых вучоных краін Садружнасці. Ён паспяхова сумяшчае вучобу з навукай і захапляецца даследаваннямі лекавых раслін. На леташнім конкурсе атрымала прызнанне яго даследчая праца аб ролі БАДаў у рацыёне харчавання сучаснай моладзі.


На думку Арцёма, уплыў БАДаў на наш арганізм недастаткова даследаваны. Між тым, біялагічна актыўныя дабаўкі трэба выкарыстоўваць з пэўнай асцярогай.

— Праблема выкарыстання біялагічна актыўных дабавак выклікае гарачыя дэбаты ў асяроддзі медыцынскіх работнікаў, пакуль рабіць канкрэтныя вывады рана, але звяртацца да гэтага кірунку неабходна, — лічыць Арцём. — Выкарыстанне БАДаў і вітамінаў у рацыёне моладзі, як правіла, звязана з недастатковым спажываннем садавіны і гародніны, а таксама з кліматычнымі асаблівасцямі рэгіёна, у першую чаргу, з абмежаваным паступленнем сонечнай энергіі.

Раскрыццё гэтай тэмы на Міжнародным навуковым конкурсе атрымала высокую ацэнку, а яе аўтар стаў пераможцам у катэгорыі «Лепшы малады вучоны — 2023» Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Арцём Капыціч абышоў дзясяткі канкурэнтаў з Расіі, Беларусі, Казахстана, Узбекістана і іншых краін Садружнасці. Яго работа была апублікавана ў VІІІ Міжнародным кніжным выданні «Лепшы малады вучоны — 2023». Праект арганізаваны Аб’яднаннем юрыдычных асоб у форме асацыяцыі «Агульнанацыянальны рух «Бобек» (Казахстан). Заяўкі на ўдзел у конкурсе прымаліся ад навукоўцаў ва ўзросце да 40 гадоў уключна.

Годам раней у тым жа праекце Арцём атрымаў дыплом І ступені як лепшы студэнт краін СНД. Тады ён прадставіў работу «Даследаванне антыарытмічнай актыўнасці экстрактаў раслін». Малады даследчык лічыць, што вывучэнне лекавых якасцяў флоры — перспектыўнае, бо даступнасць сыравіны дазваляе зменшыць расходы на вытворчасць прэпаратаў.

— Вялікая колькасць раслін яшчэ не даследавана, альбо даследавана недастаткова. Сучасныя метады і тэхнічныя магчымасці дазваляюць зрабіць значны прарыў у гэтым кірунку, больш глыбока прасякнуць у клеткавы склад раслін, і такая работа вядзецца, — зазначае субяседнік.

Арцём прыводзіць прыклад даследавання расліны, якая расце на тэрыторыі Беларусі. Настой з яе дабратворна ўплывае на нервовую сістэму. Сумесна з казахстанскім інстытутам гродзенскія навукоўцы правялі даклінічныя выпрабаванні экстракту гэтай расліны ў якасці кардыялагічнага прэпарату.

Малады навуковец плануе працягваць работу ў галіне фармакалогіі і гігіены. Напрацовак у яго шмат. Летась на рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ студэнтаў дыпломам І ступені была адзначана яго работа «Ртуць у навакольным асяроддзі і яе ўплыў на здароўе чалавека». Арцём сабраў матэрыял аб прысутнасці хімічнага элемента ў навакольных прадметах, у тым ліку ў ежы, і зрабіў аналіз яго ўздзеяння на чалавека. Вынікі гэтай працы ўключылі ў праграму прадмета «Экалогія» ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.

Студэнт ГрДМУ апублікаваў дзясяткі артыкулаў у навуковых універсітэцкіх і міжнародных зборніках, часопісах Расіі, Германіі, Венгрыі, Марока і іншых краін. Летась прыняў удзел у міжнародным навуковым кангрэсе ў Турцыі і канферэнцыі ў Смаленскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Нямала сустрэч у яго адбылося і ў фармаце анлайн.

У ГрДМУ заахвочваюць імкненне студэнтаў да навукі. Арцём асабліва адзначае дапамогу сваіх навуковых кіраўнікоў — Святланы Сіваковай, Уладзіміра Удавічэнкі, Галіны Смірновай. Менавіта выкладчыкі, вопытныя педагогі раскрылі маладому чалавеку тонкасці даследчай дзейнасці і ўвялі ў захапляльны свет фармакалогіі, без чаго не можа абысціся ні адзін урач. Арцём плануе і надалей развіваць гэты кірунак. 

Але не толькі. Яму таксама цікава тэма спартыўнага траўматызму і метад тэйпіравання для прадухілення траўм, працэс рэабілітацыі арганізма. Такі інтарэс звязаны з работай яго бацькі-трэнера. Арцём свае навыкі ўжо прыкладае ў лячэнні спартсменаў футбольнага клуба «Нёман». Таксама ён выходзіць на дзяжурства ў абласную бальніцу медыцынскай рэабілітацыі, дзе працуе медбратам-анестэзістам у аддзяленні рэанімацыі.

Неўзабаве Арцём атрымае дыплом урача. Кім ён бачыць сябе, сказаць пакуль не бярэцца. Разглядае, у тым ліку, і хірургічны кірунак. Ва ўсякім разе яго веды і здольнасці не застануцца незапатрабаванымі. Арцём імкнецца пастаянна папаўняць свой прафесійны багаж. А шматлікія ўзнагароды і дыпломы — сведчанне поспеху на гэтым шляху.

У тэму

ГрДМУ мае статус навуковай арганізацыі, што пацверджана Дзяржаўным камітэтам па навуцы і тэхналогіях Беларусі. 

У ВНУ навукова-даследчая дзейнасць прадстаўлена лабараторыямі па малекулярнай медыцыне, аналітычнай біяхіміі, электроннай мікраскапіі і групай па вывучэнні газатранспартнай функцыі крыві. ГрДМУ ўваходзіць у склад адукацыйна-навуковага кластара рэгіёна.

Навуковай дзейнасцю ахоплена звыш дзвюх тысяч студэнтаў. Больш за 100 чалавек уваходзяць у аб’яднанне маладых навукоўцаў. Некалькі гадоў таму тут стартаваў пілотны міжнародны праект «Школа маладога вучонага ГрДМУ», да якога далучыўся шэраг расійскіх медыцынскіх універсітэтаў. За апошнія пяць гадоў 20 таленавітых маладых навукоўцаў і 7 аспірантаў удастоены стыпендыі Прэзідэнта Беларусі. Летась два прадстаўнікі ўніверсітэта атрымалі гранты Прэзідэнта ў навуковай дзейнасці.

ГрДМУ — адзіны ўніверсітэт краіны, які ў мінулым годзе стаў чатырохразовым лаўрэатам прэміі ўрада Беларусі за дасягненні ў вобласці якасці.

У 2023 годзе супрацоўнікі ВНУ сталі пераможцамі Рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў. У намінацыі «Лепшы інавацыйны праект» узнагароды атрымалі дацэнт кафедры дзіцячай хірургіі Аляксандр Глуткін за праект «Індывідуальная кампрэсарная бялізна для медыцынскай рэабілітацыі пацыентаў з рубцамі скуры», другое месца ў супрацоўнікаў кафедры отарыналарынгалогіі і захворванняў вачэй Алега Хорава і Юліі Бандарчук за праект «Мабільны дадатак «Тіnnіtus».

За апошнія пяць гадоў універсітэт атрымаў каля ста патэнтаў за вынаходніцтва і карысныя мадэлі. Укаранёныя амаль 470 лячэбных і амаль 550 вучэбных актаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота дадзена ГрДМУ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.