Выдавецкі дом «Звязда» пры падтрымцы Пасольства Кітайскай Народнай Рэспублікі ў Беларусі праводзіць акцыю «Кнігі пра Кітай — моладзі Беларусі». Розным навучальным установам, дзе кітаістыка, кітайская мова займаюць сур’ёзнае месца, уручаюцца бібліятэчкі з некалькіх дзесяткаў кніг пра Кітай, гісторыю і культуру Паднябеснай, зборнікі мастацкіх твораў кітайскіх пісьменнікаў у перакладзе на беларускую і рускую мовы. Чарговым адрасам уручэння «кітайскай кніжніцы» стаў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Перадаючы бібліятэчку галоўнаму ўніверсітэту краіны, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь Карлюкевіч расказаў пра тое, што за апошнія гады было выдадзена ў «Звяздзе» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. А гэта — і даследванні палітолагаў, аналітыкаў, вучоных пра гісторыю і сучаснасць Кітая, серыя «Светлыя знакі: Паэты Кітая», у якой прадстаўлены пераклады на беларускую мову твораў Ду Фу, Ван Вэя, Лі Бо, Ай Ціна, Вэнь Ідо, Сюй Чжыма, Мэн Хаажаня, Ван Гачжэня, Лі Цынчжаа і іншых класікаў і сучасных паэтаў Кітая. Перакладчыкамі выступілі і кітаісты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, найперш — Алена Раманоўская, Дар’я Нечыпарук, Вераніка Жукавец, якія рыхтавалі падрадкоўнікі з арыгінала, а часам і самі выступалі ў ролі перакладчыкаў мастацкіх тэкстаў.
— У Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, — заўважыў рэктар ВНУ доктар педагагічных навук Андрэй Кароль, прымаючы падарунак ад выдавецтва і кітайскага пасольства, — як мінімум тры выразныя адрасы, тры пляцоўкі, дзе гаспадарыць, займае годнае месца кітаістыка: Рэспубліканскі інстытут кітаязнаўства імя Канфуцыя, філалагічны факультэт, дзе працуе кафедра кітайскай філалогіі, і факультэт міжнародных адносін БДУ. Мы спадзяёмся, што кнігі, перададзеныя «Звяздой», будуць у полі зроку найперш у межах гэтай прасторы. У нашым універсітэце на розных факультэтах, у розных структурных падраздзяленнях працуюць члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Мяркую, што мы ў першую чаргу для пашырэння беларуска-кітайскіх літаратурных, кніжных сувязяў запросім прафесійных літаратараў. І ўвогуле будзем і надалей плённа супрацоўнічаць з Выдавецкім домам «Звязда».
Сяргей ШЫЧКО
З мастацтвам па жыцці.
Баявое ўзаемадзеянне найвышэйшага ўзроўню.
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».