Вы тут

Першай у краіне Брэстчына пераадолела 7-тысячны рубеж надояў малака ад каровы


Першай у краіне Брэстчына пераадолела 7-тысячны рубеж надояў малака ад каровы. Якой працай, якімі намаганнямі дасягаюцца рэкорды, гавораць іх аўтары.


У другой палове снежня аграрыі Брэсцкай вобласці перасягнулі паказчык у 7 тысяч кілаграмаў малака ад каровы. Столькі ў рэгіёне надоена ўпершыню, больш таго, гэта рэкордная лічба па краіне. Сённяшнія жывёлаводы яшчэ памятаюць той час, калі 4 тысячы падаваліся запаветнай велічынёй, а цяпер многія гаспадаркі атрымліваюць па 10 і болей тысяч кілаграмаў, што параўнальна з найлепшымі сусветнымі паказчыкамі прадуктыўнасці малочнага статка.

Аб тым, якой працай, якімі намаганнямі даюцца падобныя вынікі, «Звязда» папрасіла выказаццца герояў дня — жывёлаводаў, кіраўнікоў галіны.

Таццяна Дземідзюк, старшыня СВК «Узыходзячая зара» Кобрынскага раёна:

— Мы ўжо летась атрымалі ад каровы звыш 10100 кілаграмаў, добрыя паказчыкі чакаюцца і сёлета. За гэтай лічбай стаіць штодзённая напружаная праца ўсяго калектыву. Хачу падкрэсліць слова «ўсяго». Бо на канчатковы вынік уплывае праца кожнага. Малако ў каровы, як вядома, на языку, што азначае добрую кармавую базу. Кармы забяспечвае раслінагадоўчая галіна. Значыць, кожны земляроб мае дачыненне да таго, каб статак гаспадаркі быў своечасова і якасна накормлены. Апошняе немагчыма без дакладна працуючай тэхнікі: дадайце тэхнічны парк, майстэрню, інжынерную службу. Важная работа электрыка, слесара, не кажу ўжо пра адказнасць спецыялістаў вышэйшага і сярэдняга звяна, а таксама дакладнага ўзаемадзеяння ўсіх службаў.

Я рада, што ў калектыве абсалютная большасць людзей адказна ставяцца да справы, хварэюць за яе. Такія, напрыклад, як аператар машыннага даення Святлана Батурка. Вось ужо 35 гадоў яна кожны дзень на досвітку прыходзіць на ферму, каб падаіць сваіх каровак. Яе не трэба кантраляваць: больш сумленнага, адказнага працаўніка ўявіць цяжка. Святлана Фадзееўна мае дзяржаўную ўзнагароду, некалькі гадоў таму атрымала медаль «За працоўныя заслугі». У яе цудоўная сям’я, ёсць дзве дарослыя дачкі. Калі гаварыць аб агульных дасягненнях вобласці, то яны атрыманы найперш рукамі такіх людзей, як Святлана Батурка.

Наталля Кіпень, галоўны заатэхнік УП «Моладава-Агра» Іванаўскага раёна:

— Ужо некалькі гадоў наша гаспадарка займае першы радок па прадуктыўнасці малочнага статка ў вобласці. Каб атрымаць 12 тысяч тон малака ад каровы, вядзецца карпатлівая селекцыйная работа. У статку сельгаспрадпрыемства няма выпадковых жывёлін. Нашы кароўкі сапраўды найлепшыя, дзякуючы сістэмным намаганням зоаветэрынарнай службы, спецыялістаў і жывёлаводаў. Вядома, маюць значэнне стараннасць, адказнасць, любоў да сваёй справы. Усё разам і складае агульны поспех, які становіцца маленечкім складальнікам харчовай бяспекі краіны. У нашай галіны, як вядома, не бывае выхадных. Пакуль суайчыннікі будуць сядзець за сталамі ва ўтульных дамах, ладзіць святочныя гулянні на вуліцах гарадоў, хадзіць у госці, нашы рабочыя і спецыялісты ў адпаведнасці з графікам будуць шчыраваць на фермах для таго, каб на сталах беларусаў было ў дастатку смачнай і карыснай прадукцыі, каб краіна магла пастаўляць яе на экспарт.

Зоя Ярошык, ветэран жывёлагадоўчай вытворчасці, аператар машыннага даення ААТ «АграНіва» Камянецкага раёна:

— Сёлета напярэдадні 8 Сакавіка мяне запрашалі на абласное свята-ўшанаванне жанчын-аграрыяў, якое праходзіла ў Косаўскім палацы. Было вельмі прыемна, калі шмат добрых слоў гаварылася ў адрас людзей маёй прафесіі. Работа даяркі ва ўсе часы была нялёгкай. І хоць наш жывёлагадоўчы комплекс новы, абсталяванне ў ім цалкам адпавядае сучасным тэхналогіям, нагрузка на работніка вялікая. Тры аператары абслугоўваюць 1200 кароў. Рабочая змена пачынаецца ў 4.40 і доўжыцца да 11 гадзін. Потым перапынак, і ў 16.40 ізноў распачынаем дойку, якая заканчваецца (самае ранняе) у 23 гадзіны. У гэты вялікі абедзенны перапынак трэба справіцца з усімі хатнімі справамі, якіх у жанчыны нямала, асабліва ў вёсцы.

Колькі сябе памятаю, заўсёды за работу атрымлівала падзякі, заахвочванні. Інакш працаваць проста не ўмею. Ды і ўсе нашы аператары так працуюць. Наш маленькі калектыў вельмі дружны. Таму, адпрацаваўшы чвэрць стагоддзя і сабраўшыся на заслужаны адпачынак, за поспех сваёй «фабрыкі малака» не перажываю: малочны статак застанецца ў надзейных руках. А ўсім калегам-жывёлаводам жадаю дабіцца найлепшых вынікаў, перавысіць нашы рэкорды.

Анатоль Шуплянкоў, старшыня камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Брэсцкага аблвыканкама:

— Планамерная і сістэмная работа на працягу шэрагу гадоў, стварэнне камфортных умоў для жывёлы, нарыхтоўка якасных кармоў і адказныя адносіны кадраў дазволілі Брэсцкай вобласці выйсці на прадуктыўнасць дойнага статка ў 7 тысяч кілаграмаў. У цэлым па году ўдой на карову чакаецца ў межах 7,2 тысячы кілаграмаў. За 18 гадоў прадуктыўнасць жывёлы павялічылася амаль удвая.

Лідарамі па прадуктыўнасці з’яўляюцца Іванаўскі і Брэсцкі раёны, дзе па выніках года ўдой на карову чакаецца 8,6 тысячы кілаграмаў. Сярод гаспадарак найлепшыя вынікі дэманструе «Моладава-Агра» Іванаўскага раёна, там прадуктыўнасць малочнага статка перавысіць 12 тысяч кілаграмаў. Больш за 10 тысяч дояць у гаспадарках «Узыходзячая зара», «Парахонскае», «Асавецкі», «Вялікасельскае Агра», «Снітава-Агра».

У цэлым па выніках года вытворчасць малака ў Брэсцкай вобласці складзе 2 мільёны 160 тысяч тон. Да 2025 года прадуктыўнасць павінна скласці не менш за 7,5 тысячы кілаграмаў малака на карову. Для гэтага вядуцца будаўніцтва і рэканструкцыя жывёлагадоўчых аб’ектаў. Сёння ў рабоце 68 такіх аб’ектаў. Па выніках года намечана ўвесці ў эксплуатацыю не менш за 35 з іх.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Сем тысяч — не мяжа

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.