Вы тут

Як Вялюгін пісаў закрытую рэцэнзію на Караткевіча


«Снягі і зоры за акном.

Заснулі ў хаце ўсе даўно.

Бярозка юная галлём

Паціху стукае ў акно.

А ты плывеш у белы свет...

Сінее плынь тваіх вачэй...

І найдалейшая з планет

Сяла суседняга бліжэй».

Гэтую песню пад назвай «Бярозка» на музыку Ігара Лучанка беларускі касманаўт Пётр Клімук узяў з сабой у якасці талісмана ў касмічны палёт...

А словы той касмічнай песні належаць паэту Анатолю Вялюгіну, 100-годдзе якога прыпала на апошнія дні 2023 года.

Нарадзіўся паэт у Машканах Сенненскага раёна, частка дзяцінства прайшла на хутары Кляпчэва, пакуль бацька ездзіў у заробкі. «Машканы, Івоні, Ракіты, хутар Кляпчэва — авеяныя лесавым шумам мацерыкі майго маленства», — успамінаў паэт. Дарэчы, яго бацька быў фельчарам, маці — настаўніцай, былой гімназісткай. А прозвішча павінна было быць Вялюга. Але калі бацьку забрывалі ў салдаты яшчэ царскай арміі, яго беларускае прозвішча «ўдасканалілі», так і з’явіўся паэт Анатоль Вялюгін. Які, дарэчы, у 1939–1940-х гадах, пакуль быў студэнтам літфака Мінскага педагагічнага інстытута, працаваў у «Звяздзе».

Давайце даведаемся цікавыя факты пра яго дзякуючы дакументам з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Вершы на пуцявінах смерці

Вялюгіну было сямнаццаць, калі пачалася вайна. Якія складаліся планы! У 1940-м паралельна з навучаннем на літаратурным факультэце Мінскага педінстытута і працай у «Звяздзе» ён нават прайшоў курс кінематаграфічнага майстэрства пад кіраўніцтвам Даўжэнкі на сцэнарным факультэце інстытута кінематаграфіі ў Маскве.

«Мяне вайна застала ў Мінску. Пад бомбавымі ўдарамі дрыжалі зямля і муры. У высокім доме над паркамі і скверамі мітусіліся птушкі. Хісталася трывожная ноч у пажарах. Сасмягла пакутная дарога, цягнучыся на Чэрвень, Беразіно і далей — па лясах, па густым, у зялёным дымку красавання жыце. Пешкам дабраўся да раз’езда Лычкоўскага — ёсць такі на перагоне Багушэўск — Віцебск. Там працаваў бацька; родныя верылі, што прыйду, чакалі, каб разам падацца на ўсход. Пад калёсамі зарыпеў горкі шлях выгнання. Над ім ад зары да зары віселі „гарбатыя“ фокеры. Лёзна, Рудня, лясы Духаўшчыны, Дарагабуж... Ехалі, ішлі бежанцы. На запыленыя бальшакі, на матак і дзяцей, на машыны і на калгасныя статкі з-за хмар нырцавалі самалёты. У эшалон змаглі залезці аж у Вязьме. Я зразумеў, што вершы, калі ёсць патрэба, нараджаюцца, як і жыццё, усюды, нават на пуцявінах смерці».

Навучальны 1941 год Вялюгін пачаў у Свярдлоўскім педагагічным інстытуце, а ў 1942-м, калі споўнілася васямнаццаць, апынуўся на фронце.

У БДАМЛМ захоўваецца нумар газеты «Літаратура і мастацтва» за 2 жніўня 1945 года, у якім змешчана падборка вершаў маладога Анатоля Вялюгіна, напісаных ім у часы вайны. У прадмове гаворыцца: «Анатоль Вялюгін — малады таленавіты паэт, які пачаў друкавацца ў 1939 годзе, калі ён працаваў у рэдакцыі газеты „Звязда“, што ў значнай ступені абумовіла злабадзённасць і стракатасць тэматыкі ранніх яго вершаў...

Паэтычны талент А. Вялюгіна ўзмужнеў і вырас у часы Вялікай Айчыннай вайны. На Сталінградскім фронце, у Цюменскім ваенным шпіталі, пасля цяжкага ранення ён стварыў многа цікавых, арыгінальных вершаў і балад. Шырыня тэматыкі, яркія вобразы, свежыя, нечаканыя эпітэты і метафары характэрны для твораў паэта».

