Вы тут

Парадаксальная любоў да радзімы ў новым нумары часопіса «Полымя»


Паэзія і мастацкая проза закліканы стымуляваць эмацыянальнае і/або інтэлектуальнае ўзрушэнне праз судакрананне індывідуальнага і асабістага, з аднаго боку, з універсальным і агульначалавечым — з другога. У гэтым сутнасць эстэтычнага і катарсісу як яго адвечнай уласцівасці, якая лучыць адзінку з іншымі людзьмі, са светам, ды і тым, што па-над усім гэтым. Такога эфекту чакаюць ад мастацтва ва ўсіх яго родах і відах, у пошуках такога «цуду» творчасці чытачы штомесяц разгортваюць нязменную рубрыку «Паэзія і проза» часопіса «Полымя». Паглядзім, ці не расчаруе нас снежаньскі нумар...


Казімір Камейша ў нізцы вершаў «Час не зачыніш на засовы» дзеліцца з чытачом пры дапамозе нешараговых вобразаў перажываннямі розных станаў. Напрыклад, калі ты пацалаваны камаром у твар, калі чуеш, як плача скошаная трава, як вочы сплываюць ручаямі. Запамінтальным і яркім выступае вобраз лірычнага героя, які паліць дровы маладосці. А ў вершы «Хрэсьбіны 1943 года» аўтар, народжаны ў час Вялікай Айчыннай вайны, займальна апавядае пра хрышчэнне ёю: узнаўляе, паводле сабраных успамінаў, абставіны свайго нараджэння, праходжання царкоўнага абраду і набыцця імя.

Ала Клемянок, адпаведна актуальнаму зімоваму настрою, знаходзіцца «У чаканні трэцяга снегу» — такую назву мае яе вершаваная нізка. Розныя настроі чаргуюцца ў прадстаўленых вершах: ад сумна-маркотнага да іранічна-гарэзлівага. Апошні асабліва пасуе аўтару, можа, яшчэ і таму, што падобнай эмацыянальнай і асобаснай смеласці сёння якраз не стае паэзіі. Звяртаюць увагу думкі на тэму сусветнай справядлівасці, у якую нам усім так хочацца верыць, каб нейтралізаваць непрыемнае ў рэчаіснасці і сваім лёсе:

Прыроды хараство не выпраўляе лёсы,

не радуе таго, хто заслужыў праклён.

Ніякі гербіцыд не знішчыць грэх

                                                      смяротны:

няшчасце прарасце праз некалькі кален.

Тады дадуцца ў знакі і пасады вам, 

                                                      і льготы:

панішчыць рок усё — 

                                                    вам застанецца тлен.

Чытач знойдзе тут выратавальныя думкі пра тое, што пакутнік, ці ахвяра, будзе суцешаны, калі акажуцца пакаранымі крыўдзіцелі ці хаця б іх нашчадкі. Гэтае жаданае суцяшэнне здольна ў сусветнай рэальнасці аказацца ілюзіяй: праўда ў кожнага свая, а пасланыя чалавеку выпрабаванні надзелены сваімі, прыватнымі мэтамі, як, напрыклад, навучыцца дараваць і прымаць несправядлівасць. Чалавеку пра боскую задуму ва ўсёй яе паўнаце ведаць не дадзена, таму і будуюцца ім розныя канцэпцыі — з імі нібы лягчэй ісці.

Пятро Жаўняровіч прапануе падборку «Жыву надзеяй», у адным з вершаў якой асэнсоўвае сучаснасць (здаецца, сённяшні герой і надзённыя праблемы патрэбны ў мастацтве, калі меркаваць па закулісных размовах). У вершы «Путы» аўтар параўноўвае абмежаванні коней, якія пасуцца з кайданамі і з-за гэтага адначасова і маюць свабоду, і пазбаўлены яе, са станам людзей нашага стагоддзя, якія таксама знешне свабодныя, але жахліва залежныя ад смартфонаў. Электроннымі путамі мы добраахвотна абвітыя, падаецца, без надзеі на вызваленне; залежнасць ад сацыяльных сетак і лайкаў пагражае карыстальнікам рэгрэсам да свядомасці коней на выпасе.

Празаічная частка прадстаўлена жанрамі вялікімі і малымі. Васіль Жуковіч дорыць чытачам тры навелы: распаведзеныя ў іх жыццёвыя гісторыі герояў, верагодна, маюць прататыпаў і ўзяты з жыцця аўтара ці яго атачэння. Вось гэтая ледзь улоўная блізкасць да пісьменніка і не дазваляе назваць творы ў поўнай ступені класічнымі навеламі, хаця яны вельмі блізкія да іх. Праўда, ад аўтараў ніколі не патрабуецца вытрымліваць жорсткія межы жанру, якіх у сучаснай літаратуры і не адшукаць, ды і размова ідзе пра надзвычай суб’ектыўнае адчуванне гэтых межаў. Творы «Кузя», «Пры святле поўні», «Прадчуванні» падораць гадзіну займальнага, засяроджанага чытання.

