Здаецца, Кацярыну Хадасевіч-Лісавую, дзіцячую пісьменніцу і педагога, ведаюць усе юныя чытачы краіны. Яе творы знаходзяцца ў праграме пазакласнага чытання для школьнікаў. Кнігі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой выходзяць з зайздроснай перыядычнасцю, падоўгу не затрымліваюцца ў выдавецтвах і на паліцах кнігарняў. А чытач усё чакае навінак, новых герояў альбо працяг прыгод добра вядомага Вухуціка.
— Кацярына, якім быў для вас як пісьменніцы 2023 год?
— Год быў надзвычай плённы, добры, светлы, напоўненым адчуваннем пісьменніцкага шчасця ад выдадзеных кніг, а іх у мяне сёлета сем, ад удзелу ў калектыўных зборніках — іх тры. Такім чынам, шчаслівая дзясятка! Было прыемна некалькі разоў стаць госцяй праграм пра літаратуру на Беларускім радыё. Мае героі Вухуцік і Лісачка Красуня таксама трапілі на радыё! Кнігі пра іх чыталі на канале «Культура» Беларускага радыё ў праграме «Дасціпныя. Нястомныя. Кемлівыя». І ў эфіры праграм пра культуру на тэлебачанні пабывала я разам са сваімі героямі.
— Ваш Вухуцік, здаецца, вядомы дзецям усёй краіны... Як часта вы выступаеце перад юнымі чытачамі?
— У мінулым годзе ў мяне адбылася 101 творчая сустрэча па ўсёй Беларусі. Так радасна, што мой 2023-і быў напоўнены цеплынёй, шчырасцю, радасцю ад сустрэч з чытачамі. Рэдка бывае, што праводжу адну сустрэчу на дзень. Ужо калі еду — праграма максімум! І езджу літаральна па ўсёй краіне. Часцей за ўсё — тры сустрэчы запар, было і пяць. Цяжка гэта? Не, бо любімая справа жыцця не адбірае сілы, а, наадварот, дае.
— Вы працуеце ў школе. Можаце сабе ўявіць, што з 2024 года будзеце працаваць толькі за пісьмовым сталом?
— Прызнаюся, што часта пра гэта мару. Праўда, крыху шырэй, бо ў сваю пісьменніцкую дзейнасць я ўключаю не толькі працу за сталом, але і пастаянныя сустрэчы з чытачамі. Калі б я развіталася са школай, рытм майго жыцця дакладна не запаволіўся б, можа нават, наадварот, паскорыўся, бо я б мела больш часу на творчасць і яе прэзентацыю. Толькі не магу я развітацца з роднай Ждановіцкай сярэдняй школай! Я сама яе скончыла і ўжо 25 гадоў у ёй працую. Гэта большая частка майго жыцця. Наша школа сапраўды асаблівая, і так было заўсёды. У нас душэўны калектыў, працаваць у якім камфортна, кіраўніцтва добразычлівае, вучні цудоўныя. У школе пануе гармонія і асаблівая атмасфера дабра, светлага дзяцінства, надзейнасці. Тут як дома. Гэта адчуваецца, варта толькі зайсці да нас. Таму імкнуцца ў нашу школу дзеці з іншых населеных пунктаў, ды і з Мінска гатовы ездзіць. Некалькі разоў у нас у школе здымалі кіно. Вось і рэжысёры, паездзіўшы па многіх школах, выбіралі нашу. За асаблівую атмасферу. У школе ў мяне ёсць сябры-калегі. Яны заўсёды цікавяцца маімі пісьменніцкімі праектамі, шчыра радуюцца поспехам і дапамагаюць то буктрэйлер зрабіць, то фотазону па кнізе, а то і кнігі праілюстраваць. Спалучаць працу ў школе і пісьменніцкую дзейнасць няпроста, але гэтае спалучэнне дапамагае мне ў абедзвюх сферах працаваць больш плённа.
— За 2023 год у нашай краіне істотна пабольшала фестываляў дзіцячай літаратуры. Вы — іх актыўны ўдзельнік. Што значаць для вас гэтыя фестывалі? Чаго ім, на ваш погляд, не хапае?