Працытуем толькі адзін верш з той падборкі, «Хлопчык з Ленінграда», напісаны ў 1942 годзе васямнаццацігадовым Вялюгіным:

«Заехаўшы з пазіцый 

да сям’і сваёй,

Маўчыць палкоўнік

У кватэры над Нявой,

Сняжок ляціць 

з разбітага нашчэнт вакна.

Забрала жонку доўгая труна.

Адзін сынок...

Ён ад блакады, ад вайны

Нібыта парастак 

у склепе бульбяны.

— Вось хлеб... 

(сляза на партупею 

кап ды кап)

Жывога немца пакажу... 

прывёз у штаб...

А сын ускінуў воч 

блакітныя нажы:

— Не трэба! 

Лепш забітага 

мне пакажы!»

Адчуваецца, што ў аснове напружанага, трагічнага верша — рэальны выпадак, можа, расповед знаёмага...

Таямніцы «закрытых» рэцэнзій

Пасля вайны Вялюгін працуе ў газеце «Літаратура і мастацтва», у часопісе «Полымя»... Па архіўных дакументах бачна, якім ён быў актыўным і неабыякавым. Сярод адзінак захоўвання — сцэнарыі фільмаў і рэцэнзіі, пераклады, вершы, артыкулы, фельетоны... І тэмы не самыя простыя. У фондах захоўваецца рукапіс артыкула «Том „закрытай“ крытыкі», які быў надрукаваны ў «ЛіМе» 22 кастрычніка 1955 года.

«У нашай крытыцы ёсць адзін гатунак рэцэнзій, аб якім ніколі ніхто не гаворыць. Ды і гаварыць аб ім цяжка, бо з гэтымі рэцэнзіямі знаёма вельмі вузкае кола чытачоў: дырэктар выдавецтва, галоўны рэдактар, два-тры супрацоўнікі з рэдакцыі мастацкай літаратуры і, нарэшце (праўда, не заўсёды), — сам аўтар рукапісу, што ацэньвае рэцэнзент.

Анатоль Вялюгін, Еўдакія Лось, Уладзімір Караткевіч.

Справа ў тым, што ва ўсіх выдавецтвах існуе правіла: кожная кніга ў час падрыхтоўкі да выдання павінна мець дзве абавязковых „унутраных“, ці, як яшчэ іх называюць, „закрытых“ рэцэнзіі, напісаных пазаштатнымі аўтарамі, і адну „рабочую“, напісаную рэдактарам кнігі. Калі дзве „ўнутраных“ будуць адмоўнымі, тады заказваецца трэцяя, а часам і чацвёртая рэцэнзіі.

За год у выдавецтве збіраецца велізарны том „закрытай“ крытыкі. Трэба прызнацца, чытаецца ён мясцінамі як цікавы прыгодніцкі раман, — часам бывае гэтулькі, як кажуць, дыяметральна-супрацьлеглых поглядаў і думак наконт адной і той жа рэчы!

Я прагледзеў нядаўна такі, апошні па ліку „том“, укладзены рэдакцыяй мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Амаль усе рэцэнзіі напісаны пісьменнікамі на рукапісы сваіх малодшых ці старэйшых таварышаў.»

І Вялюгін робіць амаль неверагоднае: ён дзеліцца з чытачамі сваімі ўражаннямі ад прагляду таго «тому» «закрытых» рэцэнзій Дзяржаўнага выдавецтва БССР. Асаблівасць «закрытых» рэцэнзій у тым, што неаднойчы рэцэнзенты, думаючы, што сказанае імі застанецца назаўсёды схаваным, не саромеліся ў рэзкіх ацэнках, а часам зводзілі рахункі, ці дзейнічалі з зайздрасці, дамагаючыся, каб нечая кніга не выйшла. Бо звычайна аўтару не гаварылі нават, хто быў яго рэцэнзентам. Адзначае гэта і Вялюгін: «Тут, на маю думку, парушаецца нейкім чынам правіла нашай маралі, бо „закрытая“ рэцэнзія часам бывае своеасаблівай шчылінай для нядобрасумленнага чалавека». І прапаноўвае: якімі б ні былі тыя водгукі — з імі абавязкова павінен азнаёміцца аўтар рукапісу.

