Вы тут

Мясцовыя выканкамы прымаюць рашэнні аб ахове месцаў пражывання птушак-чырванакніжнікаў


Нядаўна адпаведнае рашэнне прыняў Пінскі райвыканкам. Дакументам прадугледжана ўзяць пад ахову месцы пражывання трохпалага і беласпіннага дзятлаў, а таксама вераб’інага сыча, якія занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Птушкі заўважаны ў кварталах Малаплотніцкага, Клятнянскага, Парэцкага лясніцтваў Целяханскага лясгаса.


Як паведаміў карэспандэнту газеты галоўны ляснічы Целяханскага лясгаса Руслан Шагойка, ахова птушак азначае перш за ўсё асаблівы рэжым вядзення гаспадарчай дзейнасці ў арэоле іх пражывання. Супрацоўнікі лясніцтваў строга прытрымліваюцца ахоўных абавязацельстваў у плане правядзення нарыхтоўкі лясных рэсурсаў, выканання лесагаспадарчых і меліярацыйных работ.

Руслан Анатолевіч падкрэсліў, што вопыт такой работы ў лясгаса ёсць. Гаспадарнікі кіруюцца ў сваёй дзейнасці Лясным кодэксам Рэспублікі Беларусь і Законам «Аб змяненні Ляснога кодэкса Рэспублікі Беларусь», які быў прыняты летась і ўступіў у сілу ў студзені бягучага года. Закон якраз накіраваны на ўдасканаленне пытанняў аховы лясоў і прыроды ў цэлым — роля мясцовай улады ў гэтай справе ўзрастае.

Ну і грамадскасць не застаецца ў баку ад добрай справы. Варта сказаць, што многія школы Пінскага раёна надаюць значную ўвагу экалагічнай адукацыі вучняў. Скажам, у Сошненскай сярэдняй школе ўжо шмат гадоў працуе аб’яднанне па інтарэсах «ЛЕСавічОК». Дырэктар школы Святлана Хандрыка расказала карэспандэнту газеты, што дзеці разам з педагогамі і бацькамі робяць кармушкі для птушак, праводзяць назіранні, ладзяць акцыі па зімовых падкормках крылатых сяброў і сустрэчы птушак вясной: «Тым самым мы выхоўваем у вучняў любоў да прыроды, уменне назіраць за навакольным асяроддзем. На занятках гуртка школьнікі атрымліваюць экалагічныя веды, якія і служаць асновай беражлівага стаўлення да прыроды, у нашым выпадку — да птушак», — падкрэсліла Святлана Васілеўна.

Дарэчы, днямі Бярозаўскі райвыканкам сваім рашэннем перадаў пад ахову месцы пражывання вусатай сініцы і шэрага жураўля. Птушкі, занесеныя ў Чырвоную кнігу, заўважаны на землях трох карыстальнікаў зямельных участкаў. Вусатая сініца адзначана на землях ААТ «Міжлессе», Бярозаўскай машынна-тэхналагічнай станцыі і сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства «Савушкін-Прамень». Пад ахову перададзена амаль 57 гектараў. Шэры журавель пражывае на ўчастку амаль у 40 гектараў тэрыторыі ААТ «Міжлессе». На ўказаных участках устанаўліваецца асаблівы рэжым аховы і выкарыстання. Названыя гаспадаркі бяруць на сябе ахоўныя абавязацельствы. Ну а мясцовая ўлада выступае ў ролі каардынатара работы.

— Наша функцыя ў гэтым пытанні больш асветніцкая, выхаваўчая, а таксама інфармацыйная, — гаворыць старшыня Міжлескага сельскага Савета Бярозаўскага раёна Юрый Кашталян. — На сходах грамадзян будзем яшчэ раз нагадваць, тлумачыць, заклікаць ні ў якім разе не выпальваць сухую траву вясной. Апошняе смяротна небяспечна для птушак-чырванакніжнікаў. На асобных участках нельга прымяняць угнаенні і сродкі аховы раслін у перыяд з 15 красавіка да 31 ліпеня ўключна. Гэта датычыцца не толькі сельгаспрадпрыемстваў, але і фермераў, прыватных гаспадароў. Выканкам даводзіць інфармацыю да зацікаўленых асоб, а вялікай асветніцкай работай у экалагічным кірунку займаецца школа. На нашай тэрыторыі функцыянуе Сігневіцкая сярэдняя школа. Там ёсць адпаведныя гурткі, факультатывы. Добра, што дзеці выхоўваюцца ў духу павагі да прыроды. Інакш і быць не можа ў нашай мясцовасці: побач — Спораўскі заказнік, іншыя запаведныя мясціны.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.