Вы тут

Новы нумар часопіса «Нёман»: тэксты, як люстэркі памяці


Аднойчы ў студэнцкім асяроддзі прагучалі пытанні: «А які твор можна аднесці да сапраўднай літаратуры? Якія ёсць крытэрыі?» Яны выклікалі дыскусію, гарачую і працяглую. Што такое літаратура наогул — гэта таксама пытанне (!), і я ведаю маладога навукоўца, які сур’ёзна і ўжо доўга даследуе яго ў сваёй дысертацыі, — што тут казаць аб крытэрыях. Твор, які мае эйдас, трымаецца на ідэйным ядры, вакол якога фарміруецца мастацкая карціна свету? Твор, які раскрывае вечныя тэмы, падымаючыся над часавым адрэзкам стварэння? Твор, які напісаны прыгожым стылем, багаты на вобразнасць, выяўленчасць, моўную вытанчанасць? Твор, які зараз ляжыць у вас на стале? У кожнага свой адказ і пералічаныя варыянты не з’яўляюцца вычарпальнымі.


І ўсё ж для сябе я знайшла такі крытэрый: ёсць набор тэкстаў, якія тычацца асабіста мяне, якія абуджаюць успаміны, быццам напісаны пра мяне ці для мяне. У рэчышчы рэцэптыўнай эстэтыкі гэта завецца «псіхалагічнымі перадумовамі» ўспрымання тэкставага матэрыялу. І абгрунтоўваецца механізмам рэалізацыі ўспрымання любой творчасці. У парадыгме рэцэптыўнай эстэтыкі аўтар — тэкст — чытач апошняму адводзіцца значная роля: ён не толькі здольны ўспрымаць, апісваць, інтэрпрэтаваць зададзеныя ў тэксце інтэнцыі і сэнсы, але і «падаўжаць» жыццё самога твора, акцэнтуючы ўвагу наступных чытачоў на вызначаных канстантах спрадвечнага.

Сапраўды, успрыманне тэксту залежыць ад асобы чытача. М. Хайдэгер падкрэсліваў, што рэцыпіент чытае і інтэрпрэтуе тэкст «усёй сваёй асобай, усёй сваёй істотай». У залежнасці ад досведу і інтарэсаў чытача ў тэксце акцэнтуюцца розныя моманты. Вызначальнымі фактарамі аказваюцца не толькі тэкст і кантэкст, але і асобасныя псіхалагічныя перадумовы асобнага рэцыпіента.

Дзесяты нумар часопіса «Нёман» змяшчае некалькі тэкстаў, якія для мяне як чытача (не як спецыяліста нават), аказаліся вельмі блізкія, сугучныя маім фонавым ведам і мінуламу вопыту. Тэксты, прадстаўленыя ў нумары, — быццам люстэркі, у якіх чытач можа ўбачыць і карцінкі з уласнай гісторыі, і палотны з гісторыі краіны.

Такім люстэркам эпохі з’яўляецца аповесць Міхаіла Макаранкі «Пагоншчык валоў» з рубрыкі «Эпоха. Дзеці вайны». Лёс хлопчыка, па дзяцінстве якога прайшлася жалезнай гусеніцай мачыха-вайна, яго жыццё ў Германіі ў фермера разам з высланымі на працу падлеткамі: «Не знаю, в тот же или на следующий день после переписи к нам в дом зашли несколько вооруженных полицаев, приказали собирать вещи, сколько мы унесем, и отправляться с ними <...> Моя мать, соседка и их дочь, моя ровесница, плакали, мужчины шли молча. <...> подали железнодорожный состав, нами заполнили товарные вагоны, и поезд тронулся. Не помню, как нас кормили, но условия содержания были скотские. Через щели в вагоне и зарешеченные окна мы на протяжении всего пути следования наблюдали за местностью, которую проезжали». Апавяданне ад першай асобы надае тэксту жанравыя рысы дзённікавых запісаў, дзе факты чаргуюцца з асабістымі развагамі (так, хлопцу шкада ўсіх: і палонных, і немцаў, якія вяртаюцца з вайны інвалідамі). Уводзячы антынамічную выяву маладога чалавека (чалавека наогул) праз параўнанне загінулага на вайне «беднага і добрага немца» Томаса, які асуджаў вайну; і хлопца-паляка, якога адправілі ў канцлагер за тое, што палюбіў дзяўчыну, аўтар звяртаецца да псіхалогіі чалавека ў памежным стане. Маленькае гусяня, якое здохла па віне няўдачлівага пастушка, як і загнаны вол, становяцца сімваламі чалавека, прыгнечанага машынай гісторыі, жыццёвымі абставінамі, чалавека маленькага. Гэтая аповесць нагадала мне цыкл дзённікавых запісаў маёй бабулі, якая таксама дзяўчынкай была адпраўлена ў Германію. Яе ногі рана перасталі служыць з-за пераціскання калодкамі, якія яна насіла некалькі гадоў у фермера. Жоўтае гусяня з аповесці Міхаіла Макаранкі нагадала мне пра жоўтую хустку, што маёй бабулі Веры Іванаўне падарыла палячка, якая працавала разам з ёй у няволі.

