Вы тут

Навінка літаратуры — кніга «Дарагія сябры»


Прыемна трымаць у руках кнігу арыгінальную. Неабавязкова «кнігу з кніг», якія выпускаў неўміручы Францішак Скарына. Ды яна, з’яляючыся каштоўнейшым рарытэтам, простаму смяротнаму, прабачце за таўталогію, у рукі не даецца. Але такую, што знешне фаліянтам выглядае. Не аднаго аўтара творчы набытак, а дзясяткаў. Менавіта такая і выйшла ў Маскве дзякуючы фінансавай падтрымцы Міністэрства лічбавага развіцця, сувязі і масавых камунікацый Расійскай Федэрацыі ў серыі «Сучасная літаратура краін СНД», з прадмовай Цімура Пулатава, якая адразу выклікае давер — «Дарагія сябры». 


Кароткі змест выдання ў анатацыі выглядае так: «Гэты том адкрывае серыю анталогій, якія прадстаўляюць шырокаму чытачу творы, напісаныя на мовах краін Садружнасці пасля 1991 года. На працягу трыццаці гадоў незалежнасці ў кожнай з краін працягвала развівацца свая мастацкая літаратура, з’явіліся новыя аўтары, аб якіх недастаткова вядома рускамоўным чытачам. Выданне серыі ліквідуе прыкры гуманістычны прабел, дапамагае скласці аб’ёмную і яркую карціну сучанага стану літаратуру СНД (усіх, якія ўваходзяць і ўваходзілі раней) і дае ўяўленне аб найбольш актуальных тэмах і пытаннях, якія падымаюцца аўтарамі сёння. Анталогія ўключае ў сябе мастацкія пераклады на рускую мову празаічных твораў адзінаццаці краін, аглядныя нарысы аб складзе сучаснай прозы, кароткія біяграфічны даведкі аб аўтарах». Прадстаўлены празаікі з Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Украіны. Больш вядомыя і менш, але па іх творах, пры ўважлівым чытанні, можна атрымаць даволі поўнае ўяўленне аб тым, чым жыве сёння былая шматнацыянальная савецкая літаратура. Перш за ўсё ў адлюстраванні чалавека ў новых грамадскіх і сацыяльных умовах. Гэта добра відаць і па творчасці беларускіх аўтараў, прадстаўленых у анталогіі, што і бачна з агляднага нарыса «Пошукі і дасягненні сучаснай беларускай прозы».

Аўтар гэтага сціслага агляду, як таго і вымагала канцэпцыя пабудовы кнігі, разам з тым і грунтоўнага, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар філалагічных навук Іван Саверчанка, які дасканала ведае прадмет гаворкі, заўсёды трымае ў полі свайго зроку тое, што з’яўляецца апошнім часам у нацыянальнай прозе.

Беларуская старонка адкрываецца ўрыўкам з рамана народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца «Аперацыя «Кроў»». Іван Саверчанка, даючы высокую ацэнку гэтаму твору, заўважае тое, у чым пераканаліся многія. Меркаванні сыходзяцца ў адным: рамана з такім праўдзівым выкрыццём зверстваў нямецкіх нацыстаў у нашай літаратуры дагэтуль не было. Асабліва пра знішчэнне яўрэяў і дзяцей. Нельга не пагадзіцца з Іванам Саверчанкам, што «галоўная вартасць кнігі ў тым, як майстар слова ў бліскучай мастацкай форме раскрыў дзікую, антыгуманную палітыку Гітлера і яго паплечнікаў на акупаваных тэрыторыях, перш за ўсё ў Беларусі, і паказаў маштаб злачынстваў фашызму супраць чалавецтва. Місія кнігі — папярэдзіць новыя трагедыі, не дазволіць злачынстваў, праліцця крыві нявінных людзей».

Мікалай Чаргінец, як вядома, — з пісьменнікаў, роўных якому ў беларускай літаратуры няма па адлюстраванні тэмы Афганістана. Змагаючыся не адзін год у гэтым гарачым пункце планеты, ён на свае вочы бачыў, што адбывалася там, і па-свойму праўдзіва, бескампрамісна гэта адлюстраваў. Афган па-ранейшаму не адпускае яго ад сябе, аб чым сведчыць і новы раман Мікалая Іванавіча «А ён не вярнуўся з бою», напісаны ў 2021 годзе. Урывак з яго таксама ўвайшоў у анталогію. «Да несумненных вартасцей твора належыць тое, — слушна заўважае Іван Саверчанка, — што на яго старонках не столькі асвятляюцца баявыя дзеянні, колькі раскрываецца псіхалогія і ўнутраны свет герояў. Дзякуючы гуманістычнай скіраванасці і антываеннаму пафасу, новы раман М. Чаргінца становіцца ў шэраг значных эпічных дасягненняў сучаснай беларускай літаратуры». 

