Вы тут

Чым жыве і цікавіцца сучасны бібліятэкар?


«Алеся» — старэйшы ў Беларусі часопіс для жанчын — сёлета адзначыць 100-гадовы юбілей. Першы яго нумар выйшаў у лістападзе 1924 года. Назва выдання з цягам часу мянялася: з 1924 па 1930 — «Беларуская работніца і сялянка», з 1931 па 1941 гады — «Работніца і калгасніца Беларусі», з 1946 ― «Работніца і сялянка», з 1995 года — «Алеся».


На працягу 100 гадоў часопіс адлюстроўваў жыццё нашай краіны праз вобразы жанчын розных узростаў і прафесій. Гераіні выдання — працаўніцы заводаў і калгасаў, настаўніцы і дактары, жанчыны-дэпутаты і вучоныя, артысткі, мастачкі... Мужныя, самаадданыя, працавітыя, прыгожыя, таленавітыя. Яны рабілі навуковыя адкрыцці, расцілі хлеб, стваралі мастацкія палотны, гадавалі дзяцей і моцна любілі сваю краіну. Іх твары ўсміхаюцца нам з вокладак часопіса 30, 50 і болей гадоў таму. 

У серыі фотастылізацый мы пакажам сучасных беларусак у вобразах гераінь розных прафесій і перыядаў савецкай эпохі. Пры тым будуць выкарыстаны тыя ж кампазіцыйныя і творчыя прыёмы, што і на старых вокладках, каб максімальна наблізіць кадр да арыгіналу. 

Адкрывае нашу новую рубрыку вядучы бібліятэкар адзела захоўвання спецыялізаваных фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Святлана Мілейка. А «прататыпам» для фотастылізацыі паслужыла гераіня вокладкі № 9 «Работніцы і сялянкі» за 1986 год — галоўны бібліятэкар чытальнай залы Беларускага інстытута механізацыі сельскай гаспадаркі Роза Сомава.

Бібліятэкар у жыцці і ў кіно

Сваю справу Святлана Мілейка вельмі любіць. І сама з задавальненнем вывучае розныя дакументы, газеты, кнігі, бо цікавіцца гісторыяй, асабліва ваеннай тэматыкай. А яшчэ мае не зусім звычайнае хобі — здымаецца ў кіно. 

Дакрануцца да гісторыі 

Святлана нарадзілася ў горадзе Глыбокае Віцебскай вобласці. З дзяцінства любіла чытаць. Асабліва цікавілася кнігамі пра жывёл і расліны. Такое захапленне і вызначыла ў далейшым выбар прафесіі. У 2012 годзе яна скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. Пасля вучобы адразу трапіла ў Нацыянальную бібліятэку Беларусі, дзе працуе ўжо адзінаццаць гадоў. 

— Як прыйшла сюды, так і застаюся ў любімым сектары газетнага фонду. Штодзень праглядаю новыя нумары газет, якімі больш за ўсё цікавяцца нашы чытачы. Выконваю абавязкі па захаванасці фонду, падбіраю экзэмпляры для падшывак, займаюся іх творчым афармленнем, — расказвае пра некаторыя свае абавязкі Святлана. 

Прафесія бібліятэкара — гэта не толькі штодзённая карпатлівая праца з фондамі, але і захапляльныя падарожжы, сустрэчы з цікавымі людзьмі і новыя ўражанні. Напрыклад, летам Святлана прымала ўдзел у міжнародным праекце «Адукацыйная калабарацыя бібліятэк Садружнасці», які праходзіў у Маскве. 

— Мы наведалі розныя бібліятэкі: Расійскую дзяржаўную, дзіцячую, бібліятэку-чытальню імя І. С. Тургенева. Больш за ўсё мяне ўразіла бібліятэка імя Ганны Ахматавай: вельмі сучасная! Там ёсць апарат электроннай выдачы кніг: можна прасканаваць штрыхкод, свой чытацкі білет і забраць кнігу дадому, а потым вярнуць такім жа спосабам. Ёсць і кіназала з вялікім экранам, прафесійна абсталяваная студыя гуказапісу. Акрамя бібліятэк, наведалі славутыя мясціны расійскай сталіцы. Ужо чакаю наступных праектаў, — успамінае сваю вандроўку бібліятэкар. 

Праца ёй вельмі падабаецца, у першую чаргу з-за магчымасці мець доступ да шырокага кола інфармацыі. Святлана першай прымае газеты Беларусі і з усяго свету. І ў кожным выданні знаходзіць штосьці цікавае і карыснае для сябе. 

— Я пастаянна вучуся, удасканальваю свае навыкі. У бібліятэцы можна вывучаць гісторыю па рэальных дакументах: часопісах, кнігах і газетах. У нас ёсць выданні нават 1880-х гадоў. Залаты газетны фонд — рэвалюцыйнага, даваеннага, ваеннага перыядаў — складае 65% ад усіх газет, якія захоўваем, — з захапленнем расказвае мая суразмоўніца. 

Зняцца ў кіно 

У гераіні вельмі шмат цікавых хобі і захапленняў. Святлана любіць вырошчваць кветкі, асабліва фіялкі. Па словах суразмоўніцы, яе кватэра з-за раслін падобная на сапраўдныя трапічныя джунглі. Вяжа кручком: занятак гэты супакойвае і расслабляе. 

Ёсць у Святланы яшчэ адно незвычайнае і вельмі творчае хобі — яна здымаецца ў кіно. 

— Адна з апошніх роляў якраз была звязаная з бібліятэчнай справай, так што ў мяне цудоўна атрымалася ўжыцца ў вобраз, — пасміхаецца яна. — У асноўным здымаюся ў расійскіх фільмах, аднойчы — ва ўзбекскім. Сярод іх — серыял «Прошу поверить мне на слово», ваенныя фільмы «Про Петра и Павла», «Узбечка» і інш. Апошні фільм, у якім здымалася, — «Спасение капитана Максимова». Вельмі цікавы быў праект тэлеканала «Звязда» — дакументальны серыял «Москва фронту». Там я была актрысай масавых сцэн. 

Па фільмах, дакументах і кнігах Святлана вывучае гісторыю, асабліва ж цікавіцца ваеннай тэматыкай. Кажа, жаночыя раманы, дэтэктывы не для яе! 

— Дзякуючы здымкам у ваенных фільмах я спазнаю шмат новага, а потым яшчэ дадаткова паглыбляюся ў тэму, чытаю, шукаю матэрыялы. Дарэчы, паводле апошняй ролі — я іграла бібліятэкара — мне трэба было перадаць галоўнаму герою кнігу на подпіс. Не ўяўляеце, як хацелася прачытаць яе самой! — дзеліцца мая суразмоўніца.

Як жа бібліятэкар трапіла ў свет кіно? 

— Яшчэ ў студэнцтве сябры аднойчы паклікалі з сабой на здымкі праекта «Звёздный ринг». Мне вельмі спадабалася: там была жывая музыка, спевы, — успамінае Святлана. —Так стала ўдзельнічаць спачатку ў музычных праектах, а потым і ў кіно. 

Пажаданні «Алесі» 

— Мая маці працавала паштальёнам у горадзе Глыбокае, таму добра ведала і з задавальненнем чытала «Алесю», — гаворыць Святлана Мілейка. — Са свайго боку, пажадаю здароўя і прыгажосці чытачкам часопіса і ўсім беларускім жанчынам. «Алесі» — вялікіх тыражоў і цікавых інтэрв’ю!

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.