І маю гераіню вызвалілі амерыканцы «на джыпах». Яна вярнулася дадому позняй ноччу. Замест абутку на нагах яе былі кавалкі гумы ад колавых шын. Яна пастукала ў акенца роднага доміка.

— Мама, не адчыняй, гэта немцы! — спалохана прашаптала яе маленькая сястра.

— Не, гэта Вера мая прыйшла... — сказала жанчына, дрыготкімі рукамі адсоўваючы засаўку.

Слёзы наварочваюцца на вочы пры чытанні аповесці «Пагоншчык валоў», таму што гэта — гісторыя. Аб тым, што было, аб тым, чаго нельга забываць.

«Нашей радости не было предела! Поляки и французы, русские и белорусы, украинцы и чехи — все ликовали», — якое шчасце, думаецца мне, што мы можам сёння чытаць такія праўдзівыя, шчырыя радкі.

Генезіс страшнага «феномена» 1930-х гг. — «класавы вораг», «жыдамасон», «вораг народа» ў дэтэктыўна-фантастычным рамане «Падзямеллі Ромула» раскрывае Людміла Рублеўская. У сацыяльна-гістарычны кантэкст 30-х гг. мінулага стагоддзя ўплятаюцца лёсы навукоўцаў, студэнтаў, жанчын і дзяцей. Фантастычнае падзямелле становіцца сімвалам тагачаснай Расіі, калі невядома адкуль з’яўляліся «грыфоны» (даносы) і невядома куды знікалі людзі, альбо гінулі ў лабірынтах гэтага «падзямелля», як гэта здарылася з філолагам Апанасам Корб-Варановічам.

У яшчэ больш даўнюю гісторыю — пачатак 1915-х гг. трапляе чытач разам з Міколам Трусам і яго эсэ «Талстоўскія запаветы і беларускае падзвіжніцтва часоў Першай сусветнай вайны». Гісторыя пра знаходжанне любімай дачкі Льва Талстога Аляксандры на тэрыторыі Беларусі, у Мінску, дзе яна арганізоўвала дзіцячыя прытулкі і санітарныя зоны. Прыводзяцца падрабязныя дзённікавыя запісы Аляксандры, напрыклад, як яе пасялілі ў Мінску ў кватэры нейкага мастака, а на сценах былі карціны з выявамі голых жанчын, што вельмі раздражняла Аляксандру Львоўну, і яе спадарожнікі вырашылі яе парадаваць: «апранулі» аголеных дам, прыляпіўшы да патрэбных частак кавалачкі кардона і анучак. Мастак вельмі раззлаваўся на гэта.

У артыкуле прыводзяцца ўнікальныя матэрыялы, якія пацвярджаюць галоўную рысу характару Сашы — яе гарачую адданасць бацьку, яго вучэнню, дзе адным з галоўных пунктаў былі дабро і дапамога блізкім. І ў гэтай ідэальнай карцінцы талстоўства, якая і сёння вабіць да сябе людзей, робячы іх паслядоўнікамі, ёсць адна сумная лінія, якая, быццам брудная паласа на сіні неба, азмрочвае агульнае ўяўленне: гэта вучэнне, з якога быў выкраслены яго галоўны і першы Аўтар — Хрыстос, а таму яно стала плагіятам і фальшыўкай. Паколькі не толькі вера без спраў, але і справа без веры мёртвыя.

Як вядома, да паміраючага Талстога не дапусцілі старца Варсанофія, да якога пісьменнік хацеў прыйсці ў Опціну пустынь, нават і Соф’ю Андрэеўну, жонку пісьменніка, не дапусцілі да яго. І адной з «ахоўнікаў» бацькі была любімая дачка Аляксандра. Трагедыя Талстога — трагедыя куміра, які больш не належаў сабе, а стаў яшчэ пры жыцці ўласнасцю сваіх прыхільнікаў.

Лёс геніяльнасці, у якой пераплятаюцца донкіхоцтва ўяўлення, юродства святасці і трагедыйнасць гістарычнага кантэксту, раскрыта ў рамане «Электрычная неўміручасць» Анатоля Матвіенкі. У 10 нумары чытач пазнаёміцца з абставінамі жыцця вучонага Якава Наркевіча-Ёдкі з Мінскай губерні, які падарыў чалавецтву радыёсувязь, электрадыягностыку і электратэрапію, зрабіў мноства ўнікальных адкрыццяў, але не падаў ніводнай патэнтнай заяўкі. Ідэі Наркевіча-Ёдкі ўвасоблены «в миллиардах аппаратов <...> а сам он исчез в пропасти меж двух культур — российской и западной, оставив множество загадок... Кто вы, пан Яков?» Пра гэта чытачы даведаюцца з наступных нумароў.

