Вы тут

Луцкі: Дзяржсімвалы — люстэрка нашых нацыянальных каштоўнасцяў


У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі прайшло пасяджэнне Рэспубліканскага міжведамаснага каардынацыйнага савета па патрыятычным выхаванні насельніцтва «Фарміраванне павагі да дзяржаўных сімвалаў».


Фота: БелТА

«Канстытуцыя Беларусі гаворыць аб тым, што сімваламі Рэспублікі Беларусь як суверэннай дзяржавы з’яўляюцца Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн. У нашу Канстытуцыю таксама былі ўнесены змяненні ў частцы паважлівага стаўлення да дзяржаўнай сімволікі. Хто б ні знаходзіўся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь — павінен паважліва да яе ставіцца», — адзначыў Ігар ЛУЦКІ, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Ён звярнуў увагу, што ў пытаннях фарміравання павагі да дзяржаўных сімвалаў нельна спыняцца. Як толькі аслабіш хватку — адразу могуць узнікнуць праблемы.

«Дзяржаўныя сімвалы — гэта люстэрка нашых нацыянальных каштоўнасцяў, ідэнтычнасці нашага народа, якія раскрываюць яго душу, гісторыю, памкненні», — сказаў Ігар Луцкі. Па яго словах, павага да дзяржаўных сімвалаў — гэта тое ж, што і павага да сваёй гісторыі: «Гэта ж наша гісторыя, адлюстраванне нашага „я“, — падкрэсліў ён. — Мы, беларусы, заўсёды ганарыліся сваёй сімволікай. Наш сцяг мае ўнікальны арнамент, які ідзе з глыбіні стагоддзяў. Там закадзіравана наша свядомасць, нашы традыцыі. Калі мы губляем нашы традыцыі, то губляем краіну, губляем суверэнітэт. 19-ы артыкул Канстытуцыі кажа: гэта сімвалы суверэннай дзяржавы».

Праява павагі і любові да дзяржсімвалаў у лічбавым асяроддзі ў выглядзе разнастайных акцый таксама мае вялікае значэнне, упэўнены Ігар Луцкі. «Вы бачыце, як шмат іх праходзіць у TіkTok, Іnstagram, калі людзі выкладваюць свае фатаграфіі з дзяржаўнай сімволікай. Мы бачым, што гэта вельмі ўзнімае наш патрыятычны дух. У гэтым кірунку будзем працаваць, вядома ж», — дадаў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта.

Міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў заўважыў, што для папулярызацыі беларускай сімволікі ва ўсіх гандлёвых сетках «Белсаюздруку» шырока прадстаўлена адпаведная прадукцыя: значкі, ручкі, блакноты, сцяжкі, магніты, паштоўкі, плакаты, бірулькі. «Асабліва хачу звярнуць увагу на налепкі, якія былі выпушчаны намі і прадаюцца ў нашых сетках. Яны добра клеяцца на накрыўку багажніка аўтамабіляў і напярэдадні дзяржаўных свят упрыгожваюць аўтамабілі сапраўдных патрыётаў. А мы пра гэта робім сюжэты на цэнтральных і рэгіянальных тэлеканалах», — сказаў ён. Па словах міністра, такая прадукцыя карыстаецца попытам у пакупнікоў. «Асаблівая актыўнасць назіраецца напярэдадні дзяржаўных свят, а таксама ў час правядзення рэспубліканскіх акцый. Безумоўна, павага да дзяржаўных сімвалаў нашай краіны садзейнічае выхаванню ў маладога пакалення каштоўнасцяў патрыятызму, грамадзянскасці, адказнасці за будучыню Беларусі», — падкрэсліў міністр.

Уладзімір Пярцоў таксама заўважыў, што важкі ўклад у захаванне і фарміраванне паважлівых адносін да дзяржаўнай сімволікі ў нашых грамадзян уносяць дзяржаўныя цэнтральныя і мясцовыя сродкі масавай інфармацыі, а таксама кнігавыдаўцы. «Гэта работа вядзецца як шляхам напаўнення спецыяльных рубрык, стварэння тэматычных сюжэтаў і рэпартажаў, падрыхтоўкі інфармацыйных тэлерадыёэфіраў, спецыяльных газетных палос, так і рэалізацыі спецпраектаў, у тым ліку кніжных, — адзначыў ён. — Асаблівае гучанне гэтай тэме адводзіцца напярэдадні Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Гэта святочнае афармленне эфіраў рэспубліканскіх і рэгіянальных тэлеканалаў, першых палос друкаваных выданняў, падрыхтоўка шэрагу тэматычных праектаў».

Паводле БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.