Вялюгін згадвае, што супрацоўнікі рэдакцыі мастацкай літаратуры часта ўспамінаюць як узор прынцыповасці рэцэнзію Макара Паслядовіча на кнігу Янкі Брыля «На Быстранцы». Але, на думку Вялюгіна, Паслядовіч ацэньвае рукапіс з суб’ектыўных пазіцый, «па «крытычнай інэрцыі»: «яно (уражанне. — А. В.) прыблізна такое: спаткаліся старыя сябры, даўно адарваныя ад вёскі, на ўлонні прыроды, „пасудачылі“ пра калгаснае жыццё за чаркай, заспакоілі, як кажуць, душу і зноў разышліся па сваіх справах». Паслядовіч робіць выснову: «Лічу аповесць „На Быстранцы“ недапрацаванай, незавершанай». Вялюгін заступаецца за твор Брыля, маўляў, аб вастрыні ўзнятых у аповесці жыццёвых пытанняў сведчыць, што твор з’явіўся ў перакладзе адразу ў двух выданнях — у ленінградскай «Звезде» і львоўскім «Жоўтні».

«У выдавецкіх рэцэнзіях дзе-нідзе адчуваецца нейкая бесцырымоннасць у адносінах маладых аўтараў», — піша Вялюгін. Ён палічыў залішне суровым водгук Паўлюка Пранузы на рукапіс Марка Смагаровіча — рэцэнзент параіў добра прайсціся па вершах «крытычным гэблем». «А вось пракурорскі голас Канстанціна Цітова над рукапісам баек і гумарэсак М. Скрыпкі, якія так і не ўбачылі свету: «Па праўдзе кажучы, больш слабых матэрыялаў мне чытаць не даводзілася. Трэба мець вялікую ўпартасць і настойлівасць, каб дачытаць гэты зборнік да апошняй старонкі».

«Вялікая адказнасць рэцэнзента і рэдактара выдавецтва. Тут, бывае, трэба наступіць на глотку ўласных густаў. Мяне здзівілі некаторыя рэдактарскія вывады Яна Скрыгана...» — з такой прэамбулай заступаецца Вялюгін і за маладога паэта Навума Кісліка.

«Кіслік — паэт здольны, у сваёй творчасці не заўсёды падобны да іншых, знаходзіцца ў дарозе пошукаў. Вядома, усё гэта і павінна знайсці свой адбітак у яго першай кнізе, якая заслугоўвае ўвагі, каб быць выдадзенай. Рэдактар Ян Скрыган, не спыняючыся на ідэйнай і мастацкай вартасці зборніка, піша: «Выполнена книга в манере риторики, звонкой фразы, щегольства, досадного оригинальничанья,  но без глубины, без чувств и вдумчивости». Пасля кароткага разважання аб косцы, якая нібыта надае не той сэнс радкам, чытаем выснову: «Издавать же отдельной книгой считаю делом преждевременным, не вносящим вклада в поэтическую литературу». Гэта піша пісьменнік, для якога ў такім выпадку недаравальны такая катэгарычнасць і сухасць: «выполненная книга», «считаю делом преждевременным, не вносящим вклада в поэтическую литературу» — хіба ж ёсць і «прозаическая литература»?

Тут трэба выразней абмаляваць сітуацыю... Ян Скрыган, выдатны стыліст, колішні «маладняковец», толькі вярнуўся пасля лагераў і шматгадовай высылкі, толькі пачаў шлях вяртання ў літаратуру пасля гадоў маўчання — нават сям’я, што з’явілася ў яго ў высылцы, не ведала, што ён не сціплы бухгалтар, былы зэк, а таленавіты беларускі пісьменнік. Скрыган быў прынцыповым рэдактарам, недарэмна Пятрусь Броўка менавіта яго папрасіў бязлітасна адрэдагаваць яго эпапею «Калі зліваюцца рэкі», і эпапея скарацілася, мусіць, на траціну... А Анатолю Вялюгіну трыццаць адзін год, праблемы маладых аўтараў яму добра знаёмыя і блізкія... І ён смела выступае ў іх абарону.

Заканчваецца артыкул згадкай пра грунтоўную рэцэнзію Рыгора Шкрабы на раман Аляксея Кулакоўскага «Расстаемся не надоўга», у канцы якой дапіска «Усе заўвагі ўлічаны. А. Кулакоўскі, аўтар». Вялюгін піша: «Добра было б, каб такія дапіскі стаялі ў канцы кожнай выдавецкай рэцэнзіі».