Не будзе шкадаваць чытач і пра знаёмства з апавяданнем Алены Брава «Кветка гібіскусу». У ім падзеі штодзённага жыцця ў адным з офісных будынкаў падаюцца праз бачанне, успрыманне і інтэрпрэтацыю расліны. Але за кветкай-апавядальніцай стаіць аўтар, які робіць гэты наратыўны пункт погляду іранічным і нібы з вышыні назірае за тымі жарсцямі, якімі здольны напоўніць жыццё людзі. Кветка лічыць сябе надзвычай важнай персонай і cцвярджае, што менавіта яна мае дачыненне да смерці некаторых герояў.

Працягваецца публікацыя рамана Віктара Праўдзіна «Непераможны злом». У гэтым нумары чытач знаёміцца са станоўчым героем, якім з’яўляецца прадстаўнік духавенства, пасаджаны камуністамі ў астрог. Сюжэт будуецца на стасунках бацюшкі і яго ахоўнікаў, якія дэманструюць прыхільнасць да алкаголю і жаданне нажыцца. Змены адбываліся не без перакосаў, як даводзіць аўтар, гаворачы вуснамі аднаго з герояў: «А яшчэ трэба было як мага глыбей схаваць прагнае да справядлівасці сумленне і без аглядкі кінуцца ў шалёны, неўсвядомлены вір усёсакрушальнай помслівай рэвалюцыі, каб надалей жыць без буржуяў, папоў, цароў, паноў і падпанкаў...»

Паводле аўтара, нячыстымі рукамі ажыццяўляюцца сацыяльныя змены, але за гэтай ідэяй быццам абмінаецца тое, што часам на паступальныя рэформы няма і надзеі, а рух жыцця патрабуе абнаўлення. У гістарычнай неразбярысе кожны лабіруе свае інтарэсы: нехта — высокія, а нехта — прыземленыя. Пакуль што перад намі ідэалізаваны герой. Віктар Праўдзін, як кожны аўтар, прапануе чытачу сваю гістарычную праўду, якая мела месца ў апісаны пераходны час і якая знойдзе прыхільнікаў сярод чытачоў.

У рубрыцы «Навуковыя публiкацыi» выступае Зоя Траццяк з артыкулам «Агульная параўнальная характарыстыка беларускай і амерыканскай літаратурных традыцый адлюстравання Першай сусветнай вайны». Аўтар працягвае роздумы над тэмай не так даўно абароненай доктарскай дысертацыі, кіруючыся ідэяй сінтэзу карэлятыўнага і тыпалагічнага падыходаў. Такі погляд на кампаратыўны аналіз дазваляе праз вылучэнне асноўных тэндэнцый шматбакова ахарактарызаваць беларуска-амерыканскія літаратурныя сувязі ў межах акрэсленай праблематыкі.

У публікацыі доктара філалагічных навук Валерыя Максімовіча «Мастацкая творчасць у прасторы культуры» разгортваюцца развагі на міждысцыплінарныя тэмы — на мяжы філасофіі і літаратуразнаўства, у сферы псіхалогіі творчасці. Даследчык трымае ў цэнтры ўвагі такія пытанні, як ідэнтыфікацыйны рэсурс эліты, ментальна-духоўныя пласты культуры, канцэнтрацыя мастацка-філасофскіх сэнсаў ва ўмоўна метафарычнай прасторы твора, сплаў асабістага досведу з сімвалічным напаўненнем культуры.

Справядліва адзначаецца філасофская заглыбленасць творчасці класікаў беларускай літаратуры перыяду нацыянальнага Адраджэння пачатку XX ст.  У гэты час упершыню ў гісторыі мастацкая літаратура была асабліва знітавана з думкай мысляроў і нават брала на сябе функцыі філасофіі, пакуль тая не вылучылася ў асобную галіну ў Беларусі (І. Абдзіраловіч, У. Самойла).

Публікацыяй Сяргея Слонімскага «Нашы заходнікі» часопіс нагадвае чытачам пра аўтара вядомай «Дануты» Аляксея Карпюка, а таксама пра Петруся Макаля, Уладзіміра Калесніка. Прыводзіцца і агульнавядомае, і асабістае, у прыватнасці цытуецца адрасаваны аўтару ўспамінаў працяглы, нераўнадушны ліст Калесніка. З яго літаратуразнаўца паўстае чалавекам, неабыякавым да праблем нацыянальнай культуры і духоўнай будучыні Беларусі.

Іван Лапо ў тэксце «А для мяне вы — маршалы, якія камандавалі б арміямі слоў» расказвае пра літаратара Андрэя Александровіча. Заглыбляючыся ў падобныя жыццяпісы, усведамляеш, якім няпростым было XX стагоддзе: з 57 пражытых гадоў герою, які ўшаноўваецца ў публікацыі, 15 было наканавана правесці ў сталінскіх лагерах. Аўтар прыводзіць верш Александровіча з патрыятычным эпіграфам — з купалавых радкоў — і алюзіямі на творчасць класіка. Чытаючы верш Александровіча, здзіўляешся: хоць цяжкім быў час, пражыты паэтам на бацькаўшчыне, хоць ён пакутаваў ад радзімы і любові да яе, усё роўна парадаксальна болей за ўсё гэтую радзіму любіў. Напрыканцы жыцця Александровіч быў адноўлены ў званні, атрымаў кватэру — так краіна папрасіла прабачэння ў свайго адданага героя.

