Вы тут

Вынік навуковай канферэнцыі — у калетыўнай манаграфіі


Па выніках другой Міжнароднай метапрадметнай вочна-завочнай навуковай канферэнцыі «Этнасы і лёсы ў жыцці і творчасці Ф. І. Цютчава: да 220-годдзя з дня нараджэння» выдадзена калектыўная манаграфія пад рэдакцыяй доктара педагагічных навук, прафесара кафедры лінгвістычных дысцыплін і міжкультурных камунікацый Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, загадчыцы навукова-даследчай лабараторыі па сацыякультурных праблемах памежжа Марыі Жыгалавай.


Аўтарамі зборніка сталі даследчыкі творчасці вялікага паэта і дыпламата з Беларусі, Германіі, Грузіі, Польшчы, Расіі, Румыніі, ЗША, Ірана, Украіны і іншых краін.

Яркі жывапіс слоў, філасофскія пошукі і смелыя імкненні ў спазнанні складанасці быцця ў творчасці Ф. Цютчава прыцягваюць аматараў паэзіі. У сваім уступным слове Марыя Жыгалава падкрэсліла: «Праблемы, узнятыя Ф. Цютчавым, актуальныя і сёння. Паэтычнай і дыпламатычнай творчасцю паэт пацвярджае значнасць чалавека ў гэтым свеце як часткі прыроды і соцыуму, які павінен клапаціцца пра пазітыўную камунікацыю і жыць у гармоніі». «Цютчаўскія» тэмы даследавання аўтараў манаграфіі шматаспектныя: яго службовая і дыпламатычная дзейнасць, асэнсаванне і вывучэнне жыцця і творчасці паэта ў полікультурнай прасторы, лінгвістычныя асаблівасці вершаў, узаемасувязі і кантакты ў сусветным літаратурным працэсе ў розных часавых і геаграфічных зрэзах.

Доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускага літаратуразнаўства Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна Зоя Мельнікава ў артыкуле «Цютчаўскія матывы ў беларускай паэзіі пачатку ХХ стагоддзя» прасачыла галоўныя тэндэнцыі развіцця беларускай літаратуры і абгрунтавала ўплыў творчасці рускага паэта на маладую беларускую літаратуру, выявіла тыпалагічныя вобразна-сэнсавыя паралелі паміж творамі Ф. Цютчава і М. Багдановіча, Я. Купалы, З. Бядулі, В. Ластоўскага. На старонках манаграфіі змешчаны і дыялог філолагаў — кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры прафесійнага развіцця супрацоўнікаў адукацыі Брэсцкага абласнога інстытута развіцця адукацыі Станіслава Рачэўскага і кандыдата філалагічных навук, дацэнта кафедры агульнага і рускага мовазнаўства Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта Людмілы Гадуйкі. Суаўтары з прымяненнем кампаратывісцкага падыходу разглядзелі тэмы невычарпальнасці светастварэння, выяўлення касмічнага і зямнога ў паэзіі Ф. Цютчава і М. Багдановіча. У асобным артыкуле Станіслаў Рачэўскі прааналізаваў уклад паэта Максіма Багдановіча ў развіццё прыродаапісальнай лірыкі «Цютчаўская «Прырода — не злепак, не бяздушны лік...» у паэзіі Максіма Багдановіча». Старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч прасачыла ўплыў натурфіласофіі Ф. Шэлінга на творчасць Ф. Цютчава і яе далейшае развіццё ў сусветным літаратурным працэсе на прыкладзе творчасці Зінаіды Дудзюк.

Паэзію Ф. Цютчава ва ўзнаўленні па-беларуску Міколам Гілем разгледзела кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры лінгвістычных дысцыплін і міжкультурных камунікацый Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Ніна Борсук.

Навукова-выдавецкі праект арганізаваны пры падтрымцы Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Брэсце і ГА «Русское общество».

Таццяна АНАТОЛЬЕВА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.