У артыкуле «Страціць, каб любіць назаўжды...», прысвечаным жыццю і творчасці паэта Ігара Шклярэўскага, Ніна Русаковіч справядліва адзначае: «Мне иногда кажется, что мы живем в век неимоверной усталости поэзии. Слабость и упадок сил поэзии от ее количества. Берешь сборник иного автора и с первой страницы чувствуешь, что ты это все уже читал...» Для яе ўнікальнасць і непаўторнасць паэзіі Шклярэўскага якраз і заключаецца ў тым, што яго вершы аказаліся сугучнымі яе асабістым перажыванням і перажытаму вопыту. «Поэт вернул меня в мое послевоенное пионерское детство, когда жизнь была впереди, коммунизм — впереди и Родина — рядом. Большая и могущественная — СССР!» Што пацвярджае выказаны намі ў пачатку тэзіс аб такім крытэрыі сапраўднай літаратуры як «сугучнасць» душэўнаму стану рэцыпіента, адпаведнасць яго чаканням.

Але філолаг абцяжараны ведамі па гісторыі і тэорыі літаратуры, і проста чытаць і атрымліваць асалоду ад чытання, прыслухоўваючыся да сябе і свайго «падабаецца-не падабаецца», яму вельмі цяжка. Між тым бываюць шчаслівыя супадзенні. У кастрычніцкім нумары —
гэта падборкі вершаў Алеся Бадака і Алены Крыклівец. Я адразу адзначаю іх побач, паколькі ў прадстаўленых імі творах выразна выяўлены мужчынскі і жаночы тыпы лірычнага героя.

Герой Алеся Бадака — чалавек вопытны, за плячыма якога шмат дарог, сустрэч і страт. Псіхалагічны стан яго — стомленасць, усё лепшае ўжо было (адсюль нуда па мінулай культуры, эстрадзе, якая жыла песнямі У. Мулявіна). У яго засталіся цішыня пустой кватэры і боль, які пячэ душу ад нявыказанага калісьці каханай жанчыне, ад жалю да яе пакут.

Как жить, 

Когда душа болит

Твоей души невычерпанной болью.

Я с этой болью неразрывно слит —

Она навеки связана с тобою.

(«Боль»)

Восень жыцця выказана ў вобразе лістапада, у які герою хочацца сысці («Лістапад»). Матыў сыходу рэалізоўваецца ў вершах «На край свету», «Сны». У вершы «Усяслаў Чарадзей» палонны князь лічыць за лепшае пакінуць турму мёртвым, але сумленным, чым жывым 
і здраднікам.

Верш «Паэзія» Алеся Бадака раскрывае тэмы паэта і натоўпу, паэта і чэрні, прызначэння паэзіі ў літаратуры і напісаны ў духу «Паэт і натоўп», «Размова кнігапрадаўца з паэтам» А. С. Пушкіна. Можна казаць пра «карыснасць» паэзіі, пра яе кошт, пра яе «актуальнасць», 
а можна проста тварыць. І калі ёсць дар, то гэта будзе сапраўдная літаратура. І яна застанецца.

Конечно, на ней не кончается свет,

Вершины не скроются в бездне.

И умный промолвит:

— Такой теперь век.

А мудрый:

— Ничто не исчезнет.

Не сарвацца ў бездань сноў і не згубіцца ў лістападзе жыцця мужчыну дапамагае моцная жаночая рука лірычнай гераіні Алены Крыклівец:

Посмотри: этот город из ветра 

                                       и времени соткан.

Нам подсыпала осень в карманы 

                                       звенящих деньжат.

Обнаженная ветка скребется 

                                       в закрытые окна.

Я держу тебя за руку крепче, 

                                       чем можно держать.

(«Посмотри, как дрожит этот лист...»).

Матыў памяці прадметны, ён адчуваецца, рэалізоўваецца на ўзроўні рэчаў у вершы «Туру, туру, пастушок...», дзе ў адзіную мастацкую карціну ўплятаюцца рэчызм і міфалагізм, рэальнасць і фальклорнае фэнтэзі.

«Память живет в шифоньере на полке

между дедовым кителем 

                         и букетиком пижмы <...>

«Там моя родина.

На родине дуб стоит,

на дубу сова сидит.

Сова-то мне теща,

воробушек братец...»

<...> Чуешь: запах оладий своих ли, 

                        соседкиных 

крадется по кухне, 

                        как хрусткий мороз по стеклам.

Трагедыйнасць і апакаліптычнасць зямнога шара, «хворай зямлі» метафарычна перададзена ў вобразе расколатага напалам «Дзядулінага глобуса», які мама спрабуе склеіць. І вядома, толькі жанчына-паэт магла напісаць:

— Мама, ты где? На ручки! Хочу! Хочу!

Лучшее место на этой кривой 

                        планете —

слезы сушить, прижавшись щекой 

                        к плечу,

и одеваться в пижамку с большим 

                        медведем.

Гэтыя радкі цалкам падыходзяць для фіналу нашага агляду ці для яго эпіграфа. Бо ўсе мы родам з дзяцінства, і шмат у чым наша ўспрыманне мінулага і сучаснасці вызначаюцца досведам, які пачынаецца з гэтага склеенага глобуса. Матчыны рукі, рукі настаўніка, рукі каханага чалавека, рукі лекара — усё гэта рукі, якія «склейваюць» наш свет, не даюць згубіцца, загінуць пад яго абломкамі. І тады люстэрка памяці становіцца люстэркам надзеі.

Таццяна СІДАРАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.