Вы тут

Стварэнне сеткі рухомай электрасувязі стандарту 5G разгледзелі на Савеце па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Беларусі


Пасяджэнне Савета адбылося ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У яго рабоце прынялі ўдзел вышэйшыя службовыя асобы краіны, кіраўнікі, спецыялісты дзяржаўных органаў і профільных арганізацый.


Адкрываючы пасяджэнне, старшыня Савета па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Уладзімір Гусакоў адзначыў, што напярэдадні першага пасяджэння былі накіраваны запыты вышэйшым службовым асобам і кіраўнікам дзяржорганаў. За мінулы месяц у Савет паступіла больш за 60 праектных прапаноў. Усе яны ўнесены ў Рэестр. Аднак, большасць з прапаноў знаходзяцца на ўзроўні ідэй. На наступны 2024 год, адзначыў Уладзімір Гусакоў, трэба вызначыць своеасаблівы ТОП-10 праектных ініцыятыў. Яны і стануць асновай гадавога Плана работы Савета.

«Безумоўны наш прыярытэт — няўхільнае і якаснае выкананне даручэнняў Кіраўніка дзяржавы. Пунктам адліку практычнай дзейнасці Савета стане разгляд пытання аб стварэнні ў краіне сеткі рухомай электрасувязі стандарту IMT-2020 (5G). Гэта актуальны ў свеце тэхналагічны напрамак. Яго рэалізацыя ляжыць у рэчышчы такіх глабальных трэндаў як чацвёртая прамысловая рэвалюцыя (Індустрыя 4.0), поўнамаштабная лічбавізацыя, робататэхніка і штучны інтэлект. Галоўнае — гэта адзін з кампанентаў IT-краіны, устаноўка на пабудову якой дадзена Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь», — падкрэсліў Уладзімір Гусакоў.

Міністр сувязі і інфарматызацыі Канстанцін Шульган і начальнік Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Андрэй Паўлючэнка прадставілі свае даклады, выказаліся па асноўных праблемных аспектах і спосабах іх вырашэння. Як вядома, у Беларусі асноўнымі рэгулятарамі ў галіне стварэння і эксплуатацыі сетак рухомай электрасувязі з’яўляюцца Міністэрства сувязі і інфарматызацыі, а таксама Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. На пасяджэнні Савета па стратэгічных праектах выступілі кіраўнікі «эксплуатуючых» арганізацый, такіх, як «Белтэлекам», «Воблачныя тэхналогіі» (beCloud), аператары мабільнай сувязі і інш.

На пасяджэнні падрабязным чынам былі разгледжаны два варыянты развіцця ў краіне сеткі рухомай электрасувязі стандарту IMT-2020 (5G): інфраструктурная мадэль і канкурэнтнае асяроддзе. Па выніках пасяджэння прынята рашэнне прааналізаваць і абагульніць усю інфармацыю, якая ўтрымліваецца ў дакладах і выступленнях. Падрыхтаваныя матэрыялы будуць накіраваныя ва Ўрад для разгляду на Прэзідыуме Савета Міністраў і далейшага накіравання вынікаў разгляду Кіраўніку дзяржавы.

На пасяджэнні Савета па стратэгічных праектах пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь таксама былі адобраны асноўныя крытэрыі і паказчыкі аднясення праектаў да катэгорыі стратэгічных. Кіраўнікам дзяржаўных органаў рэкамендавана прымяняць крытэрыі пры падрыхтоўцы праектных ініцыятыў.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота ўзяты з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.