Шматгранная і творчасць Георгія Марчука, на жаль, ужо нябожчыка: раманы, аповесці, апавяданні, казкі, не кажучы пра яго важкі ўнёсак у развіццё драматургіі. А яшчэ ён пакінуў пасля сябе «Давыд-Гарадоцкія каноны». У самой назве выкарыстаў даўні харавы жанр (паняцце, як вядома, паходзіць ад грэчаскага слова kanōn, што ў перакладзе азначае норма, правіла і мае некалькі значэнняў, у тым ліку і такое: адна з форм праваслаўных царкоўных спеваў, якія ўяўляюць сабой своеасаблівы дыялог паміж чытальнікам і хорам або паміж хорамі). Надаў яму сваё гучанне, павёўшы гаворку аб вечных паняццях, што з’яўляюцца маральнымі і духоўнымі каштоўнасцямі, якія перадаюцца з пакалення ў пакалення. Гэта свайго роду навелы-споведзі, у якіх аўтар прызнаваўся ў любові да Маці, да тых рэалій, што акружалі яго з маленства, а з гадамі не толькі не забываюцца, але і набываюць яшчэ больш важкі, значны сэнс.

Цыкл складаецца з дзесяці твораў і пачынаецца «Канонам Богу». Тэме сакральнага, святога Георгій Марчук нездарма надаваў такую вялікую ўвагу. Жыць з Богам у сэрцы, у душы — значыць жыць сумленна і годна. Усведамляючы сваё прызначэнне на зямлі, але і не забываючы тых, хто быў да цябе, з каго ты, па сутнасці, пачаўся. Адсюль і адпаведны падыход да асвятлення, асэнсавання гэтай такой важнай, адказнай, дый, несумненна, вечнай тэмы. Колькі ні жыць чалавецтву, яно не можа не звяртацца ў думках да Усявышняга. Іншая справа, што адны гэта робяць пастаянна, зыходзячы з уласнай веры. Другія пра Бога ўспамінаюць толькі тады, калі надараецца ў іх жыцці нейкая чорная паласа, прыходзіць няўдача, гора. У такім выпадку застаецца спадзявацца толькі на Усявышняга, звярнуўшыся да Яго, папрасіўшы ў Яго падтрымкі. Затое колькі ўхвальных слоў прамаўляецца Яму, калі ўсё ў жыцці ладзіцца.

Георгій Марчук не ставіў мэтай даць сваё разуменне пэўных дагматаў Царквы, не збіраўся тлумачыць іх. У яго была іншая задача — паказаць, як местачкоўцы, землякі яго, прыходзілі да Бога. Таму кіраваўся правілам, вытокі якога, бадай, яшчэ ў юным узросце. Будучы пісьменнік, калі захварэў на сухоты, мусіў шмат лячыцца, падоўгу знаходзячыся ў бальніцы ці санаторыі, меў нямала часу для роздуму аб жыцці. Таму і рана паверыў у Бога.

Не толькі «Канон Богу» Георгія Васільевіча ўвайшоў у анталогію, але і «Канон Гарыні», «Канон Хаце». Кожным разам даецца вычарпальная характарыстыка таму, на што звяртаецца асаблівая ўвага. Пры гэтым малюнкі, якія ствараліся, узнаўляліся, перадаваліся настолькі насычаныя, вобразна напоўненыя, выразна-асацыятыўныя, што адчуваеш сам дух местачковага побыту. Як у «Каноне Хаты», дзе раскрываюцца адметнасці гэтага жытла, у якім ва ўсім звыклым пануе свая гармонія і непрыхаваная вабнасць. Адначасова хата бачыцца жывой істотай. 

На думку Івана Саверчанкі, «выключная яркая з’ява сучаснай нацыянальнай літаратуры — творчасць Уладзіміра Саламахі, на рахунку якога шмат літаратурных дасягненняў і значных мастацкіх адкрыццяў. Ён стварыў і некалькі выдатных кніг публіцыстыкі». Гэтым разам рускамоўнаму чытачу прапануюцца яго апавяданні «Жыць тры дні» і «Яўменава хата». Следам ідзе Віктар Праўдзін з яго «Трыццаццю мілямі да святасці...». Чытач ацэніць творчыя набыткі знакамітага аўтара, прадстаўленыя гэтым разам. Але, несумненна, прыслухаецца і да думак Івана Саверчанкі, які падрабязна спыняецца на напісаным, асабліва адзначаючы раман «Танцавальны марафон»: «Падзеі твора разгортваюцца ў другой палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Майстар слова дасканала пабудаваў дэтэктыў, які дапамог яму асэнсаваць чалавека і грамадскія працэсы на крутым павароце гісторыі. Аўтар прадэманстраваў глыбокае веданне рэалій жыцця. Ён спасціг вытокі паводзін герояў, раскрыў глыбінныя матывы іх жыццёвай філасофіі ўчынкаў».

Меркаванні сыходзяцца ў адным: рамана з такім праўдзівым выкрыццём зверстваў нямецкіх нацыстаў у нашай літаратуры дагэтуль не было. Асабліва пра знішчэнне яўрэяў і дзяцей. Нельга не пагадзіцца з Іванам Саверчанкам, што «галоўная вартасць кнігі ў тым, як майстар слова ў бліскучай мастацкай форме раскрыў дзікую, антыгуманную палітыку Гітлера і яго паплечнікаў на акупаваных тэрыторыях, перш за ўсё ў Беларусі, і паказаў маштаб злачынстваў фашызму супраць чалавецтва. Місія кнігі — папярэдзіць новыя трагедыі, не дазволіць злачынстваў, праліцця крыві нявінных людзей».