Бітва за «Белую вясёлку»

Анатоль Вялюгін разважаў з веданнем справы, бо і сам быў аўтарам такіх «закрытых» рэцэнзій. У БДАМЛіМ мне пашчасціла знайсці адну з іх, напісаную па замове Белдзяржвыдавецтва, на першы паэтычны зборнік маладога аўтара Уладзіміра Караткевіча. Прадстаўлены ўвесь абавязковы «камплект», пра які піша Анатоль Вялюгін у сваім артыкуле: дзве «закрытыя» рэцэнзіі і заключэнне рэдактара выдавецтва. Рэцэнзентамі выступілі Рыгор Бярозкін і Анатоль Вялюгін, рэдактар — Антон Бялевіч.

Назва ж, пад якой Караткевіч здаў у выдавецтва свой першы зборнік, падасца нечаканай і нязвыклай: «Белая вясёлка».

Дык вось, не ведаю, ці чытаў Рыгор Бярозкін, колішні аднакурснік Анатоля Вялюгіна па педінстытуце, артыкул таго пра «закрытыя» рэцэнзіі, але як назнарок прамаўляе менавіта тым пракурорскім тонам, які крытыкаваў Вялюгін. Хоць пачынае з таго, што ў асобе Караткевіча «маем бясспрэчна таленавітага паэта з добрым (у асноўным) густам». Бярозкін адзначае ўдалыя вершы, сярод якіх класічны сёння твор «Заяц варыць піва». А потым пачынаюцца чатыры старонкі заўваг.

«1. Ул. Караткевічу, як паэту, бракуе рэзкай акрэсленасці грамадска-палітычнай пазіцыі».

Бярозкін папікае аўтара, што ў зборніку вершы на «звярыныя» і «птушыныя» сюжэты «амаль зусім выціснулі творы на сучасную тэму, на тэму актыўнай грамадскай практыкі людзей-суайчыннікаў паэта», што, на думку рэцэнзента, сведчыць «аб відавочнай аднабаковасці аўтара кнігі «Белая вясёлка». Асабліва Бярозкін абрыньваецца на верш «Вадарод», якім адкрываецца зборнік: «У ім гарачая фантазія паэта намалявала даволі выразную карціну катастрофы, якую нясе з сабой вадарод у руках сучасных варвараў-імперыялістаў, але, на жаль, у вершы няма гневу і абурэння, накіраваных па адрасу гэтых варвараў — падпальшчыкаў новай вайны. Атрымаўся верш хутчэй пацыфічны, чым антымілітарыстычны».

«2. Ул. Караткевічу трэба павесці рашучую барацьбу з уплывамі „кніжнай“, „літаратурнай“ паэзіі».

Рыгору Бярозкіну не падабаюцца выразы тыпу «мук маіх юдоль», «распятая на крыжы варона», якая «выкупіла грэх усіх варон», «багавіння струны», «бурштыновы сон» і г. д. Абурае рэцэнзента верш «Каханая» («Жылі, уступалі ў шлюб, нашчадкаў мелі, Хадзілі з імі на бульвар гуляць, А паміраць ад шчасця не ўмелі, бо для кахання трэба богам стаць»).

«Правінцыяльны „дэманізм“!» — ставіць дыягназ Рыгор Бярозкін. — «Ёсць у гэтых радках, акрамя ўсяго іншага, непрыемная нота пагардлівага стаўлення да звычайных смяротных, якія ніяк не могуць стаць „багамі“ і „паміраць ад шчасця“, як гэта ўмеюць асобныя абраннікі. Нельга так — бесчалавечна, ставячы сябе ў позу „арыстакрата духа“, — пісаць аб другім чалавеку, якому, відаць, больш пашанцавала ў каханні:

А дзяўчына 

з вачыма блакітнымі,

Суседу, дурному, як бот,

Абдуванчык тыцнула спрытна

У шырокі, як ступа, рот».

Рэцэнзент, на жаль, не прачытаў іроніі і самаіроніі ў гэтых радках — а гэта ж Караткевіч уласны аўтапартрэт выпісваў, — і пачынае заступацца за героя, якога аўтар чамусьці абзывае дурным, як бот, ды яшчэ рот яго крытыкуе.

А Караткевіч, як вядома, часта іранізаваў над уласнай знешнасцю («рот, як шчыліна ў паштовай скрыні»).

Не разумее Бярозкін, і як гэта паэт побач з «дурны, як бот» ставіць «Шуберт падзяляе ціхі сум» — а Караткевіч менавіта такімі кантраснымі іранічнымі спалучэннямі прафаннага і ўзвышанага і прыкрашаў стыль.

«Вывад: «Кніжная поза вельмі шкодзіць здольнаму паэту Караткевічу, яе трэба пераадолець самым рашучым чынам, бязлітасна і неадкладна».

