Вы тут

Якія славутыя імёны звязаны з Паставамі?


У «віцебскай» частцы філакартычнай калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава Паставы і Пастаўшчына займаюць годнае месца. Ёсць выявы агульнага зімовага выгляду Пастаў пачатку XX стагоддзя. Ёсць паштоўка, якая напамінае пра маштабны, перапоўнены людзьмі і жывёлай рынак у Паставах. А яшчэ — гандлёвыя рады ў горадзе ў 1930-я гады. І ашчадная каса, здымак прыблізна гэтага ж часу. Пра канец XІX стагоддзя нагадвае выява будынка афіцэрскай кавалерыйскай школы... Пазней у горадзе размяшчаўся польскі полк гродзенскіх уланаў. А ўжо з далучэннем Заходняй Беларусі да БССР Савецкага Саюза ў гэтых казармах знайшла сваё месца Пастаўская ваенная авіяцыйная школа пілотаў бамбардзіроўшчыкаў.


Паставы. Рынак. Пачатак ХХ стагоддзя

Між іншым тут з 1940 года і да самага пачатку Вялікай Айчыннай вайны вучыўся будучы рускі дзіцячы пісьменнік Сяргей Аляксееў. Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, ён вядомы сваімі адметнымі мастацка-публіцыстычнымі кнігамі — «Яны абаранялі Маскву», «Апошні штурм», «Сто апавяданняў пра вайну» і шмат яшчэ якіх кніг на тэмы гісторыі. Начальнікам Пастаўскай авіяшколы быў палкоўнік Вячаслаў Цімафееў. Пасля вайны ён напісаў кнігу «Таварышы лётчыкі», дзе расказаў і пра Паставы ў 1940–1941 гады.

...Увогуле Паставы — адно з найцікавейшых паселішчаў Віцебшчыны. Гісторыя горада даволі даўняя. Мы ж зазірнём у часіны больш блізкія да нас. Свой адметны след у гісторыі горада пакінулі славутыя Тызенгаўзы — Антоній (1733 —1785) і Канстанцін (1786 — 1853). Менавіта Антоній, які займаў высокія гаспадарчыя пасады ў ВКЛ, зрабіў шмат для перабудовы Паставаў, для пераўтварэння паселішча ў сапраўдны прамысловы і культурны цэнтр Беларусі. Дапамагаў яму ў гэтым клопаце архітэктар Джузепа дэ Сака. Новая па тым часе планіроўка Рынкавай плошчы, будаўніцтва дома рамеснікаў, гарадской канцэлярыі і суда, школы, гатэля, аптэкі і рэалізацыя іншых архітэктурных праектаў — усё гэта і ёсць іх заслуга ў пераабсталяванні Паставаў. Пасля свой унёсак у развіццё горада зрабіў і Канстанцін Тызенгаўз. У яго палацы быў створаны арніталагічны музей. Адкрылася карцінная галерэя. Гаспадар выявіў сябе апантаным бібліяфілам, сабраўшы адзін з найлепшых кнігазбораў на Віцебшчыне.

Якія ж яшчэ славутыя імёны звязаны з Паставамі, пастаўскімі ваколіцамі?

У красавіку 1855 года ў Паставах нарадзіўся пісьменнік і журналіст Леў Давыдавіч Зэйдэль. Спярша закончыў яўрэйскую школу. Пасля — тэхнічнае чыгуначнае вучылішча ў Вільні. Настаўнікам нашага земляка быў «чайковец» Аляксееў (між іншым, хатні настаўнік дзяцей Льва Мікалаевіча Талстога). Сацыяльныя, палітычныя погляды Льва Зэйдэля сфарміраваліся пад уплывам знаёмства з творамі Мікалая Міхайлоўскага, Міхаіла Салтыкова-Шчадрына. Друкаваўся ўраджэнец Паставаў у часопісах «Восход», «Уральская жизнь», «Русская жизнь». Вядомыя кнігі Л. Зэйдэля — «Выходцы из черты оседлости» (Санкт-Пецярбург, 1910), «Железнодорожники» (Екацярынбург, 1910). Напісаў ён і п’есу «Ірад Вялікі». На жаль, болей звестак пра творчы і жыццёвы лёс Льва Зэйдэля адшукаць не ўдалося…

Паставы. Гандлёвыя рады. 1930-я гады

У маёнтку Губіна на Пастаўшчыне нарадзіўся Антон Уладзіміравіч Станкевіч (1862 — 1919), расійскі і савецкі военачальнік. Імя яго, на вялікі жаль, згадваецца ў Беларусі не так і часта. У 1880 годзе Антон закончыў Віленскае пяхотнае вучылішча — вядомую кузню малодшых афіцэраў расійскай арміі. Прайшоў усе камандзірскія ступені. Першую Сусветную вайну пачаў камандзірам палка. Затым узначаліў брыгаду, потым дывізію. У 1917 годзе Антону Уладзіміравічу было прысвоена званне генерал-маёра. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Станкевіч пераходзіць на бок Савецкай улады. Камандаваў 42-й і 55-й стралковымі дывізіямі 13-й арміяй Паўднёвага фронту. У час Арлоўска-Кастрамской аперацыі 1919 года ў выніку здрады начальніка штаба 55-й дывізіі былога генерала Лаўрыца з групай чырвоных камандзіраў патрапіў у палон. Перайсці на бок белагвардзейцаў адмовіўся і быў павешаны. Пасмяротна Антона Уладзіміравіча Станкевіча ўзнагародзілі ордэнам Чырвонага Сцяга. Як герой Грамадзянскай вайны Антон Станкевіч пахаваны каля Крамлёўскай сцяны ў Маскве.

