Вы тут

Чым зацікавіць чытачоў новы нумар часопіса «Полымя»?


У лістападзе распачынаецца публікацыя рамана-версіі — «Непераможны злом» Віктара Праўдзіна. Падзеі ў апублікаванай частцы адбываюцца на Віцебшчыне ў 1919 годзе, у час, калі адны ідалы / ідэалы змяняюцца іншымі. Сюжэт сканцэнтраваны на міжасабовых канфлікатах будаўнікоў новага свету, паказаных занятымі ў першую чаргу сабой і ўласным узбагачэннем. Так, старшыня выканкама Мікалай Ляскоўскі хоча быць падобным на Троцкага, стараецца адпавядаць яму нават знешне, таму, не ведаючы навошта, носіць акуляры. 


Паралелі з сучаснасцю аўтар вымалёўвае празрыста: адзін з герояў смела заяўляе другому, «што вайна — некаму вяроўка, а нам — дойная кароўка». Простыя людзі пакутуюць ад перавышэння паўнамоцтваў і з асцярогай ставяцца да светлай будучыні, якую абяцаюць камуністы. Прадстаўнікі новай улады псіхалагічна выразна абмаляваны, усе яны хутчэй адмоўныя. Голас аўтара, у адпаведнасці з класічнай традыцыяй, моцны ў рамане, але пра галоўную ідэю ў «Непераможным зломе» і шляхі яе ўвасаблення лепей гаварыць, прачытаўшы ўвесь твор. 

Проза прапаноўвае не менш складаны для выяўлення вялікіх ідэй малы жанр: Алесь Бадак выступае з двума апавяданнямі. «Партрэт» — твор на нязменна актуальную тэму мастака і мастацтва, але закранае і праблемы складанасці чалавечага лёсу, і кахання людзей рознага ўзросту. У жыцці жывапісца былі шчырая захопленасць маляваннем, творчы росквіт, страта папулярнасці, напісанне работ на заказ. Сюжэт прыадкрывае таямніцу з’яўлення на свет работы па поклічы душы. Аўтар гуляе дэталямі: жывая ружа, спачатку няздольная натхніць, раптоўна знаходзіць месца на партрэце. Апавяданне «Рыжык» прысвечана тэме натуральнай і блізкай чытачу асабліва шаноўнага ўзросту — старасці чалавечага жыцця. У творы фігуруюць два героі, выпадковая сустрэча якіх нечакана перарастае ў сумесны шлях і ўзаемадапамогу. У літаратуры адначасовае старэнне чалавека і рэчы — больш распаўсюджаная фабула, Алесь Бадак прапануе ў якасці галоўных герояў чалавека і сабаку. 

Вольга Любашына працягвае празаічную частку нумара апавяданнямі «Лецішча» і «Гузік». Першае ўздымае драматычную тэму адсутнасці сапраўднай блізкасці, цеплыні і павагі ў родных людзей, другое развівае матыў «падарожжа» гузіка, вядомы ў літаратуры ў варыянце прыгод ружы. Купленая гераіняй у краме і затым скрадзеная птушкай рэч ледзьве не спараджае трагедыю, калі яе кладзе ў роцік дзіця. Пасля праз прадстаўніка бандыцкага свету гузік, па сутнасці, вяртаецца да ўладальніцы. Творы маюць розную праблематыку, але аднолькава лёгка напісаны і будуць цікавымі для аматараў прозы. 

У паэтычнай частцы Віктар Кунцэвіч выступае з падборкай «Аўторак выслухаў мяне», дзе адной з ключавых з’яўляецца тэма восені — у календары, на дварэ і ў жыцці, якая, «звычайная, стылая, але ж і адмыслова новая» («Восень расправіла крылы», «Азірніся, восень», «Істоты»). Ідэя падобнасці восені прыроды і восені чалавечага жыцця распаўсюджана, а ў «Полымі», аўтары якога — пераважна людзі шаноўнага ўзросту, прысутнічае ледзьве не ў кожным нумары, асабліва з наступленнем гэтай пары, і звяртае на сябе ўвагу. 

Таццяна Яцук у падборцы «Увысь глядзяць святыні» дзеліцца з чытачом тэрапеўтычнай знаходкай, якая можа прыдасца кожнаму — гаючасцю ўздзеяння родных мясцін. Яны наталяюць сэрца спакоем, даюць адчуць шум стагоддзяў і з’яўляюцца для лірычнай гераіні абярэгам ад роспачы і страт. Але і вялікі горад Гродна здольны напоўніць сэрца адчуваннем велічы і старажытнасці краіны, у якой жывуць спрадвеку «ў згодзе ўсе канфесіі, народы». 

