Вы тут

Звыш 1800 чалавек ушанавалі памяць бязвінных ахвяр фашызму ў абноўленым мемарыяле ў Азарычах


На Гомельшчыне ў Міжнародны дзень памяці ахвяр генацыду ў Калінкавіцкім раёне адкрыты пасля маштабнай рэканструкцыі мемарыяльны комплекс Азарыцкага лагера смерці.


У цырымоніі адкрыцця знакавага месца памяці прынялі ўдзел намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі, старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў Кацярына Зенкевіч. 

Аб трагедыі ахвяр расправы гітлераўцаў нагадаў старшыня аблвыканкама Іван Крупко. Так, з 10 па 19 сакавіка 1944 года ў канцлагерах пад агульнай назвай Азарычы на невялікую плошчу ў багністай мясцовасці сагналі каля 50 тысяч жыхароў Гомельскай, Магілёўскай, Палескай абласцей Беларусі, а таксама Смаленскай і Арлоўскай абласцей Расіі. Пад адкрытым небам ад холаду, смагі і голаду ўсяго за дзесяць дзён у лагеры памерлі звыш 15 тысяч чалавек. Вядома, што канцлагер такога тыпу быў выкарыстаны толькі ў Беларусі. Упершыню ў гады Другой сусветнай вайны вязняў выкарыстоўвалі ў якасці біялагічнай зброі: спецыяльна звозілі хворых на сыпны тыф і іншыя хваробы, заражалі людзей з разлікам, што пасля інфекцыя перакінецца на часці Чырвонай Арміі, якія наступалі. У сакавіку 1944 года войскі 65-й арміі 1-га Беларускага фронту вызвалілі вязняў Азарыцкага лагера смерці.

— Немаўляты паміралі ад голаду і холаду. Маці — вар’яцелі ад бяссілля і гора. Адмаўляючыся прымаць смерць дзіцяці, жанчыны працягвалі саграваць сваім целам нежывых малых. У такім стане іх знаходзілі пасля вызвалення салдаты і медыкі. Пазней у сваіх успамінах яны напішуць: «Той не чалавек, хто можа такое забыць», — нагадаў Іван Крупко. 

Кіраўнік рэгіёна падкрэсліў, што сёння надышла наша чарга не проста захаваць, а абараніць заваяванне Салдат Перамогі — суверэнную, незалежную Беларусь. 

— З кожным днём усё менш жывых герояў Вялікай Айчыннай вайны і сведкаў тых страшных гадоў. Таму такі настойлівы запыт на стварэнне і рэканструкцыю мемарыялаў. У нашай вобласці мы штогод аднаўляем і адкрываем знакавыя для кожнага беларуса памятныя мясціны: Ала, Партызанская крынічка, сёння — Азарычы, — нагадаў губернатар аб важнасці народнай патрыятычнай памяці.

Іван Крупко зазначыў, што ў рэгіёне пачата таксама рэканструкцыя мемарыяла Дзецям-ахвярам вайны ў Жлобінскім раёне. На плошчы Паўстання ў Гомелі будзе ўзведзены мемарыял ахвярам генацыду. 

— Вельмі важна, што пакуль на аб’ектах вядзецца будоўля, мы зноў і зноў вяртаемся да архіўных дакументаў, перачытваем кнігі па гісторыі, тым самым замацоўваючы ў памяці падзеі тых страшных гадоў, — распавёў кіраўнік рэгіёна.

Адкрыты пасля маштабнай рэканструкцыі мемарыял ахвярам Азарыцкага лагера смерці ў Калінкавіцкім раёне ў Год міру і стваральнай працы — найважнейшы народны патрыятычны праект, знакавы не толькі для Гомельшчыны, але і для ўсёй краіны. Аднаўленне месца памяці пачалося ў сакавіку бягучага года. Кожны беларус атрымаў магчымасць далучыцца — на рэканструкцыю комплексу былі накіраваны сродкі, заробленыя на рэспубліканскім суботніку. 

Абеліск на месцы Азарыцкага лагера смерці быў узведзены ў маі 1965 года. Тры стэлы, на якіх высечаны вобразы вязняў — жанчын, дзяцей, старых — вынік аднаўлення мемарыяла ў 1974 годзе. У канцы 2021 года праект рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Лагер смерці Азарычы — боль і памяць» быў прадстаўлены на конкурс грамадзянскіх ініцыятыў Гомельскай абласной асацыяцыі мясцовых Саветаў дэпутатаў. Ідэю ініцыятыўнай групы Азарыцкага сельвыканкама падтрымалі на ўсіх узроўнях. 

Маштабная рэканструкцыя дазволіла значна пашырыць тэрыторыю мемарыяльнага комплексу. Тут размясціўся інфармацыйны музейны павільён і шэраг знакавых архітэктурных кампазіцый. Цэнтральная з іх — «Камяні асветы» — прадстаўляюць сабой чатыры шматгранныя стэлы з пано з павялічанымі архіўнымі фатаграфіямі вызваленых вязняў Азарыцкага лагера смерці. Радкі з успамінаў аб трагедыі былых вязняў выгравіраваны на «Вежы памяці» — архітэктурнай кампазіцыі вышынёй амаль сем метраў. Асобнае месца адведзена «Сцяне смутку» з паклоннымі крыжамі. Адметнасць мемарыяльнага комплексу — першы ў рэспубліцы памятны знак у гонар подзвігу савецкіх ваенных медыкаў, якім пасля вызвалення палонных Азарыцкага лагера смерці ўдалося спыніць эпідэмію тыфу. 

— Наша задача — захаваць мір і не дапусціць паўтарэння таго, што адбывалася тут, – фізічнага і маральнага знішчэнне нашага народа. Як тады мы выстаялі, так і сёння ўсё пераадолеем. Краіны калектыўнага Захаду павінны гэта зразумець. Не ўмешвайцеся ў нашу жыццё. Мы самі ведаем, як яго будаваць, як выхоўваць сваіх дзяцей. І мы ніколі не здрадзім памяці тых людзей, якія тут загінулі. І слава воінаў-пераможцаў заўсёды будзе ў нашых сэрцах і сэрцах нашых дзяцей, — падкрэсліў падчас мітынгу ў памяць аб ахвярах Азарыцкага лагера смерці намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота тэлеграм-канала «Гомельшчына афіцыйна»

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.