Пастаўскія Ліпнікі — радзіма Героя Сацыялістычнай Працы Васіля Мікалаевіча Асяненкі (1916–1977). У час Вялікай Айчыннай вайны ён быў партызанскім разведчыкам, сакратаром Пастаўскага падпольнага райкама камсамола. Пасля вайны — на партыйнай рабоце. Узначальваў Глыбоцкі райкам КПБ. Званне Героя атрымаў у 1966 годзе за поспехі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці на Глыбоччыне.

Паставы. Будынак афіцэрскай кавалерысцкай школы. Канец ХІХ стагоддзя

Паставы. Пачатак ХХ стагоддзя

Калі будзеце праходзіць па Паставах, то наўрад ці міняце вуліцу Маркава. Яна названа ў гонар Героя Савецкага Саюза Фёдара Рыгоравіча Маркава, які нарадзіўся ў вёсцы Качанішкі. Дарэчы, ёсць такая ж вуліца і ў Вілейцы, і ў Лынтупах. У маі 1942 года наш зямляк быў прызначаны камандзірам партызанскай брыгады імя Варашылава, адначасова ўзначальваў ваенна-аператыўны аддзел Вілейскага падпольнага абкама КП (б) Б. 

Званне Героя было прысвоена 1 студзеня 1944 года.

Цікавы лёс яшчэ ў адной удзельніцы Вялікай Айчыннай вайны. Ганна Іванаўна Маслоўская нарадзілася ў вёсцы Курсевічы ў 1920 годзе. У 1942 годзе па заданні партызан у Паставах уладкавалася на працу да немцаў швачкай. Прыняла ўдзел у ліквідацыі нямецкага генерала. У сакавіку 1943-га перайшла ў партызанскі атрад імя Пархоменкі, удзельнічала ў разгроме фашысцкіх гарнізонаў. 

У Залессі Ганна Іванаўна стала прыёмнай маці для 15 сірот, бацькі якіх загінулі ад рук фашыстаў.

Лідзія Паўлаўна Абрамава — з пасляваенных дзяцей Пастаў. Калі закончыла сямігодку, паступіла ў Казанскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум. Шэсць гадоў адпрацавала на ваенным заводзе і, не пакідаючы працы, закончыла вакальнае аддзяленне Казанскага музычнага вучылішча. Следам паступіла ў Маскоўскі музычна-педагагічны інстытут імя Гнесіных. З 1978 года наша зямлячка — салістка Маскоўскай дзяржаўнай акадэмічнай філармоніі. У рэпертуары Лідзіі Паўлаўны звыш тысячы твораў, вялікія праграмы рускай і замежнай класікі, старадаўнія рамансы і народныя песні. Спявачка аб’ездзіла з канцэртамі не толькі ўсю Расію, але і многія краіны свету — гастралявала ў Венгрыі, Італіі, Англіі, Францыі, Мальце, Польшчы, Германіі і іншых куточках. Народная артыстка Расіі, яна доўгі час уваходзіла ў склад журы конкурса «Bella voce». Лідзія Паўлаўна — яшчэ і прэзідэнт Рэгіянальнага Грамадскага Фонду «Авэ Марыя».

Паставы. Палац Тызенгаўза. Пачатак ХХ стагоддзя

У 1957 годзе ў Паставах нарадзіўся Аляксандр Міхайлавіч Раеўскі (загінуў у 2008 годзе). Герой Расійскай Федэрацыі, заслужаны лётчык-выпрабавальнік Расіі, палкоўнік. Легендарная асоба, чалавек, вопыт якога як выпрабавальніка розных мадэляў самалётаў яшчэ надоўга застанецца ў арсенале авіяцыі Расіі і свету. У свой час Аляксандр служыў у палку карабельнай авіяцыі на авіяносцы «Мінск». Факт пра тое, што Раеўскі з 1990 да 1994 года здзейсніў 78 пасадак на палубу авіянясучага крэйсера «Адмірал Кузняцоў» (досыць часта — з надзвычайнай рызыкай для жыцця), і цяпер уражлівы прыклад майстэрства лётчыка-выпрабавальніка. А загінуў легендарны лётчык у аўтамабільнай катастрофе. Такое, на вялікі жаль, жыццё... Мне здаецца, што прыйдзе час — і нашаму земляку Аляксандру Міхайлавічу Раеўскаму абавязкова паставяць помнік на радзіме.

Паставы. Ашчадная каса. 1930-я гады

Часта бываючы ў Паставах, на Пастаўшчыне, не мінаю сустрэч з краязнаўцам Ігарам Пракаповічам. Вось і аднойчы пачуў ад яго такую думку: «Многія турыстычныя маршруты для школьнікаў нашай старонкі і для тых, хто прыязджае ў раён, горад, можна было б распрацаваць з улікам месцаў нараджэння славутых землякоў». Сапраўды, чаму б і не? Менавіта людзі, якія нечага дабіліся за свой кароткі век, упрыгожваюць гісторыю роднага краю. А Паставы, Пастаўшчына, акрамя згаданых славутых сыноў і дачок, — гэта яшчэ і лёсы паэтаў і пісьменнікаў: Уладзіміра Дубоўкі, Міхася Машары, Аркадзя Нафрановіча, ды і многіх дзеячаў беларускай культуры. А цяпер Ігар Пракаповіч завяршыў унікальную працу над гісторыяй броварскай справы на Пастаўшчыне і ў ваколіцах. Рукапіс яго працы — зусім новае ў айчыннай гісторыі, айчынным краязнаўстве. Вось бы знайсці зацікаўленага кнігавыдаўца для гэтага праекта!

Кастусь ЛЕШНІЦА

Паштоўкі з калекцыі лаўрэата Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» Уладзіміра ЛІХАДЗЕДАВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.