Дзякуй богу, Караткевіч не ўзяўся за тое бязлітаснае пераадольванне...

Сярод іншых закідаў — забагата выпадковых, на думку крытыка, вобразаў («акіян аўса», «рампа з светлякоў»). Зноў жа — неразуменне крытыкам іранічнага падтэксту ў радку «Пяць дзяцей, кружок маленькіх лодыраў» (чаму гэта савецкія дзеці названыя лодырамі?)

І апошні пункт — зрабіць кнігу больш цэльнай.

«Варта было б таксама падумаць і аб назве для кнігі. „Белая вясёлка“ — назва, на мой погляд, няўдалая». Бярозкін завяршае рэцэнзію высновай, што зборнік выдаваць трэба, але сур’ёзна над ім папрацаваўшы.

Дата, якая стаіць у канцы, — 15 ліпеня 1957 г.

Закрытая рэцэнзія Анатоля Вялюгіна на зборнік «Белая вясёлка» займае ўсяго паўтары старонкі, таму цытуем яе цалкам:

«Да гэтай кніжкі нельга ставіцца так, як звычайна ў нас разглядаюць першы зборнік маладога аўтара. Зборнік Уладзіміра Караткевіча сведчыць аб спеласці і арыгінальным таленце паэта. Таму скажу адразу: кніжку абавязкова трэба выдаць.

Уладзімір Караткевіч зусім нядаўна выступіў у нашых перыядычных літаратурных выданнях, яго вершы звярнулі на сябе ўвагу чытача, на многія з іх з’явіліся рэцэнзіі ў друку і, гаворачы сёння пра дзень нашай паэзіі, нельга абысці маўчаннем творчасць Уладзіміра Караткевіча.

У паэта сваё, як і ў кожнага мастака, бачанне свету, вобразы — арыгінальныя, свежыя, ужо цяпер, маючы перад вачыма толькі што сабраную невялічкую кніжку, заўсёды можна адрозніць голас Караткевіча ў вялікім хоры сучаснай беларускай паэзіі.

Уладзімір Караткевіч ідзе ў паэзію няходжанымі сцежкамі, якімі заўсёды ходзяць сапраўдныя мастакі.

Шырокі і багаты яго паэтычны свет. Спеласцю думкі вызначаецца верш на самую, як кажуць, надзённую тэму — „Вадарод“, — аб вадароднай бомбе. Багата вершаў прысвечана Совецкай радзіме, Совецкай Беларусі, цудоўна паэт расказвае аб харастве роднай прыроды. Цікава зроблены вершы аб каханні і моладзі, аб чысціні і велічы гэтага пачуцця.

У зборніку ёсць творы на гістарычныя тэмы — „Машэка“, „Балада пра паўстанца Ваўкалаку“ і іншыя. Гэта бадай што лепшыя вершы зборніка, яны таксама вызначаюцца спеласцю і мастацкай і палітычнай думкі аўтара.

Белая вясёлка звычайна бывае пасля дажджу ў туманнае ранне на пачатку пагоднага дня. Я ўпэўнены, што неўзабаве наступіць гэты дзень і ў творчасці паэта, і яго талент сапраўды заззяе ўсімі фарбамі жыцця.

Зборнік „Белая вясёлка“ ўсё гэта абяцае».

Вялюгін дапісвае ад рукі дзве заўвагі:

«1) Варта даць да зборніка невялічкую (на адну старонку) прадмову сталага паэта. 2) Кніжка плануецца на 1958. Рэдактару перад здачай у набор трэба ўзяць у аўтара новыя рэчы».

Дата напісання, якая стаіць пад рэцэнзіяй, роўна на два месяцы ранейшая за тую, што пазначае рэцэнзію Рыгора Бярозкіна: 15 мая 1957 г. Вось такая цікавая акалічнасць. Каб не гэта — можна было падумаць, што Вялюгін па пунктах абараняе Караткевіча ад заўваг Бярозкіна, але, магчыма, было наадварот. Хоць па правілах рэцэнзенту не павінны былі даваць чытаць водгук другога крытыка, каб меркаванне засталося незалежным, аднак у абодвух тэкстах зашмат супадзенняў з супрацьлеглымі высновамі. Нібыта Бярозкін хоча аргументавана абвергнуць ухвалы Вялюгіна. Хто ведае, каб яго рэцэнзія была першай па часе, чым вялюгінская, з падкрэсленым «абавязкова трэба выдаць», ці не было б высновай — рана зборнік, хай аўтар яшчэ творча падрасце?