Тры вершы належаць да любоўнай лірыкі: творы «Не апаліце», «Роспачы сумёты», «Праз сцюжныя вятры і памяць злую» выяўляюць душэўны стан лірычнай гераіні. Яна, як і кожны, адчувае ўнутраную барацьбу жадання кахаць і страху быць пакрыўджанай, бясконца спрабуе загаіць душэўныя раны. Паэт просіць чытача не апячы крылы на ўласным даверы, хоць раней ці пазней прайсці праз гэта наканавана кожнаму. 

Пад загалоўкам «Госця нябесная» прапануецца падборка вершаў Алены Басікірскай, Серафіма Бестава, Алены Гінько, Андрэя Дарожкіна, Яўгена Гучок, Тамары Лазнюхі, Генрыха Тарасевіча, Марыі Ючкавіч. 

Верш Г. Тарасевіча «Так хутка нішто не вяртае ў былое...» апісвае ўздзеянне на чалавека мастацтва ў любой з яго формаў, у прыватнасці песні, з якой асацыіруецца маладосць і яе марыжаданні. 

Здольнасць мастацтва звяртаць ўвагу на глыбока асабістае, акунаць ва ўспаміны, ахутваць пачуццём — адзін з паказальнікаў высокай якасці твора. У вершы А. Гінько «Прадчуванне блізкага дажджу...» набліжэнне ліўня параўноўваецца з чаканнем споведзі. У беларускай мастацкай традыцыі, пачынаючы з перыяду Адраджэння, прысутнічае спроба праз прыроду дакрануцца да Боскага, зразумець рэлігію ў яе суладдзі з прыгажосцю свету і яго дарамі. 

Магчыма, карані такога пантэістычнага светапогляду беларусаў — у дысбалансах, якія гістарычна даводзілася пражываць народу, прымусова вымушанаму змяняць веравызнанне. Нашы прашчуры на працягу стагоддзяў выпрацоўвалі сваю асабістую сувязь з Боскім пачаткам, вучыліся адчуваць абсалютнае праз прыроду і яе прыгажосць — бачыць Бога ў штодзённым. 

Звяртае на сябе ўвагу інтэлектуальная спроба Я. Гучка ўхапіць сутнасць быцця, намацаць Бога — убачыць і ўвасобіць яго не як абстракцыю, а як нешта пазачасавае ў вечнасці, няўлоўна прысутнае ў кожным з нас на ўзроўні свядомасці ці сумлення, заўважнае ў прыгажосці мігцення зорак — паўсюль. Словам, Бог — 

Гэта для ўсякай душы 

Абнова, 

Гэта яшчэ і тое, 

Чаго не раскрые ніякая ў свеце 

Мова. 

У навуковых публiкацыях нумара — артыкул доктара філалагічных навук Тамары Тарасавай «З жыццём спрачацца няможна...», прысвечаны творчасці Максіма Гарэцкага. Даследчыца звяртае ўвагу на «катэгорыі сну, прадбачання, інтуітыўнага, падсвядомага», паказвае, як з іх дапамогай аўтар даследуе «праблему бачання рэальнасці ўзрушанай свядомасцю». Т. Тарасава, засяроджваючыся на аповесцях пісьменніка, а таксама «Скарбах жыцця», вядзе размову пра «неспакойны рытм духоўнага жыцця героя». Думаецца, менавіта гэтая якасць, уласцівая і самому пісьменніку, стымулявала яго чалавечае творчае развіццё. 

Наталля Кузьміч працягвае рубрыку артыкулам «Колер як катэгорыя паэтыкі: мадэль і функцыянаванне ў структуры апавядання на матэрыяле творчасці беларускіх пісьменнікаў Вячаслава Адамчыка і Івана Пташнікава». У публікацыі паказваецца, як у літаратуры актыўна выкарыстоўваюцца мастацка-эстэтычныя магчымасці колеравай гамы. Без гэтага элемента паэтыкі, як пераконвае аўтар, немагчымы ўспрыманне і пабудова прастора-часавых адносін у творы. Колер — элемент, які фарміруе наша ўяўленне, стварае ў свядомасці патрэбны малюнак, каб, урэшце, апісанне склалася ў нешта жыццёвае. 

Міхал Бараноўскі ў «Эпісталярыі Максіма Багдановіча» раскрывае вядомыя і новыя старонкі ліставання класіка нацыянальнага Адраджэння, адзначае прысутныя ў Зборы твораў купюры. У працэсе росшукаў і аналітыкі аўтар дзеліць матэрыялы на шэсць груп, у выглядзе якіх яны і прапаноўваюцца чытачу. 

Нумарам нагадвае пра два юбілеі ў гэтым годзе. Эмануіл Іофе ў публікацыі «Яго называлі „літаратуразнаўцам ад Бога“», прысвечанай Івану Замоціну, расказвае пра постаць вядомага навукоўца ды яго незайздросны лёс. Прыводзяцца ўспаміны студэнтаў, якія вучыліся ў выдатнага настаўніка і захапляліся ім. Юбіляр быў паліглотам — ведаў восем замежных моў: англійскую, грэчаскую, чэшскую, лацінскую, нямецкую, польскую, сербскую і французскую. 