— Фестываль для мяне — заўсёды свята, на якім я з вялікім задавальненнем сустракаюся са сваімі чытачамі, знаходжу новых сяброў, маю магчымасць пабачыцца з бібліятэкарамі, з калегамі-пісьменнікамі. Радуе, што да правядзення фестываляў дзіцячай кнігі ў нас крэатыўны падыход, арганізатары вельмі стараюцца. Да ўвагі гасцей свята прапануюцца сустрэчы з пісьменнікамі, майстар-класы ад мастакоў, гульні, інтэрактыўныя пляцоўкі ды іншыя цікавосткі. Чаго не хапае?.. Хацелася б зрабіць кожны фестываль для чытачоў сапраўднай падзеяй, модным фэстам, на які будуць імкнуцца трапіць сем’ямі, класамі, завітаць з сябрамі. Магчыма, дапамагла б актыўная рэклама на тэлебачанні, а пасля фестывалю каб з тэлеэкрана больш расказвалі пра тое, як цудоўна было на свяце.
— Вам як аўтару кніг, адрасаваных дзецям, патрэбна літаратурная крытыка? Ці турбуе вас асабіста, што крытыкі так мала пішуць пра дзіцячую літаратуру?
— Канструктыўная крытыка, якая дапаможа пісьменніку ўдасканаліцца, заўсёды карысная. Я прыслухоўваюся да заўваг, гэта дапамагае пісаць лепш, бо сам аўтар не заўсёды можа аб’ектыўна вызначыць у тэксце мінусы. Ці на выяўленне недахопаў спатрэбіцца час, за які могуць быць напісаны новыя творы з тымі ж хібамі. Ну і пра плюсы, адзначаныя крытыкай у творы, даведацца прыемна і важна.
— Дзіцячая літаратура ў сваім развіцці галоўным чынам завязана на кнігавыданні. А ці бачыцца вам прапаганда чытання дзіцячых кніг, само развіццё дзіцячай літаратуры ў звязку з іншымі творчымі індустрыямі — мультыплікацыяй, тэатрам, вопраткай, сувенірнай прадукцыяй?
— Кніга для дзяцей павінна заваёўваць чытацкую аўдыторыю праз усе магчымыя шляхі. Было б цудоўна, каб новыя героі кніг і іх гісторыі выйшлі да дзяцей з экрана праз мультфільмы, каб з’явіліся на сцэне тэатраў, каб сталі любімымі цацкамі, каб пайшлі разам з дзецьмі ў школу, размясціўшыся на партфелях, пеналах, лінейках, алоўках, каб, уладкаваўшыся на піжамах, клаліся разам з імі спаць. Тады яны стануць асаблівымі, у маленькіх чытачоў будзе адчуванне, што казачныя героі з кнігі выйшлі да іх у рэальнае жыццё і сталі сябрамі. Ці, наадварот, спадабаецца, напрыклад, цацка-Вухуцік, калі дзіця ўпершыню ўбачыць яе ў краме. Персанаж арыгінальны, цікавы, запамінальны. А пра яго шмат кніг ёсць... Ну захочацца ж пачытаць!
— І калі гэтае пытанне не парушае вашы творчыя памкненні, то скажыце некалькі слоў пра тое, куды, на якія планеты выправіцца Вухуцік у 2024 годзе?
— Ад сваіх чытачоў я ведаю, што яны чакаюць новую кнігу пра Вухуціка, і мяне гэта вельмі радуе. Дый сам Вухуцік шчаслівы ад такой увагі дзяцей! Новую гісторыю пра яго пакуль ведаю толькі я, але мне так хочацца, каб хлопчыкі і дзяўчынкі хуценька-вухуценька пазнаёміліся з неверагоднымі падзеямі ў жыцці любімага героя. Каб атмасферна перадаць усё, што адбываецца, павінен натхнёна папрацаваць мастак. Справа важная і адказная, пагадзіцеся, таму спяшацца няварта. Але таямніцу новай кнігі я крыху прыадкрыю... Вухуцік зноў завітае да нас на Зямлю і гэтым разам сустрэнецца не толькі са сваёй сяброўкай Уладай, але і з чытачамі, якія пасябравалі з ім у папярэдніх кнігах.
Гутарыў Раман СЭРВАЧ
Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.
На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.
Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.