Вы тут

На ўспамін ад сучасніка Алеся Кажадуба


Творчасць празаіка Алеся Кажадуба добра знаёма беларускаму чытачу. Кнігі, што найчасцей чытач сустракае ў бібліятэках і кніжных крамах, — «Гарадок», «Дарога на замчышча», «Русь і Літва», «Мігценне золата»... Нягледзячы на тое, што пісьменнік даўно жыве і працуе ў Расіі, апроч іншага працягвае пісаць пра Беларусь і на беларускай мове. 


Аднойчы аўтар, разважаючы аб тым, як выхоўваюцца чытацкія густы, выказаў думку, што галоўнае тут — абставіны жыцця. Напрыклад, у дзевяностыя гады мінулага стагоддзя большасць чытала творы крымінальнага напрамку. Сёння перавагі, натуральна, змяніліся. «Нават і не ведаю, што чытае моладзь цяпер, мусіць, фэнтэзі і літаратуру нон-фікшн, — адзначаў Алесь Канстанцінавіч. — Ва ўсякім выпадку, тое, што як надалей ад іх рэчаіснасці. Праўду сказаць, сённяшняя рэчаіснасць у многім і адштурхоўвае ад сябе». Сапраўды, у многіх пісьменнікаў, асабліва сталага веку, у працэсе напісання ўзнікае пытанне — ці будуць чытаць? Пры выданні кнігі яно таксама не пакідае творцу, неабыякавага да лёсу твора і яго сустрэчы з чытачом. 

Нядаўна ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» пабачыла свет чарговая кніга Алеся Кажадуба. Рускамоўны зборнік «Сезам» прэзентуе беларускаму чытачу амаль два дзясяткі апавяданняў, аб’яднаных тэматыкай пісьменніцкага рамяства. Нельга не канстатаваць — ужо які бок рэчаіснасці, а жыццё пісьменніка сёння не прываблівае, не інтрыгуе большасць сучаснікаў. Аднак тут можа зацікавіць іншы жанр — мемуары, здольныя пашырыць чытацкую аўдыторыю. Нягледзячы на тое, што аўтар і выдаўцы настойваюць на вызначэнні твораў зборніка як «апавяданняў», сама анатацыя канфліктуе з гэтай высновай. Так, перад знаёмствам са зборнікам чытачу паведамляюць, што ў кнізе няма выдуманых герояў і прысутныя персанажы — рэальныя людзі, пераважна пісьменнікі і журналісты: «Аўтар знаёміць чытача з забаўнымі выпадкамі з жыцця вядомых беларускіх і расійскіх літаратараў, кур’ёзнымі сітуацыямі з практыкі выдаўцоў». То гэта ўжо не мастацкая літаратура, дзе ж тут месца выдумцы? Разгубленасць чытача немінучая: ці змірыцца з пэўнай неадпаведнасцю і прымаць напісанае Алесем Кажадубам за чыстую манету, ці шукаць вымысел, прасочваць рысы мастацкага тэксту?.. 

Далей даводзіцца ўпэўніцца, што пералік падзей, храналогія, непасрэднасць сведчанняў сапраўды характарызуюць творы. Аднак больш месца знаходзіцца яркаму і свабодному выяўленню аўтарскага «я», выкарыстанню пісьменнікам розных стылістычных фігур, эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі, ужыванню ім моўных сродкаў розных стыляў і гэтак далей. Найболей слушнай будзе выснова аб імкненні аўтара размыць межы паміж жанрамі. Мэты ў кожным выпадку могуць мецца на ўвазе самыя розныя: ад імкнення пабудаваць жывую гутарку з чытачом да заваявання яго даверу. 

У апавяданнях Алесь Кажадуб надае вельмі вялікую ролю дыялогу, і таму нават сюжэты, у якіх мала дзеяння ці яно амаль адсутнічае, падаюцца дынамічнымі. Творцу патрэбны імпульсы, скачкі — каб не губляўся тэмп, за якім ён уважліва сочыць. У пагоні за легкаважнасцю аповеду пісьменнік аддае перавагу сказам з простай ці адносна простай канструкцыяй, складаназалежныя яшчэ трэба вылавіць. Дыялогі аўтара, як правіла, не адрозніваюцца глыбокім зместам: гэта будзённыя гутаркі, нязначныя ў пэўны момант жыцця спрэчкі, абмеркаванні, абдумванні, удакладненні... Апавядальнік іх актыўны ўдзельнік; час ад часу ён дае ацэнку той ці іншай падзеі, і гэта не сур’ёзны аналіз, а два-тры словы ці пара сказаў. Яны, здаецца, нязначныя, кінутыя наўздагон, але для канкрэтнай гісторыі вырашальныя. Хоць часцяком аўтар абыходзіцца без іх, як, напрыклад, у шматабяцальным апавяданні «Сезам»: пазбаўлены ўсялякіх падтэкстаў, для зборніка, здаецца, гэта не выключны сюжэт — простае і лаканічнае апісанне некаторых з’яў рэчаіснасці, прыпраўленае гумарам. Але чамусьці гісторыя з хатняй бібліятэкай акадэміка, у якой былі схаваны распачатыя бутэлькі з алкаголем, дала назву зборніку. 

Між тым у кнізе сустракаецца надзвычай шмат самых розных герояў — пра кагосьці аўтар расказвае ў дэталях, для іншых у яго знаходзяцца адзін-два трапныя сказы. Між іншым, з сапраўды вядомымі, не забытымі пісьменнікамі, творы якіх сёння чытаюць і перачытваюць, Алесь Кажадуб не знаёміць у сваіх апавяданнях. У гэтым рэчышчы болей каштоўны заключны раздзел кнігі — гэта байкі пра пісьменнікаў, аб’яднаныя назвай «На лецішча да Караткевіча». Як і патрабуе жанр, гумарыстычныя гісторыі, з якіх не зразумела: дзе праўда, а дзе выдумка, пераносяць у розныя перыяды мінулага краіны, і тут апавядальнік ужо адыходзіць на другі план, месцамі цалкам перастае быць дзеючай асобай. У цэнтры ўвагі — Карней Чукоўскі, Пятрусь Броўка, Міхаіл Святлоў, Леанід Собалеў, Піліп Пестрак, Антон Бялевіч, Янка Брыль і многія іншыя творцы. Натуральна, і Уладзімір Караткевіч. Успаміны пра яго — сярод найбольш удалых аповедаў новай кнігі Алеся Кажадуба. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.