Мікола Мікуліч артыкулам «Дай, паэзія, меч прамяністы...» віншуе з юбілеем літаратара мінулага стагоддзя Піліпа Пестрака. Ва ўзнаўленні біяграфіі і аглядзе творчасці паказваецца «гісторыя складанага чалавечага лёсу паэта-рэвалюцыянера», аўтара прозы, адзначанай Дзяржаўнай прэміяй, асноўнымі арыенцірамі якога былі праўда, мэта, праца, шлях, вольнасць, шчасце. 

Памяці суседа і сябра Алеся Жука прысвечана публікацыя «На чым трымаецца жыццё» Зіновія Прыгодзіча. Герой гэтых успамінаў паўстае чалавекам, які «выдатна разумеў сваю пісьменніцкую місію», валодаў высокім майстэрствам у стварэнні прозы, умеў гаварыць дакладна і проста пра важнае, выхоўваў у чытача душэўную чысціню вядомымі аповесцямі — «адточваў» сумленне. 

Алесь Карлюкевіч дзеліцца разважаннямі на тэму «Чытаючы краязнаўчыя манаграфіі» на прыкладзе дзвюх кніг Святланы Кошур — «Зямля карэліцкая і яе славутыя людзі» (2009), «Край запаветных мрояў» (2020). Адчуваецца захапленне натхнёнасцю і плённасцю аўтара кніг, а таксама апісанымі ў іх мясцінамі. Навідавоку краязнаўчая абазнанасць А. Карлюкевіча: ён не толькі добра ведае кнігі, але і цікавіцца ўражаннямі блогераў. Калі тыя прызнаюцца, што Карэлічы — нецікавыя мясціны, рэцэнзент абураецца, выкрываючы такую павярхоўнасць. 

Апісаны С. Кошур рэгіён цікавы «гушчынёй» прысутнасці там літаратараў XIX ст., таму А. Карлюкевіч адзначае вялікі патэнцыял краязнаўчай публіцыстыкі ў справе ўмацавання гістарычнай памяці пра нематэрыяльную спадчыну. Але ва ўражаннях згаданага блогера вінаватыя мы самі, паколькі інфармацыі пра культурнае жыццё недастаткова, у сувязі з чым, лічыць рэцэнзент, «час асабліва патрабуе арганізацыйных захадаў у мемарыялізацыі розных аб’ектаў». 

Валерый Максімовіч у рэцэнзіі «Беларусы ў ХІХ стагоддзі: ад „іншага“ — да сябе» расказвае пра манаграфію аўтара гэтых радкоў «Абліччы Іншага ў шматмоўнай літаратуры Беларусі XIX стагоддзя» (2022). Яна прысвечана мастацкавобразнаму асэнсаванню прадстаўнікоў іншых народаў, культур і веравызнанняў. Рэцэнзент прызнаецца, што з першых радкоў быў зацікаўлены і нават заінтрыгаваны, а пасля — назіраў удалае балансаванне на «хісткай, няўстойлівай глебе, якую ўяўляюць сабой пачэрпнутыя з мастацкіх (і не толькі) твораў выказванні пра блізкага і далёкага Іншага, вядома, не заўсёды пазітыўныя». 

Не засталося незаўважаным імкненне наблізіць у кнізе вузкую сферу літаратуразнаўчай навукі да жыцця чалавека, дзе заўсёды ёсць месца стасункам з Іншым, якім з’яўляецца адзін чалавек для другога. Адзначана ў рэцэнзіі і тое, як у выданні суадносяцца змены ў асобе са зменамі ў грамадстве, у тым ліку і на ўзроўні нацыятварэння. В. Максімовіч запэўнівае чытача ў магчымасці атрымання інтэлектуальнай асалоды ад кнігі, цікавай шырокаму колу. 

Раман Сэрвач у рэцэнзіі «Прыцягненне прасветленасці» знаёміць чытача з кнігай «Зігзагі лёсу» (2017) Уладзіміра Васько. У гэтым выданні пісьменнік расказвае пра цікавыя старонкі сваёй біяграфіі, пераконваючы, што «кожнае жыццё цікавейшае за іншы раман». У назве рэцэнзіі гучыць адсылка да зборніка паэзіі «Прасветленасць» У. Васько, выдадзенага ў 1981 г. Р. Сэрвач акцэнтуе ўвагу на займальных старонках знаёмства аўтара кнігі з Максімам Танкам і ўдзел гэтага выдатнага паэта і чалавека ў выданні згаданага зборніка. Падобныя кнігі — арыгінальня з’ява, прызначаная знаёміць нас з людзьмі і часам, у які яны жылі, а таксама выяўляць стаўленне да гэтых асоб і гэтага часу ды пачуванне чалавека ў ім. 

Наталля БАХАНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.