Чым я далей ад берагоў, 

Ад родных ручаінаў,

Тым палымней мая любоў, 

Ты мне мілей, айчына.

Заўсёды, скрозь яна са мной,

Яе лясы і кручы.

І ў песні доблесці людской

Купалы голас гучны.

Кастусь Лешніца апавядае пра сяброўства і ліставанне Якава Бердзічэўскага і Анатоля Тычыны ў публіклацыі рубрыкі «Эпiсталярый» ««Тысячу прабачэнняў, Анатоль Мікалаевіч...» Чытаючы «старонкі сяброўства» экслібрысіста і мастака». Прадметам увагі выступае цікавы і нешараговы занятак — калекцыяніраванне экслібрысаў — рэдкае і незвычайнае хобі.

З архівамі знаёміць пісьменніца Людміла Рублеўская ў тэксце «Зваротны бок песні. Старонкі гісторыі Саюза беларускіх кампазітараў». Тут гучыць нячастая для часопіса не літаратурная, а музычная тэма, разгортванне якой прыадкрывае старонкі гісторыі жыцця кампазітараў, цікавыя і займальныя, у якіх абавязкова трэба яшчэ глыбей «пакапацца» — так лічыць аўтар, якая адшукала прадстаўленыя ў нумары матэрыялы пра Ісака Любіна, Мікалая Аладава, Васіля Залатарова, аўтара музыкі беларускага гімна Нестара Сакалоўскага. Назіранні Людмілы Рублеўскай, а таксама прыведзеныя выпіскі з дакументаў зноў нагадваюць пра няпростасць XX стагоддзя.

Таццяна Дземідовіч у рэцэнзіі «У добры шлях, «Верасок»!» расказвае пра выданне для маленькіх беларусаў і іх бацькоў. Яго давялоcя патрымаць у руках і аўтару гэтых радкоў, а разам з тым пазнаёміцца са складальніцай, захопленай сваёй справай. Гэта Іна Фралова, на думку якой кніга прызначана несці карысць дзецям розных узростаў, таму што ў ёй змешчаны самыя добрыя вершы і апавяданні класікаў і сучасных беларускіх пісьменнікаў, творы айчыннага і сусветнага фальклору. Рэцэнзент звяртае ўвагу, што выданне яшчэ і аздоблена важнымі для малых ілюстрацыямі, якія будуць не толькі садзейнічаць засваенню прачытанага, але і заклікаць да малявання.

Вера Стасенка запрашае «Дакрануцца да асноў жыцця» ў рэцэнзіі на раман Зінаіды Дудзюк «Слодыч і атрута». Выданне пазіцыянуецца як своеасаблівы жыццяпіс беларускай сям’і з Берасцейшчыны, на прыкладзе якой прасочваюцца лёсы палешукоў у ХХ стагоддзі з усімі яго гістарычнымі злыбедамі. У гэтай кнізе адкрываецца прастора традыцыйнай культуры і выхавання, паглыбленне ў якую толькі і захоўвае самабытнага, цікавага беларуса.

Алесь Карлюкевіч у публікацыі «Голас Беразянкі» рэцэнзуе дакументальна вывераную, напоўненую архіўнымі запісамі і сведчаннямі памяці біяграфію паселішча. Яго трагічны лёс узнавілі нераўнадушныя даследчыкі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Плавінскі і Андрэй Шавель. Рэцэнзент характарызуе выданне «Беразянка» як падручнік па патрыятычным выхаванні маладых людзей, а таксама акрэслівае перспектыву перавыдання даследавання ў сувязі з малым накладам першапублікацыі.

Па традыцыі дванаццаты нумар утрымлівае «Змест часопіса за 2023 год», падтрыхтаваны Наталляй Казапалянскай. Так супрацоўнікі «Полымя» клапоцяцца пра чытача, які, калі і мог нешта прапусціць за імклівы і насычаны падзеямі мінулы год, усё яшчэ мае магчымасць ліквідаваць прабелы.

На працягу 2023 года вокладка «Полымя», яркая і запамінальная, асацыіравалася з першымі дзесяцігоддзямі жыцця часопіса і культурнай атмасферай таго часу. У ім валадарыла цікавасць да ўсяго абстрактнага, канструктыўнага, геаметрычнага — элементаў мастацкіх кірункаў, якія кіравалі свядомасцю мастакоў і адпаведна набіралі запатрабаванасць, станавіліся моднымі. З цікавасцю чытач часопіса чакае, ці зменіцца, і ў які бок, стыль вокладкі ў 2024 годзе, якую форму і канцэпцыю абярэ рэдкалегія надалей.

Наталля БАХАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.