Вы тут

У Мінску адбыўся ІХ (пазачарговы) з’езд Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі


Удзел у рабоце з’езда ўзялі каля 300 прадстаўнікоў прафсаюзных арганізацый з усёй краіны. Падчас пасяджэння старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі выбраны Юрый Сянько, які да гэтага займаў пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы (з 2020 года). Таксама па выніках з’езда былі выбраны 80 дэлегатаў ад прафсаюзаў УНС.


Звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства, Міхаіл Орда, які ўзначальваў Федэрацыю прафсаюзаў да гэтага, а цяпер з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, адзначыў, што выбранне дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу для прафсаюзаў — гэта пацвярджэнне іх аўтарытэту і значнасці ў грамадстве, а таксама магчымасць напрамую ўдзельнічаць у распрацоўцы і прыняцці стратэгічных рашэнняў па развіцці краіны. Ён акцэнтаваў увагу прысутных на рабоце прафсаюзаў па развіцці сацыяльнага партнёрства. Дзякуючы гэтаму ўжо сёння прафсаюзы могуць уплываць на заканатворчую дзейнасць у працоўнай і сацыяльнай сферах, што дае свае станоўчыя вынікі: па ініцыятыве прафсаюзных арганізацый прыняты шэраг заканадаўчых норм, якія пашыраюць гарантыі для працоўных. Сярод найбольш слушных — гарантыі па працягу кантрактаў на максімальны тэрмін для добрасумленных работнікаў, даванне падатковага выліку для маладых спецыялістаў, павышэнне памеру бальнічных для шэрагу катэгорый работнікаў і многія іншыя пытанні.

Важнасць прысутнасці прафсаюзаў на УНС падкрэсліў і Юрый Сянько. «Для ФПБ гэта быў вельмі складаны выбар (выбранне 80 дэлегатаў. — „Зв.“), бо амаль чатыры мільёны дастойных грамадзян нашай краіны з’яўляюцца членамі прафсаюзаў. У Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі ўваходзяць 15 галіновых прафсаюзаў. І надта важна было, каб у ліку дэлегатаў былі прадстаўнікі кожнага з іх. Мы зрабілі гэтую работу... Усе дэлегаты маюць працоўныя заслугі, а таксама вельмі актыўныя ў сваёй працоўнай дзейнасці. Яны не проста могуць добра выконваць свае абавязкі — яны ўмеюць яшчэ ініцыяваць пэўныя навелы, шукаць новыя рашэнні», — зазначыў нававыбраны старшыня ФПБ. І дадаў, што за 120-гадовую гісторыю Федэрацыя прафсаюзаў сабрала багатую спадчыну з цудоўнымі традыцыямі. Па яго словах, у сучасны перыяд паміж урадам, прафсаюзамі і наймальнікамі склалася надзвычай добрая практыка не спрэчак і барацьбы, а менавіта пошуку аптымальных рашэнняў напярэдадні прыняцця тых ці іншых нарматыўных актаў. Прафсаюзныя спецыялісты, юрысты, тэхнічныя інспектары напрамую ўзаемадзейнічаюць з Міністэрствам працы, заканадаўчымі органамі, пракуратурай і органамі юстыцыі ў пошуках правільных рашэнняў, каб не дапусціць ужо на стадыі прыёму і абмеркавання нарматыўнага акта якога-небудзь адхілення, што можа негатыўна адбіцца на становішчы работнікаў.

Гаворачы пра задачы, якія стаяць перад ФПБ, Юрый Сянько адзначыў: «Першая задача — гэта, вядома, работа з моладдзю. Сярод чатырох мільёнаў членаў прафсаюзаў вялікая колькасць моладзі — з ёю, праз пярвічныя ячэйкі, якіх больш за 24 тысячы, трэба працаваць. Аб’ядноўваючы маладых людзей і па працоўных пытаннях, і па пытаннях вольнага часу, захапленняў, прафсаюзы маюць у сваім распараджэнні вялікую інфраструктуру, якая дазваляе, у тым ліку, адпачыць нашым работнікам — членам прафсаюза. Гэта санаторыі, гасцініцы, турбазы, спартыўныя пляцоўкі рознага плана. Іншымі словамі, моладзі ёсць чым займацца.