Заключэнне рэдактара Антона Бялевіча, якое захоўваецца ў фондах БДАМЛМ, напісана ад рукі і займае дзве старонкі. У самім загалоўку рэцэнзіі ўжо значыцца іншая назва зборніка — Караткевіч прыслухаўся да заўваг і замест «Белай вясёлкі» назваў кнігу «Матчына душа», пад якой яна і засталася ў гісторыі.

Вось што піша Бялевіч, дыпламатычна выкарыстоўваючы пасылы і аднаго, і другога аўтара «закрытых» рэцэнзій:

«Пры здачы аўтарам рукапісу ў выдавецтва, умоўна кніга была названа „Белая вясёлка“, куды было ўключана 46 вершаў і паэма „Перакаці-поле“. Дапрацоўваючы разам з аўтарам рукапіс, мы знайшлі мэтазгодным зняць з кнігі слабую паэму „Перакаці-поле“ і апавяданне ў вершах „Веларыкша“. Гэтыя творы расцягнутыя, празаічныя. Апрача гэтага, з кнігі знята яшчэ 14 вершаў, якія нават пры далейшай нашай дапрацоўцы засталіся не зусім дасканалымі, невыразнымі па сваёй задуме. І такім чынам, у кнізе „Матчына душа“ засталося 32 вершы. Трэба сказаць, што і многія з гэтых вершаў дапрацоўваліся, удасканальваліся. Справа ў тым, што ў Караткевіча, у вельмі таленавітага паэта, яшчэ не ўсё ў парадку з мовай. У яго творах адчуваецца налёт літаратуршчыны, уплыў „кніжнай“ паэзіі. Мясцінамі творы бываюць зацягнутымі і трошкі манернымі. Вось чаму ў сілу сваіх магчымасцяў мы стараліся выціснуць з вершаў умоўную „прыгажосць“ слова, вычурнага, штучнага вобраза. Верш зрабіўся больш скандасаваным, і прасцейшым. Многа хараства прыроды, хараства і шчырасці людской у творах Уладзіміра Караткевіча. Шырокі і багаты яго паэтычны свет. Нельга не адзначыць такіх цудоўных вершаў гэтай кнігі, як „Машэка“, „Балада пра паўстанца Ваўкалаку“, „Сырцовыя цагліны“, „Заяц варыць піва“... Многа дабавіў аўтар вершаў пра нашых сучаснікаў, пра радзіму, пра свой родны край. З вялікім пачуццём, вельмі сардэчна піша паэт пра каханне, пра добрыя сэрцы нашых людзей.

Вывад: першы зборнік вершаў Уладзіміра Караткевіча трэба абавязкова выдаць. Ён з вялікай цікавасцю будзе стрэчан нашым чытачом. У асобе Уладзіміра Караткевіча мы маем таленавітага паэта. Аб гэтым сведчыць яго кніга „Матчына душа“. А. Бялевіч».

Першы зборнік Караткевіча пабачыў свет у 1958 годзе. Там сапраўды дададзена, як раіў Вялюгін, шмат новых вершаў, датаваных тым жа 1958 годам. Даследчык Пятро Жаўняровіч знайшоў у нататніках Караткевіча аркуш з варыянтамі назваў кнігі, там значацца «Белая вясёлка», «Павяртанне на Радзіму» і «Матчына душа»... Канчатковая назва магла з’явіцца ці замацавацца невыпадкова.

Справа ў тым, што першым сур’ёзным мастацкім творам Анатоля Вялюгіна лічыцца яго верш «Матчына песня», які ў 1938-м, за дваццаць гадоў да выхаду першай кнігі Караткевіча, быў надрукаваны ў часопісе «Полымя рэвалюцыі». Ці не падказаў Вялюгін паэту назву зборніка, альбо ці не дапамог выбраць з некалькіх варыянтаў менавіта сугучную ўласнай назве?

А 26 красавіка 1957 года Анатоль Вялюгін даў Уладзіміру Караткевічу рэкамендацыю для ўступлення ў Саюз пісьменнікаў БССР.
Шмат таямніц яшчэ захоўваюць архівы... І датычна Анатоля Вялюгіна ёсць яшчэ цікавыя знаходкі, пра якія пагаворым пасля. А пакуль найлепшай памяццю для паэта будзе пачытаць яго вершы.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Белая вясёлка ў туманнае ранне

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.