Зразумела, прадстаўляць самога сабе Іван Васільевіч не мог. Той, хто ўважліва сочыць за яго творчасцю, ведае, што апошнім часам ён хораша зарэкамендаваў сябе як празаік, які паспяхова абжывае падзеі і паводзіны людзей у сівой даўніне і бліжэй да нас. З шэрагу іх і аповесць «Скарб крывічоў», прадстаўленая ў анталогіі. Дзякуючы ёй разам з аўтарам пераносішся больш чым на тысячу гадоў назад, апынаешся ў 945 годзе, калі ў Полацку з’явіўся Рагвалод.

Звестак пра гэтага першага вядомага князя слаўнага горада на Палаце, бацьку Рагнеды, як вядома, у летапісах амаль не захавалася, таму пісьменніку, які збіраецца апавядаць пра яго, няпроста. Разам з тым, як ні парадаксальна гэта можа ўспрымацца, і лёгка. Несумненна, пры ўмове, што ён добра арыентуецца ў падзеях даўніх часоў, уяўляе іх атмасферу. Гэтаксама атмасферу жыцця нашых далёкіх продкаў, іх звычаі. Ведае багоў, якім яны пакланяліся.

Іван Саверчанка да такіх аўтараў і належыць. Таму, пачынаючы чытаць аповесць «Скарб крывічоў», нязмушана пераносішся ў час, у якім для нас так шмат загадкавага, невядомага, але, з-за гэтай загадкавасці і невядомасці, яшчэ больш прыцягальнага, вабнага. Яно ў многім і інтрыгоўнае, бо загадзя не ведеш, як дзеянне ў аповесці будзе разгортвацца далей:

«Незвычайны страх запанаваў сярод крывічоў. У людзей ажно кроў стыла ў жылах. Магічная зброя — лук са стралой і блішчасты кароткі меч, якія дасталіся племю ў спадчыну ад далёкіх прашчураў, людзей-волатаў, раптоўна страцілі сваю моц. Усе жылі прадчуваннем немінучай бяды. Старэйшыны роду ў адзін голас вінавацілі Ваўка — валадара крывічоў. Ён здейсніў смяротны грэх: у гневе забіў нявіннага земляроба, які 
ў нейкай дробязі запярэчыў яму, і таму, як тлумачылі жрацы, назаўсёды пазбавіўся падтрымкі багоў». Хто ведае, чым бы ўсё скончылася, калі б не прысніўся валадару крывічоў малады лось з залатымі рагамі, у якіх «прасвечвалася сонца». Што гэта значыць, ён пацікавіўся ў вешчуна. Той 
і патлумачыў яму, што «малады лось з залатымі рагамі — гэта малады князь, наш новы валадар. Трэба пасылаць за Варажскае мора». Расказаў пра «магутнага князя люцічаў», якога Рагвалодам клічуць. Да яго з запрашэннем правіць у Полацку і адправіліся крывічы. 

Як вядома, са з’яўленнем на нашай зямлі Рагвалода пачалося ўзнікненне першай беларускай дзяржавы, якой і стала Полацкае княства. Апавядаючы пра гэта, Іван Савечанка, як і трэба было чакаць, не абыходзіць увагай і таго, як ужо ў даўнія часы закладаліся стасункі з іншымі землямі. Гэта відавочна па паходах полацкіх дружын на Хазарскі каганат і ў Візантыю. Вобразам-сімвалам у аповесці «Скарб крывічоў» успрымаецца «тугі лук з на дзіва кароткай стралой і двухбаковы меч» — зброя, што некалі належала продкам крывічоў. Яны былі ўпэўнены, што яе ўручыў ім сам Пярун. Гэтыя баявыя рэліквіі і атрымаў Рагвалод. Збылося сказанае жрацамі: «Яны маюць вялізную сілу. Той, хто стане іх валадаром, ніколі не будзе пераможаным». 

Праблемы маральна-этычнага плана паспяхова вырашаюцца ў апавяданнях Уладзіміра Гаўрыловіча «Не сварыцца з нябёсамі» і «Вяртанне». Пісьменнік у аснову сюжэта кладзе сітуацыі, узятыя з той паўсядзённасці, якая часам знаходзіцца быццам у цяні. Задачы ж літаратуры, прозы ў прыватнасці, пра яе пісаць. Што і робіць Уладзімір Гаўрыловіч.

Анталогія «Проза», выдадзеная ў Маскве, трапіць і ў краіны, пісьменнікі якіх прадстаўлены ў ёй. Хацелася б, каб яна стала і свайго роду наладжваннем кантактаў, якія з некаторымі з іх паслабіліся. Каб даведаліся чытачы, якая яна, сучасная беларуская проза.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.