Другая — падтрымка чалавека працы. Гэтая задача была, ёсць і застаецца найважнейшай. Вельмі важна нашаму работніку, члену прафсаюза, працаўніку вытворчасці не задумвацца над тым, ці ведае ён дакладна асновы працоўнага, грамадзянскага, адміністрацыйнага заканадаўства. Ён павінен выконваць свае працоўныя абавязкі. Задача і работа прафсаюзаў — абараніць яго інтарэсы, стварыць умовы без парушэнняў. І прафесійныя саюзы дастойна спраўляюцца з гэтай задачай, разглядаючы з наймальнікам усе пытанні па спосабах стварэння добрых умоў працы…

Трэцяя задача для прафсаюзаў — у кансалідацыі грамадства. І тут яны таксама на вышыні. Робіцца шмат і будуць працягваць гэта рабіць, каб стварыць грамадства, якое будзе ў адзіным парыве дасягаць агульнадзяржаўных мэт дзеля адзінства нашай нацыі і калектыву, займацца захаваннем традыцый нашай краіны, здароўя і жыцця працаўнікоў. І берагчы ўсе каштоўнасці, якія беларусы трапятліва захоўваюць для сябе і сваіх нашчадкаў: дзяцей, унукаў, праўнукаў. І, безумоўна, важная місія прафсаюзнага руху — гэта прадстаўленне нашай краіны і нашых прафсаюзаў на міжнароднай арэне. Тут шмат зроблена, але ў сучасным свеце — свеце прэтэнзій з боку краін калектыўнага Захаду, ЗША — з’яўляюцца неабходнасць і магчымасць, у тым ліку і ў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, выказваць сваё меркаванне, якое было, ёсць і будзе, у абарону нашых работнікаў, а таксама для захавання міжнародных дагавораў, прынятых раней і якія забяспечвалі правы працоўных і падтрымку на сусветнай арэне. Гэтую працу мы таксама працягнем».

У сваю чаргу, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Луцкі засяродзіў увагу ўдзельнікаў з’езда на тым, што работы будзе многа, бо цяпер занадта няпросты час. Ён выказаў упэўненасць у тым, што Юрый Сянько стане добрым пераемнікам Міхаіла Орды. «Упэўнены, што тэмп і вектар работы ФПБ, зададзеня Міхаілам Сяргеевічам, паспяхова працягне і Юрый Аляксеевіч. Для гэтага ў яго ёсць неабходныя кампетэнцыі, працавітасць, вопыт, жаданне дапамагаць людзям», — падкрэсліў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. Таксама ён агучыў прыярытэтныя кірункі дзейнасці прафсаюзаў. «Па-першае, ахова інтарэсаў працоўных калектываў, недапушчэнне неабгрунтаванага скарачэння людзей і пераводу работнікаў на няпоўны працоўны дзень. Але, што самае галоўнае, сёння ідзе барацьба за чалавечыя рэсурсы. І адна з асноўных задач прафсаюзаў — гэта, вядома ж, падрыхтоўка нашай моладзі, мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў. Мы не павінны ўпусціць нашу моладзь, і задача прафсаюзаў у гэтым — вызначальная, — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта. — Другі кірунак — кантраляванне выканання законаў, якія закранаюць эканамічныя і сацыяльныя інтарэсы працаўніка. Трэці кірунак — умацаванне станоўчага іміджу Рэспублікі Беларусь на міжнароднай арэне. Мы павінны знаходзіць ва ўсім свеце сяброў, партнёраў, тых, хто падтрымлівае нашы традыцыйныя каштоўнасці, наш суверэнітэт і незалежнасць. Яшчэ адна задача, якая стаіць перад прафсаюзамі, — пашырэнне прафсаюзнага руху: стварэнне прафсаюзных структур ва ўсіх арганізацыях краіны, нягледзячы на тое, прыватная яна ці дзяржаўная».

Галоўнай умовай вырашэння гэтых задач Ігар Луцкі назваў адзінства і падкрэсліў, што толькі разам мы захаваем суверэнітэт і незалежнасць краіны, даб’ёмся рэальных поспехаў у дабрабыце нашай дзяржавы. Немалую ролю ў гэтым павінны адыграць і дэлегаты УНС ад прафсаюзаў, якіх ён ахарактарызаваў як граматных і глыбока патрыятычных грамадзян нашай дзяржавы. «Менавіта вам, выбраныя дэлегаты, давядзецца адстойваць інтарэсы дзяржавы па самых важных і значных пытаннях. Упэўнены ў тым, што сярод выбраных — разумныя, пісьменныя і глыбока патрыятычныя грамадзяне нашай краіны», — зазначыў Ігар Луцкі.

Паводле БелТА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Уважлівасць і правілы бяспекі — галоўны фактар зніжэння вытворчага траўматызму

Летась зафіксавана зніжэнне колькасці выпадкаў гібелі на вытворчасці. 

Грамадства

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

Ад чаго залежыць бяспека атракцыёнаў?

З пачатку года атракцыёны праверылі 43 разы.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.